Відаць, лэдзі Кастэлан пад уладай сваіх пачуццяў не думала пра тое, што можа здарыцца, таму не дзіўна, што, калі ўсё адкрылася, яна перапалохалася да смерці. Як і большасць жанчын яе кола, яна надта не клапацілася пра сваіх дзяцей, але страціць іх не хацела. Цяжка сказаць, ці кахала яна свайго мужа, але, ведаючы яе характар, можна меркаваць, што была далёка неабыякавая да багацця і думкі свецкага кола. У новым жа жыцці нічога лепшага не прадбачылася. Яна траціла ўсё: шыкоўны дом на Карлтан-Хаўс-Тэрас, свецкае кола, сваё імя. Бацька не мог яе забяспечыць, а палюбоўнік і сам не меў заробку. І яна скарылася перад патрабаваннямі сям'і. Яе можна зразумець.
Пакуль я разважаў так, Лоў расказваў далей:
- Я даўмецца не мог, як звязацца з лэдзі Кастэлан. А тут яшчэ і імя гэтага чалавека мне не вядомае. Але як бы там ні было, я, калі вярнуўся ў Англію, напісаў ёй. Растлумачыў, хто я такі, і паведаміў, што прывёз ёй лісты і партабак ад чалавека, які нядаўна памёр у маёй акрузе. Лісты, дадаў я, неабходна ўручыць асабіста. Я баяўся, што яна мне зусім не адкажа ці падашле свайго паверанага. Але яна адказала. І запрасіла да сябе ў дванаццаць гадзін. Ведаю, што смешна, але скажу шчыра, я хваляваўся, як хлапчук, калі пераступіў парог яе дома і мая рука дакранулася да званка. Дзверы адчыніў дварэцкі. Я сказаў, што лэдзі Кастэлан чакае мяне. Швейцар узяў мой капялюш і паліто і правёў мяне ў вялікую гасцёўню.
- Зараз паведамлю, што вы тут, - сказаў дварэцкі.
Ён пайшоў, а я сеў на краёк крэсла і агледзеў пакой. Па сценах віселі карціны - усё больш партрэты, - чые, не ведаю, мабыць, Рэйнальда ці Рамнея, усходні фарфор, пазалочаныя кансолі, люстры. Сярод усяго гэтага я адчуваў сябе такім бездапаможным, такім нікчэмным. Пах камфары ад майго гарнітура напаўняў пакой, дрэнна адпрасаваныя штаны на каленях тапырыліся, гальштук быў залішне яркі. Неўзабаве з'явіўся дварэцкі і запрасіў мяне ў другі пакой. Ён адчыніў дзверы насупраць тых, праз якія мы ўвайшлі, і я апынуўся ў пакоі, меншым за першы, але такім жа шыкоўным. У канцы пакоя ля каміна стаяла жанчына. Яна зірнула на мяне, калі я ўвайшоў, і кіўнула. Я пайшоў да яе праз пакой, пры гэтым адчуваў сябе страшэнна нязграбным, баяўся, каб не наляцець на мэблю. Адна ўцеха - мабыць, я не выглядаў такім дурным, якім сябе адчуваў. Сесці мне не прапанавалі.
- Вы нешта прывезлі мне. Міла з вашага боку.
Яна не ўсміхнулася. Была стрыманая, ацэньвала мяне. Шчыра кажучы, я раззлаваўся. Каму прыемна, калі цябе разглядаюць, быццам ты ў шафёры прыйшоў наймацца.
- Ці варта пра гэта гаварыць. Гэта мой абавязак, - суха сказаў я.
- Вы прынеслі з сабой тое, што павінны мне перадаць?
Я моўчкі расчыніў партфель і выцягнуў лісты. Яна таксама моўчкі ўзяла іх. Твар яе пад касметыкай збялеў, але выраз не змяніўся. Я зірнуў на яе рукі, яны ледзь прыкметна задрыжэлі. Але тут жа яна прымусіла сябе супакоіцца.
- Выбачайце, - раптам спахапілася яна, - я забылася прапанаваць вам крэсла. Сядайце, калі ласка.
Я сеў. Імгненне яна не ведала, што рабіць. Пісьмы яна яшчэ трымала ў руках. Ведаючы, што ў іх, я спрабаваў уявіць сабе яе душэўны стан. Яна нічым сябе не выдала. Каля каміна стаяў пісьмовы стол. Яна выцягнула шуфлядку і паклала туды лісты. Потым села насупраць мяне і прапанавала запаліць. Тады я працягнуў ёй партабак, які дагэтуль ляжаў у мяне ў кішэні.
- Я павінен перадаць вам яшчэ і гэта.
Яна ўзяла партабак і пачала моўчкі яго разглядаць.
Я чакаў і не ведаў, што цяпер рабіць: пайсці ці застацца.
- Вы сябравалі з Джэкам? - раптам спыталася яна.
- Не, - адказаў я. - Я ўбачыў яго ўпершыню, калі ён быў мёртвы.
- Я не ведала да вашай цыдулкі, што ён памёр. Мы не падтрымлівалі аніякіх адносін. Сябравалі, але шмат гадоў таму.
Я не ведаў, што і думаць. Ці то яна лічыла, што я лістоў не чытаў, ці то забылася, што ў іх. У тое імгненне, калі яна ўбачыла пісьмы, у душы яе нешта зварухнулася, але яна імгненна саўладала з сабой і цяпер размаўляла амаль абыякава.
- Чаму ён памёр?
- Голад, сухоты, опіум, - адказаў я.
- Які жах! - сказала яна менавіта тое, што звычайна гавораць у такіх выпадках. Можа, на сэрцы ў яе што і было, але яна не збіралася адкрывацца перада мною. Яна засталася халоднай як лёд. Я бачыў, а можа, мне толькі здалося, што яна сочыць за мною, узброеная сваёй праніклівасцю. Яна хацела даведацца, вядома мне што-небудзь ці не. Думаю, яна многа б аддала, каб ведаць пэўна.