Кузьма Чорный - Выбраныя творы стр 31.

Шрифт
Фон

— Дзяўчынка ты мая, дачушка.

Яна бачыла: прыйшла часіна такая, што нават такі аўтарытэт, як родны бацька, перайначыўся, і рукі яго дрыжэлі, калі ён трымаў яе плечы. Сама не свая, яна ішла назад той сцежкаю праз паплавы і ўбачыла, што брама таго дома, дзе яна радзілася і вырасла, адчынена і ў двары там поўна людзей, і ніводнага знаёмага твару. Сэрца яе заныла: там, перад вокнамі, на круглай градцы, раслі два кусты ружовага кракосу, якія яна садзіла і палівала.

Больш яна ўжо не падыдзе да іх! Каб не гэты кракос, можа яна і не адчула б усяго, што сталася. Калі яна паспрабавала расказаць мацеры, што бачыла дома чужых людзей, маці ёй сказала:

— На нас вялікая напасць: нашага тату лічаць не тым, хто ён ёсць: ён жабы ніколі сумысля не забіў, а думаюць, што ён набраў сабе войска і камандуе ім. Наш дом займае пад пастой паліцыя. Цяпер тата дадому не паткнецца. Ідзі зноў да яго і раскажы гэта яму.

— Я сам пайду! — быццам раззлаваны чым, абазваўся Нявада.

Твар яго быў белы, і плечы калаціліся. Здавалася, што яго ўразіла громам і ён праз цуд астаўся жывы. Нейкі ўскудлачаны, з дробнаю падстрыжанаю бародкаю, у нязменным сваім вылінялым і пазацыроўваным плашчы і высокіх ботах, ён, як вецер, рушыў з хаты. Ліза ледзь паспела гукнуць яму наўздагон:

— У Драчым Лужку! Спяшайся. Бо надвечар іх ужо там не будзе!

На вуліцы было многа людзей: сумлічане варочаліся дахаты. Гэта спадабалася Няваду і дало яму больш спакою. Хоць і кульгаючы, але вельмі шпарка, даляцеў ён да Драчага Лужка. Кастуся ён знайшоў у заклапочаным небыце. Не зважаючы на гарачае надвор’е, ён стаяў у суконнай жакетцы і курыў, высокі, танклявы паводле росту, з рыжаватым шчаціннем з тыдзень няголенай барады.

— Ну што? — спаткаў ён нават як бы няветліва Няваду.

Нявада расчырванеўся тварам і, як пачаў гаварыць, закашляўся, і на адным воку ў яго бліснула сляза — ад хвалявання ці ад ветру.

— Костусь, я прыйшоў, каб параіцца з табою. Цяпер стаіць справа так, што трэба дбаць як мага аб тым, што каб жыццё захаваць дзеля таго, што прыйдзе пасля, дзеля будучыні, не мае, не, я ўжо стары, а дзеля твае дачкі Лізаветы. Яна ж стаіць напроці свайго веку. Люты звер, што сеў цяпер жалезным азадкам на галаву нашу, не вытрымае век-вечны. Дык хто ж тады будзе жыць, калі жыццё змарнуецца? Чалавеку жыццё раз даецца.

— Дык жа жыць не даюць! Але да чаго гэта ты ўсё гаворыш?!

— Я не гавару, я раюся. Як лепш зрабіць? Можа, каб ты прыціх дзе, каб пра цябе і куры не пяялі, і так доўгі, доўгі час, аж пакуль забудуцца ўсе, што ты ёсць, ці быў на свеце, а тады ўсё мінецца на свеце, і зноў жыць! Жыцця не ўхаваеш — сам толькі на сябе ў апошнюю хвілю наракацьмеш. Ты ціхом можаш ад усіх жыць, і ўсе пра цябе забудуць. А ты будзеш чакаць прыходу спакою і радасці для твае Лізы. Ці памятаеш ты, як было Волечцы, калі ты застаў яе адну ў хаце? Бо калі натурыцца, то ты адзін ці вас хоць тысяча збярэцца, цяжка парадзіць што. Бо гэта жалезны звер! Я на дарозе бачыў, як толькі дзіцячыя косці трашчалі пад жалезным колам. Божа мой, Божа мой, нявіннае дзіцячае вока глядзіць на жалезнае кола і ведае, што над колам чалавечая галава. А галава кіруе кола на дзіця, і трэск дзіцячага чэрапа так страсяне чалавечую душу, што яна павек-вечны спакою мець не будзе, пакуль смерць не выветрыць яе з цела і яна стане нічым. У маіх вушах стаіць трэск дзіцячых касцей, хоць нада мною ціхае неба ў зорах і захад датлявае спакоем, і ціхая ноч стаіць як шчасце маё, што я сам з сабою…

— Не рві ты мае душы! — панура і злосна абазваўся Костусь Лукашэвіч. — Каб ты не зачапіў мне сэрца, можа б я і паслухаў цябе. Бо я нават лаяцца не мог, а ні тое каб… Ці гэта мая натура такая, што конча мне трэба бадзяцца тут… Здаецца б, зараз пацалаваў бы сваю малую Лізавету ў ногі і за гэтую пакуту маю нямецкімі галовамі выбрукаваў бы дарогу, па якой яна ішла б у свой шчаслівы дом… Давёў ты мяне да слёз, стары. Я цябе не паслухаю. Я не паверу табе, што будзе ціхае чаканне…

— Што ціхае чаканне! А так да чаго ты дойдзеш?! У тваім доме ўжо асталёўваюцца паліцаі.

— Дык няхай не будзе ні дома, але ж не будзе і паліцаяў! Многа іх?

— Я іх не бачыў.

— Я дрэвы садзіў, і яны раслі разам са мною! Каля твае старое хаты я быў клён пасадзіў. Дык як жа я пакіну іх, каб яны былі, а мяне не будзе! Мне ж жыць не даюць. Дык у мяне кіпіць усё ў душы. Мне хочацца рваць яго на кавалкі за тое, што ён прыйшоў да мяне і хапіў мяне за горла!

Нявада выслухаў і прыгнуўся, быццам бы пераскочыць праз што хацеў.

— Дык хоць дзе ты будзеш, дзе шукаць цябе? І што рабіць Волечцы і Лізавеце?

— Няхай пабудуць у старой хаце.

Нявада занадта добра ведаў Лукашэвічаву натуру, каб не бачыць цяпер, што можа хіба толькі калі пасля льга будзе ўцягнуць яго ў ціхае чаканне таго добрага, што прыйдзе.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора