Дзяўчынка прысела каля стала, пад якім стаялі дзве вялікія гаспадарчыя сумкі, упакаваныя на заўтра. Пад рукой прыемна захрабусцела новенькая слюда. Вось якім падарункам бабуля будзе радая — квятасты летні халат, кітайскія пухнатыя пантофлі... Дзіўна: у бабулі свая хата, свой агарод, а яны вязуць ёй з Мінску гуркі, памідоры, клубніцы... Няўжо бабуля нічога гэтага яшчэ не пакаштавала? Нашто тады агарод? Ці ў травені гэта яшчэ не паспявае?..
Дадумаць ёй не даў бацька, які, пагаварыўшы па тэлефоне, зноў з'явіўся на кухні.
— Вылезь зпад стала! — загадаў ён зусім іншым голасам.
Аксана паслухалася, прысела на табурэт, апусціла галаву, убачыла на правым калене, пазаўчора абадраным, чорную засохлую скарыначку, паспрабавала скалупнуць яе пазногцем.
— За адну хвіліну ты ўмудрылася схлусіць мне тройчы,— марудна расцягваючы словы, пачаў бацька.— Ты адключыла тэлефон і не прызналася. Ты не адпрошвалася ў завуча. Ты не сказала, што мяне заўтра выклікаюць у школу... Што гэта за запіска?! — не ў сілах больш стрымлівацца, усклікнуў бацька.
Скарыначка скалупнулася, і Аксана, не падымаючы галавы, пагладжвала бледнаружовы след на тым месцы.
— Я чакаю. І пакінь у спакоі калена!
— Запіска? — Аксана падняла на бацьку бязвінныя сінія вочы.— Ты пра якую запіску?
— Перастань! А што, іх было некалькі? Запіска, якую ты паклала ў класны журнал настаўніцы замежнай мовы!
— А, гэтая. А чаму яна абзываецца?
— Хто? Запіска, настаўніца?
— Настаўніца.
— Як яна абзываецца?
— Так. Увесь клас не вывучыў на памяць словы, і яна ўсім пачала ставіць двойкі, і нікому нічога не казала, і толькі мне, ставячы, сказала: «Камукаму, а табе, Гамола Аксана, трэба зубрыць дзень і ноч!»
— Ну і што тут такога? Правільна сказала!
— Як ты не разумееш? Значыць, я горшая за ўсіх? Я ведаю, яна не любіць мяне. Прыдзіраецца. Яна заўсёды гаворыць: «Камукаму, а табе...»
— Лухта нейкая,— бацька прыклаў да шчок далоні, быццам яму раптоўна забалелі зубы.
— Так, яна лічыць мяне горшаю за ўсіх,— упарта паўтарыла дзяўчынка.— Бо я непрыгожая. Бо ў мяне бацька... — яна хацела сказаць «бедны», але, зірнуўшы на бацьку, пашкадавала яго,— небагаты. Бо ў мяне няма маці...
Гэта быў забаронены прыём. Бацька перастаў церці шчокі, падышоў да падаконніка, пабарабаніў па ім пальцамі, паглядзеў у акно.
— Лухта... Пры чым тут горшая, непрыгожая... — прамармытаў ён, стоячы да дачкі спіною. У яго голасе не засталося і следу строгасці, а была толькі разгубленасць.— Ніякая ты не горшая... Ну, і далей? Настаўніца абазвалася, а ты што?
— А я напісала на паперцы: «Калі вы не перастанеце гаварыць адной вучаніцы ўвесь час «камукаму, а табе...», заўтра ваш сын будзе выкрадзены. І вам давядзецца выкупляць яго за мільён даляраў». І падпісалася — «Невядомы».
Бацька, нібы яму зноў схапіліся балець зубы, прыцмокнуў языком, пацёр скроні: