Андрэй Федарэнка - Смута стр 32.

Шрифт
Фон

— Ёсць Бог, хай Бог за мяне і помсціць, — не вельмі ўпэўнена сказаў Холад. — Хай сам разбіраецца, ці трэба гэтая помста ўвогуле.

— Калі — не кажу Бог, а нешта і ёсць, дык чаму ты не дапускаеш, што і помоціць гэтае нешта будзе тваімі рукамі?

— Казуістыка нейкая... Ты лепш скажы — Бог ёсць?

Замест адказу Навумаў разліў рэшткі. Надыходзіў той перыяд «застолля», калі попел з цыгарэтаў збіваецца проста на аб'едкі; абое не разлічылі і, выпіўшы ўсё даволі хутка, добра пап'янелі.

— Дык ёсць? — не адчэпліваўся Холад, выпіўшы і «закуюваючы» зацяжкамі.

— Чытай, хлопчык, Льва Шэстава, і ўсё зразумееш...

— А як ты мне растлумачыш, што я сніў сон пра кветні на магіле, пайшоў на магілу і знайшоў іх? («Вось пра гэтае лепш было б памаўчаць», — ляніва зрабіў сам сабе заўвагу Холад.)

— Што табе гэта дало?

— Нічога! Але глядзі, раз ёсць гэта ўсё... што не можна растлумачыць, значыць, ёсць Бог!

— Спраўджваюцца мільёны сноў. I раней было шмат такога, звязанага з псіхікай, што не маглі растлумачыць, а потым лёгка тлумачылі. Я ўпэўнены, што добры псіхіятр раскладзе твой сон па палічках, расшыфруе, прывядзе тысячы аналагічных выпадкаў: мала хворым сніцца, што нехта памірае, і пасля так і аказваецца, калі сніцца, дзе шукаць згубленую рэч...

— Усё роўна аднекуль жа гэтыя прадчуванні бяруцца? — не здаваўся Холад.

— Ну, а мне што да гэтага? Ты рэалына пакажы... — Навумаў схапіў парожні графін і пакруціў перад Холадам. — Вось графін — зрабі зараз так, каб ён знік! Тады я ў нешта паверу! — Ён падняўся, хістаючыся, падышоў да акна і расчыніў фортку. — Сны твае, бабы... Лухта, слухаць не хачу! Прыйшоў скардзіцца — баба нейкая яго кінула... Па мне, хай перадурэюць яны тут усе! Я табе казаў, што ў яе на ілбе напісаяа, хто яна такая? Казаў? I я, адукаваны чалавек, інтэлігентны, разумны, вымушаны разьменьвацца на такія тэмы! Я ў Амерыцы ўжо ведаеш кім быў бы? Можа, журналістам! Прафесарам! А я, у трыццаць сем гадоў, лысы ўжо, жыву на бал-ко-не... I я павінен верыць у нейкую маральнасць, у нейкага Бога?!

Ён пацёр лысіну і ціха папрасіў:

— Астанься ў мяне начаваць.

Але неяк сумна зрабілася пасля яго прамовы, і Холаду расхацелася і слухаць, і гаварыць сваё. Цвяроза неяк зрабілася. Ён пачаў збірацца і, як ні ўпрошваў Лёня, пайшоў дадому, у сваю хатку.

ЁН нават не заўважыў, што ложак у хатцы быў засланы не так, як быў; лёг і заснуў адразу мёртвым сном.

У адной газеце было напісана, што для таго, каб быць шчаслівым, ніколі не трэба гаварыць сабе слова «калі б». Вось гэтае «калі б» і труціла Адаму Шкапічу лічы што ўсё жыццё.

«Калі б я не быў калекам, усё было б цудоўна».

Якая б непрыемнасць з ім ні здаралася, ён адразу перабольшваў, слабеў і вярэдзіў сабе душу вечнымі «калі б я зрабіў тое ці тое», ці «лепш я не рабіў бы таго й таго», даводзячы сябе да такога пакаяння, з якім не параўноўваўся самы вялікі ягоны грэх.

Так было і гэтым разам, калі Шікапіч пасварыўся з жонкаю. Пасля сваркі ён пайшоў спаць на кухню (у іх была аднапакаёвая кватэра), трохі паляжаў на раскладанцы, адчуваючы, як мулка, холадна, а потым пайшло само сабой заўсёднае: «Калі б я быў разумнейшы, я спаў бы зараз з жонкаю, усё было б добра. Калі б я не чапаў, не звяртаў увагі на фотакарткі, усё было б добра». I яму, трыццацігадоваму чалавеку, палезла ў галаву маладушная, заўсёдная ў слабых, пакрыўджаных людзей лухта — жаданне памерці і нарадзіцца зноў, зусім іншым, шкадаванне свайго нікому не патрэбнага жыцця, перабольшанае замілаванне бацькам з маткаю, як адзіных у свеце людзей, што любяць яго...

Сварка была самая банальная і высмактаная з пальца. Увечары, пасля праграмы «Час», Шкапіч узяў з паліцы кніжку, і з яе выпала фотакартка — вушасты, нос бульбінаю, сувязісцік першага года службы. «Люблю, кахаю. Твой Арцень Холад. 1985, Масква». Жонка, якая зайшла з кухні і ўбачыла, войкнула і фальшыва — яны ўсе ў такія хвіліны робяцца фальшывымі — засмяялася:

— А, гэта Арцень — помніш, я табе расказвала? Даўно збіраюся напісаць яму, што выйшла замуж... Парваць? Я і забылася ўжо...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке