Кузьма Чорный - Выбраныя творы стр 32.

Шрифт
Фон

— Я сам вам абзавуся, — сказаў сумна Кастусь Лукашэвіч, і Нявада пайшоў з прыгнечанай душой. Але ў Сумлічы ўвайсці яму не можна было. Усюды стаялі паліцэйскія вартавыя, мястэчка было абкружана, і па хатах хадзілі і шукалі зброю. Няваду запынілі на дарозе і грозна запыталі, ці не ведае ён, дзе тыя, што не варочаюцца ў мястэчка і збіраюць зброю. «Не ведаю, каб я так жыў», — так схлусіў ён і таму, што хлусіў, закалаціўся, заныў, спалохаўся.

— А дзе ты быў? — запытаў паліцай.

— Я хадзіў глядзець ягад, можа, ёсць.

— Ягадак захацеў.

— Не, якія там мне ягады.

— Бач ты, ласунчык на ягадкі! Франт з падстрыжанаю бародкаю, — здзекаваўся з Нявады нейкі тутэйшы хамула ў форме нямецкага паліцэйскага. У Нявады ўсё сціснулася ўсярэдзіне. Быццам бы ён праглынуў жывую жабу і яна ў ім жыве і скача, халодная.

— Я пайду, — сказаў Нявада.

— Ідзі, ідзі, — дазволіў вялы хамула, дробна міргаючы вачыма на сонцы. — Калі табе так хочацца, дык ідзі, толькі не азірайся, хэ-хэ-хэ…

Нявада ўгнуў плечы ад гэтага рогату і рушыў у мястэчка. Яму вельмі хацелася азірнуцца, але ён баяўся. Ён ад утрапення і сам не ўсвядомліваў сабе, што паліцай пратрымаў яго на дарозе даволі-такі доўга. Яго здзівіла цішыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакінулі сваё жытло. Калі ён дайшоў да свае старое хаты, заўважыў, што ў ёй і каля яе пануе страшнае маўчанне. Пячаць пустэльні ляжала тут вельмі выразна. З вушачнага лежака над сенечнымі дзвярыма на нітачцы павуціння вісеў драбнюткі павучок і то спускаўся да самага нізу дзвярэй, то зноў паднімаўся.

— Што ты дарогу загарадзіў! Паскудства! — буркнуў Нявада і парваў плячом павуцінне, уваходзячы ў сенцы. Божа! Тут усё стаіць дагары нагамі, нават сіні куфар ляжыць бокам і века ў ім адламана. У хаце тапчан адсунены ад сцяны, і на ім чамусьці жмуты кудзелі. Няваду больш узнепакоіла агульная сумліцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Нідзе ні душы, як вымерла ўсё. Гадзін са дзве ён чакаў, і ніхто не з’яўляўся. Тым часам і дзень хіліўся з паўдня. Узнепакоены, Нявада пайшоў па хатах, ён не хадзіў, а кідаўся з хаты ў хату — і нікога нідзе. Так ён прамучыўся да захаду сонца. А тады, як п’яны, паклыбаў у свой дом. У гэтыя хвіліны ён быў як атупелы. Бяды навалілася на яго гэтулькі, што ён не бачыў ужо ні канца, ні пачатку ў ёй. У двары свайго дома ён застаў паліцэйскіх. Яны сядзелі на лаўцы пад клёнам і моцна гаварылі. Яшчэ калі ён толькі ўвайшоў у двор, ён пачуў, ці гэта яму толькі здалося, што паліцыянты гавораць паміж сабою пра Паліводскага. Нейкая трывога кальнула яго; уражаны, ён пачаў прыслухоўвацца, сцішыўшы хаду да ганка.

— Ты чаго? Хто ты? — сказаў адзін паліцэйскі.

— Як хто? Я гаспадар гэтага дома.

— То чаго ты ходзіш тут, калі ты гаспадар. Тут цяпер гаспадар герман!

І паліцыянт зарагатаў.

— Я іду ўзяць з хаты сваю старую вопратку, — прыдумаў ён што сказаць і ўвайшоў у дом. Дзеля прыклёпу ён там і сапраўды сцягнуў з печы нейкую адзежыну і выйшаў з ёю на ганак. Паліцыянты сапраўды-такі гаварылі пра Паліводскага.

— Дурань ты! — крычаў адзін другому, — гэта не той Паліводскі. Таго немцы не паставілі б за такога вялікага начальніка, бо ён не немец. Той жа з нашай стараны. Маёнтак таго быў якраз каля нашага сяла, дык я таго ведаю, я яго бачыў маладога яшчэ, калі ён толькі адзеўся ў афіцэрскую форму.

— Дык гэта той самы і ёсць! Бо і я яго ведаў, як ён толькі адзеўся ў афіцэрскую форму. Каля вас быў у яго адзін маёнтак, а ў нашай старане два. Яго бацька жыў якраз каля нас у маёнтку, а не каля вас. Цяпер я дома быў, яшчэ ў паліцаі не падаваўся, на тым тыдні, дык ён прыехаў тыя свае два маёнткі паглядзець. Дзве машыны. У адной сам, а ў другой аўтаматчыкі. Доўга не быў. Закруціўся, прабег свіным трухам каля саду і назад шмаргануў. Там ужо і знаку няма, што гэта быў маёнтак. Хаты стаяць, капуста і садавіна, і дзеці гуляюць. А ён сам у цывільнай адзежы, але жалезны крыж мае і значок нейкі на рукаве.

— Дык якую ж ён пасаду займае?

— Якую — не ведаю, але вельмі вялікую. Бо пры ім такая ахова вялікая…

— Не можа быць! Ён жа не немец!

— А можа ён для Нямеччыны больш зрабіў, як які-небудзь немец! На, глядзі! Вось надрукована: «прысутнічаў грамадзянскі»… не… Ды хіба ты не ведаеш, што Паліводскі начальнік вобласці, начальнік усёй грамадзянскай улады цэлай вобласці.

— Дурань ты, я гэта ведаю, але толькі не верыў, што гэта той самы Паліводскі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора