- Цікава!
- Я не ведаў, што і рабіць. Напісаць лэдзі Кастэлан і ўсё ёй растлумачыць? Бадай, паставіш яе ў няёмкае становішча. Тым больш што воля нябожчыка - перадаць пісьмы асабіста. Я загарнуў іх, як былі, і схаваў у сейф. Вясной мы збіраліся ў адпачынак, і я вырашыў адкласці справу да таго часу. Лісты гэтыя, бачыце, у нейкай ступені кампраметавалі лэдзі Кастэлан.
- Мякка кажучы, - усміхнулася Бі. - Яны цалкам выкрывалі яе.
- Я думаю, гэта нас не датычыцца, - сказаў Лоў.
Тут яны пачалі спрачацца. Хоць ён толькі рабіў выгляд, што супраць. Ён выдатна разумеў, што наўрад ці захавае належную сціпласць службовай асобы, калі яго жонка пачне расказваць мне пра ўсё. Яна мела зуб супраць лэдзі Кастэлан, таму не клапацілася аб яе рэпутацыі. Яна была на баку мужчыны. Лоў, як толькі мог, стараўся змякчыць яе меркаванні. Ён спыняў яе, калі яна перабольшвала. Ён казаў, што яна пачынае фантазіраваць і вычытала ў лістах больш, чым там напісана. Місіс Лоў трымалася сваёй думкі. Лісты, безумоўна, яе вельмі ўзрушылі. Такім чынам, яе апавяданне і папраўкі містэра Лоў далі мне нейкае ўяўленне, што ўсё ж такі ў тых пісьмах напісана. Адно бясспрэчна - змест быў вельмі чуллівы.
- Шчыра скажу, глядзець было брыдка на Бі, калі яна ўпівалася лістамі.
- Выдатныя пісьмы! Ты мне такіх ніколі не пісаў.
- Ты першая назвала б мяне ідыётам, калі б я табе так напісаў, - усміхнуўся ён.
- Мабыць, і так. Але я без памяці кахала цябе. Бог ведае чаму.
Паступова ўсё пачало высвятляцца. Аўтар лістоў, таямнічы Дж., відаць, дробны служачы з міністэрства замежных спраў, безумоўна, пакахаў лэдзі Кастэлан, і яна адказала яму тым жа. Першыя пісьмы палюбоўнікаў былі ласкавыя і пяшчотныя. Яны цешыліся шчасцем, верылі, што каханне іх працягнецца вечна. Не паспявалі яны расстацца, як ён тут жа браўся за пяро. Ён пісаў ёй, што вельмі кахае яе, што яна ў яго адзіная на свеце. Кожную хвіліну ён думаў аб ёй. Яе пачуцці, здавалася, былі такія ж моцныя: у адным з лістоў ён апраўдваўся, што не змог прыйсці туды, дзе яны меліся сустрэцца. Ён ужо збіраўся быў ехаць, але нечакана даручылі тэрміновую работу, ён так пакутаваў.
І раптам - удар. Лорд Кастэлан пра ўсё дазнаўся. Як, якім чынам - можна было толькі меркаваць. Ён не проста падазраваў сваю жонку ў здрадзе, у яго былі доказы. Яны сур'ёзна пасварыліся, і яна вярнулася ў дом сваіх бацькоў. Лорд Кастэлан паведаміў, што збіраецца пачаць справу аб скасаванні шлюбу. Змест і тон лістоў адразу змяніліся. Дж. хацеў неадкладна сустрэцца, яна ж прасіла больш не прыходзіць. Бацька супраць іх сустрэч. Дж. месца сабе не знаходзіў, што яна, няшчасная, пакутуе з-за яго, ён вельмі шкадаваў яе, ведаў, што дома ёй нясоладка, бацькі ж вельмі раззлаваліся. Але ў той жа час адчувалася, што ён задаволены тым, што здарылася. Нічога на свеце яго не турбавала, акрамя яго кахання. Ён пісаў, што ставіцца з пагардай да Кастэлана. Хай сабе пачынае працэс. Чым раней яна будзе свабодная, тым хутчэй яны пажэняцца.
У пакунку былі толькі яго лісты, ад яе - ніводнага. Пра тое, што пісала яна, можна даведацца толькі па яго адказах. Відаць, яна страшэнна перапалохалася, і ён ніяк не мог яе супакоіць. Яму, мабыць, давядзецца пайсці з міністэрства замежных спраў. Ён запэўніваў, што гэта для яго дробязь. Можна знайсці работу ў калоніях, там больш заробіш. Ён быў упэўнены, што яна будзе з ім шчаслівая. Вядома, без скандалу не абысціся, але неўзабаве ўсё забудзецца. А далёка ад Англіі пра іх ніхто і не даведаецца. Трэба толькі трымаць сябе ў руках. У яе лістах, мабыць, з'явіліся ноткі незадавальнення. Яе вельмі непакоіла думка аб скасаванні шлюбу. Кастэлан адмовіўся ўзяць віну на сябе і быць на судзе адказчыкам. А яна наўрад ці пагадзіцца пакінуць Лондан, тут - усё яе жыццё. Яна не збіралася пахаваць сябе ў нейкім глухім закутку на краі свету. Па яго адказах адчувалася, што ён вельмі пакутаваў. Ён абяцаў усё, што яна пажадае. Заклікаў яе кахаць, як і раней. Траціў розум, што яна з-за няшчасця становіцца халоднай. Лэдзі Кастэлан дакарала яго, а ён і не абараняўся. Сапраўды, ён вінаваты ва ўсім. І раптам бы мільгануў прамень надзеі. Нехта невядомы пагаварыў з Кастэланам, і той пагадзіўся пайсці на міравую. Яна паведаміла Дж., той быў у адчаі. Адказ яго гучаў няскладна. Ён вельмі прасіў яе не траціць мужнасці, хацеў зноў сустрэцца. Паўтараў, што яна для яго - усё на свеце. Ён баяўся, што бацькі і сябры будуць уплываць на яе, таму прапанаваў уцячы разам з ім у Парыж. Ён амаль звар'яцеў. Дзён колькі яна не адказвала яму. Ён месца сабе не знаходзіў. Думаў, што лісты яго яна проста не атрымлівала. Ён кідаўся, як загнаны звер. І раптам грымнуў гром. Яна напісала, што, калі ён звольніцца з пасады і пакіне Англію, муж згодзіцца дараваць ёй і зноў пусціць яе ў дом. Сэрца яго разбілася.
- Ён так і не раскусіў яе, - сказала місіс Лоў.
- А ці было што раскусваць? - спытаўся я.
- Вы не ведаеце, што пісала яму яна, не? А я ведаю.
- Лухта ўсё гэта, Бі. Ну як ты можаш ведаць?
- Ніякая не лухта. Ведаю лепш чым хто! Лэдзі Кастэлан усё пакідала вырашаць яму, заклікаючы да яго велікадушнасці. А сама ў той жа час пісала яму пра бацьку з маці, пра дзяцей, пра якіх, я ўпэўнена, яна ўспомніла першы раз з таго дня, як яны нарадзіліся. Яна ведала, ён кахае яе так моцна, што дзеля яе шчасця згодны на ўсё, нават на разлуку з ёю, здольны ахвяраваць усім: каханнем, жыццём, кар'ерай. І ён пайшоў на ўсё - яна прымусіла. Яна зрабіла так, што ён не толькі ўсё сам прапанаваў, але яшчэ і ўгаворваў яе.
Я слухаў місіс Лоў з усмешкай, але вельмі ўважліва. Сама жанчына, яна інстынктыўна адчувала, як у такіх абставінах паводзіць сябе кожная кабета. Яна з гневам і абурэннем гаварыла пра лэдзі Кастэлан, аднак на яе месцы - і яна гэта выразна адчувала - паводзіла б сябе гэтак жа. Бясспрэчна, яе разважанні - толькі здагадкі, заснаваныя на лістах Дж., але, думаю, тут ёсць доля праўды.
На гэтым перапіска скончылася.
Я шчыра здзівіўся. Я ведаў лэдзі Кастэлан даўно, праўда, не вельмі блізка. Мужа яе - яшчэ менш. Ён займаўся палітыкай і да таго, як адбыўся той самы прыём у лэдзі Кастэлан, куды запрасілі мяне і Лоў, быў ужо таварышам міністра ўнутраных спраў. Мы сустракаліся толькі ў яго дома. Лэдзі Кастэлан усе лічылі прыгажуняй. Выдатная постаць, цудоўная скура, шырока расстаўленыя вялікія блакітныя вочы, раскошныя бялявыя валасы. Яна выдатна валодала сабой, ніколі не забывалася на пачуццё ўласнай годнасці. Здавалася проста неверагодным, што такая жанчына можа паддацца моцнаму пачуццю, пра якое сведчаць гэтыя лісты. Яна была славалюбная і, безумоўна, спрыяла таму, каб муж прасоўваўся па службе. Я лічыў, яна наўрад ці можа зрабіць што-небудзь неразважліва. Я, праўда, усё ж такі ўспомніў, што гадоў колькі таму хадзілі чуткі, што ў Кастэланаў нешта не ладзіцца, аднак падрабязнасцей я не помню. Больш таго, кожны раз, калі я сустракаў гэтую пару, здавалася, што ў іх усё цудоўна. Кастэлан быў высокі мужчына з чырвоным тварам, чорнымі, заўсёды акуратна прычасанымі валасамі, гучнагалосы, вясёлы і ветлівы, але з маленькімі хітрымі вочкамі, якія за ўсім сачылі і ўсё прыкмячалі. Ён быў працавіты, выдатны прамоўца, але гаварыў ён залішне напышліва. Ён занадта многа думаў пра сябе. І ніколі не дазваляў вам забыцца, што ён чалавек вядомы і багаты. Людзям, што стаялі ніжэй за яго, ён звычайна патураў.
Мяне не здзівіла, што сувязь яго жонкі са сціплым клеркам з міністэрства замежных спраў страшэнна раззлавала яго. Бацька лэдзі Кастэлан шмат гадоў быў нязменным таварышам міністра замежных спраў. Якая ганьба - разводзіцца з жонкаю з-за падначаленага яе бацькі! Кастэлан, мабыць, кахаў сваю жонку і таму, натуральна, мог раўнаваць яе. Але ён быў горды і не меў пачуцця гумару. Ён баяўся, што з яго будуць кпіць. А ў ролі ашуканага мужа цяжка захоўваць уласную годнасць. Не думаю, што ён пагадзіўся б учыніць скандал, які б мог сапсаваць яго кар'еру. Мабыць, сябры лэдзі Кастэлан паведамілі яму, што яна ўзяла на суд абаронцу. І перспектыва перамываць брудную бялізну на людзях палохала яго. Відаць, яго пераканалі, што лепш за ўсё дараваць жонцы, дазволіць ёй вярнуцца, калі, безумоўна, яе палюбоўнік назаўсёды знікне. І лэдзі Кастэлан пагадзілася з гэтым.
Яна, бясспрэчна, набралася страху. Я не ганю яе так строга, як місіс Лоў. Яна была тады вельмі маладая, ёй і цяпер яшчэ не больш за трыццаць пяць. Хто цяпер можа давесці, як так здарылася, што яна стала палюбоўніцай Дж.? Я лічу, каханне заспела яе неспадзеўкі і яна заблыталася, не паспела нават зразумець, што здарылася. Яна і ў той час, думаю, была такой жа стрыманай і ўмела валодаць сабой. Але менавіта з такіх людзей прырода часам кпіць. Бясспрэчна, у яе галава пайшла кругам. Але як Кастэлан пра ўсё даведаўся - загадка. Адно відавочна, што яна забылася на ўсялякую асцярожнасць, калі не знішчыла пісьмы каханага. Артур Лоў дзівіўся, чаму ў пакунку былі не яе, а яго лісты. Я думаю, гэта не цяжка растлумачыць. Калі ўсё высветлілася, яна паслала яму тыя лісты, што былі ў яе, і запатрабавала свае. А ён, зразумела, бярог іх, часам перачытваў, яны зноў і зноў нагадвалі яму тыя дні кахання, якія ён ніколі не забудзе.