Моэм Уильям Сомерсет - Апавяданні стр 57.

Шрифт
Фон

- Яго сябра ўцёк з палону, цяпер ён у Швейцарыі. І вось напісаў ліст. Прыйшоў сёння раніцай. Палонныя ў лагеры паднялі бунт: іх там марылі голадам. Завадатараў расстралялі. Сярод іх быў і П'ер.

Ганс маўчаў. П'ер, ён лічыў, атрымаў па заслугах. Яны там думаюць, што канцэнтрацыйны лагер ім курорт, ці што?

- Дай ёй апамятацца, - казала мадам Пер'е. - Калі супакоіцца, я з ёю пагавару. Я напішу табе, калі можна будзе зноў да нас прыехаць.

- Добра, я буду чакаць. Але вы мяне падтрымаеце, праўда?

- Абавязкова. Мы ж з мужам згодныя. Мы ўсё абмеркавалі, узважылі і вырашылі, што нам лепей прыняць тваю прапанову. Ён не дурань, мой муж, а ён кажа, што цяпер Францыю можа ўратаваць толькі саюз з немцамі. А ўжо, як бы там ні было, мне ты падабаешся. Я нават так мяркую, што ты будзеш лепшым мужам Анет, чым той настаўнік. Ды яшчэ дзіця ў вас будзе.

- Я хачу, каб быў хлопчык, - сказаў Ганс.

- Хлопчык і будзе, вось пабачыш. Я варажыла на кафейнай гушчы. І на картах таксама. Кожны раз адно: хлопчык.

- Каб не забыцца, тут вам газеты, - сказаў Ганс і павярнуў матацыкл, каб ехаць назад.

Ён даў ёй тры апошнія нумары «Пары суар». Стары Пер'е чытаў іх кожны вечар. Ён чытаў пра тое, што французам трэба цвяроза глядзець на факты, што яны павінны прызнаць «новы парадак», які Гітлер збіраецца ўсталяваць у Эўропе; ён чытаў, што нямецкія падводныя лодкі цяпер ва ўсіх морах, што генеральны штаб дэталёва распрацаваў план кампаніі, каб паставіць Англію на калені, і што амерыканцы кепска падрыхтаваліся, вельмі неаператыўныя і слабыя, каб дапамагчы Англіі. Ён чытаў, што Францыі трэба выкарыстаць самім богам пасланую магчымасць і аднавіць сваё пачэснае становішча ў новай Эўропе пры дапамозе нямецкага рэйха. І пісалі ўсё гэта не немцы, не, - самі французы. Пер'е ківаў галавой, чытаючы, што плутакраты і жыды будуць вынішчаны і просты народ Францыі возьме ўрэшце тое, што належыць яму па праву. Яны маюць рацыю, тыя разумныя людзі, якія тлумачаць, што Францыя - краіна земляробаў і яе апора - працавітыя фермеры. Ва ўсім гэтым ёсць сэнс. Так думаў стары Пер'е.

Неяк увечары пасля яды - прайшло ўжо дзесяць дзён, як яны дазналіся, што П'ера Гавэна няма, - мадам Пер'е, загадзя дамовіўшыся з мужам, сказала Анет:

- Я надоечы напісала Жану, каб ён заўтра да нас прыехаў.

- Дзякуй, што папярэдзілі. Я са свайго пакоя не выйду.

- Паслухай, дачка, не гавары глупства. Глядзі на ўсё цвяроза. П'ер памёр. Жан цябе кахае, хоча ажаніцца. Хлопец ён прыгожы. Любая дзяўчына ганарылася б такім мужам. Мы ж з бацькам не пацягнем фермы без яго. Ён абяцаў купіць на свае грошы трактар і плуг. Што было, тое было, забудзься пра гэта.

- Дарэмна ўсё, мама. Я раней зарабляла сабе на жыццё, зараблю і цяпер. Ён брыдкі, агідны чалавек. Каб магла, забіла б яго. Але мне мала яго смерці. Я хачу, каб ён пакутаваў так, як пакутую я. Здаецца, я і памру спакойна, калі змагу яго параніць гэтак балюча, як ён мяне.

- Што ты вярзеш, беднае дзіця.

- Слухайся мацеры, дачушка, - сказаў Пер'е. - Нас перамаглі, і цяпер трэба неяк прыстасоўвацца, наладжваць адносіны з пераможцамі. Мы разумнейшыя за іх, яшчэ невядома, хто выйграе. Францыя ўся наскрозь прагніла. Жыды і плутакраты - вось хто загубіў нашу краіну. Чытай газеты, сама сваім розумам дойдзеш.

- Я не веру ніводнаму слову ў гэтай газеце. Няўжо ты не разумееш, чаму ён іх табе цягне? Таму, што гэта здрадніцкая газета, яна прадалася немцам. Тыя, хто піша ў ёй, - здраднікі. Здраднікі! Божа літасцівы, дажыць бы мне да таго дня, калі раз'юшаны натоўп параздзірае іх на кавалкі! Іх купілі, купілі на нямецкія грошы. Падлюгі!

Мадам Пер'е страціла цярпенне.

- Чаго ты чапляешся да хлопца? Ну праўда, ён узяў цябе сілком. Ён быў п'яны, нічога не цяміў. Не ты першая, не ты апошняя, з кім гэта не здараецца. Ён жа тады ўдарыў твайго бацьку, з яго кроў лілася, як з параненага вепра, а ці ён злуецца?

- Гісторыя непрыемная, але я лічу за лепшае забыцца пра гэта, - сказаў Пер'е.

Анет пагардліва зарагатала.

- Табе б быць свяшчэннікам. Ты даруеш крыўдзіцелям з хрысціянскай цярплівасцю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке