Стейнбек Джон - Гронкі гневу стр 14.

Шрифт
Фон

Яно так, казалі арандатары, але ж зямля гэта наша. Мы абмерылі яе, мы ўзаралі цаліну. Мы нарадзіліся на ёй, на ёй гібелі, на ёй паміралі. Няхай зямля высілілася — усё роўна яна наша. Яна наша таму, што мы на ёй нарадзіліся, яе ўраблялі, на ёй паміралі. Вось што дае права ўладаць ёю, а не паперка з нейкімі там лічбамі.

Нам вельмі шкада, але мы што? Гэта ўсё яна — пачвара. У банку няма нічога чалавечага.

Яно так, але ж банк складаецца з людзей.

Не, вы памыляецеся, вы груба памыляецеся. Банк і людзі — розныя рэчы. Бывае, што людзям, кожнаму з іх, ненавісна тое, што робіць банк, і, аднак, банк робіць сваю справу. Паверце, банк — гэта нешта большае, чым людзі. Банк — пачвара. Ствараюць яго людзі, але ўправіцца з ім не могуць.

Арандатары абураліся: дзед тут ваяваў з індзейцамі, бацька знішчаў змеяў, змагаючыся за гэту зямлю. Можа, трэба знішчыць банкі — яны страшнейшыя за індзейцаў і змеяў. Можа, давядзецца ваяваць за сваю зямлю, як ваявалі нашы дзед і бацька.

І тут пачыналі ўжо абурацца агенты гаспадароў. Прыйдзецца вам ехаць адсюль.

Дык жа зямля гэтая наша, усклікалі арандатары. Мы…

Не, не ваша. Яна належыць банку-пачвары. Вам прыйдзецца ехаць.

Мы выйдзем са стрэльбамі, як дзед наш выходзіў насустрач індзейцам. Што тады?

Што ж — спачатку прыйдзе шэрыф, потым — войска. Калі ўчэпіцеся за свае ўчасткі — вы грабежнікі, а за стрэльбы возьмецеся — вы забойцы, і так і гэтак вы — злачынцы. Банк — пачвара, не чалавек, але можа прымусіць чалавека рабіць, што захоча.

А калі нам ісці, дык куды? І як мы пойдзем адсюль? У нас грошай няма.

Вельмі шкада, гаварылі агенты. Банка — уладальніка пяцідзесяці тысяч акраў — гэта не датычыць. Вы седзіце на зямлі, якая вам не належыць. Дзе-небудзь у іншых штатах вы, можа, увосень ноймецеся на збор бавоўны. Магчыма, атрымаеце дапамогу. А чаму б вам не падацца ў Каліфорнію? Там заўсёды ёсць праца і ніколі халадоў не бывае. Там варта толькі руку працягнуць — і рві апельсіны. У Каліфорніі заўсёды што-небудзь збіраюць — толькі працуй. Чаму б вам не перасяліцца туды? І агенты запускалі маторы і ад'язджалі.

Арандатары зноў апускаліся на кукішкі і вадзілі пруткамі па пыле, прыкідвалі, разважалі. Асмаленыя спёкай цёмныя твары, вылінялыя ад няшчаднага сонца вочы. Жанчыны асцярожна спускаліся з ганка і шлі да мужоў, за імі баязліва краліся дзеці, гатовыя ў любы момант пусціцца наўцёкі. Старэйшыя сыны садзіліся на кукішкі побач з бацькамі — гэта дае табе адчуванне, што ты ўжо мужчына. Крыху счакаўшы, жанчыны пыталіся: чаго ён прыязджаў?

Мужчыны на імгненне адрывалі позірк ад зямлі, і ў вачах у іх таіўся боль. Давядзецца ехаць адсюль. Трактар, упраўляючы — тут будзе ўсё, як на фабрыцы.

Куды ж мы паедзем? — пыталіся жанчыны.

Хто ж ведае? Хто ведае?

Жанчыны таропка і моўчкі вярталіся ў хаціны, гонячы перад сабой чародку дзяцей. Яны ведалі: калі мужчыну бярэ такая крыўда, такая роспач, ён можа сарваць злосць на дарагіх яму людзях. Яны пакідалі мужчын адных — няхай думаюць, няхай мяркуюць, дапамагаючы сабе чырканнем па пыле.

Неўзабаве арандатар азіраўся навокал — кідаў позірк на пастаўленую яшчэ дзесяць гадоў назад вадакачку з доўгай, як гусіная шыя, помпай; на калоду, на якой паклала галаву не адна сотня курэй; на плуг пад паветкай і на падвешаную да бэлькі кармушку ўласнага вынаходства.

А ў хаце жанчын абкружалі дзеці. Што ж мы рабіць будзем, мама? Куды мы цяпер?

Жанчыны адказвалі: ніхто яшчэ нічога не ведае. Ідзіце, гуляйце. Толькі да таты блізка не падыходзьце. А то ён можа і набіць вас, калі не ў пару падлезеце. І жанчыны зноў браліся за працу, але ні на момант не спускалі вачэй з мужоў, што сядзелі на кукішках у пыле, збянтэжаныя і апанаваныя трывожнымі думкамі.

Трактары ехалі па дарогах і збочвалі на палі — вялізныя машыны на гусенічным хаду. Яны паўзлі, як насякомыя, і, як насякомыя, былі неверагодна энергічныя. Яны паўзлі па зямлі — апускалі гусеніцы, каціліся па іх і падбіралі іх ззаду. Дызельныя маторы пафырквалі, калі працавалі ўхаластую, а калі трактары краналіся з месца, маторы ўзнімалі аглушальны роў, які паступова пераходзіў у аднастайны рокат. Жалезныя страшыдлы ўздымалі клубы пылу і, пратыкаючы іх сваімі тупымі рыламі, ішлі напрасткі па мясцовасці, удоўж і ўпоперак, скрозь агароджы, праз двары, ныралі ў яры і вынырвалі з іх, не адхіляліся ў бакі. Ім было няважна — ёсць дарога ці няма, яны самі пракладвалі сабе дарогу. Ім было ўсё хоць бы што — узгоркі, лагчыны, канавы, агароды, будынкі.

Чалавек на жалезным сядзенні не падобны быў на чалавечую істоту: рукавіцы, вялікія акуляры, гумавая маска ад пылу на носе і роце — ён здаваўся часткай гэтай махіны, робатам. Грукат цыліндраў разносіўся па ўсёй акрузе, пранізваў паветра і зямлю, і зямля і паветра адгукаліся гулам і здрыгаліся ў лад яму. Трактарыст не меў улады над машынай — яна ішла напрасткі, кроячы дзесяткі фермаў, і таксама напрасткі вярталася назад. Лёгкі перавод рычага — і гусеніцы павярнулі б убок, але рука трактарыста не магла перавесці рычаг, бо пачвара, што стварыла трактар і паслала яго сюды, завалодала рукамі трактарыста, яго мозгам, яго мускуламі, начапіла яму шоры, надзела наморднік — шорамі зацямніла яму розум, наморднікам прыглушыла словы, зацямніла свядомасць, прыглушыла пратэст. Ён не бачыў зямлі такой, якой яна была, не мог адчуць яе сапраўднага паху; ногі яго не разміналі камякоў гэтай зямлі, не адчувалі яе цеплыні, яе сілы. Ён сядзеў на жалезным сядзенні, ногі стаялі на жалезных педалях. Ён не мог ні падбадзёрваць, ні біць, ні лаяць, ні падганяць гэту жалезную сілу і таму не мог ні падбадзёрваць, ні біць, ні падганяць самога сябе. Гэтай зямлі ён не ведаў, не валодаў ёю, у яе не верыў, ні аб чым яе не прасіў. Калі кінутае ў зямлю зерне прарастала, яго гэта не тычылася. Калі маладыя атожылкі вялі ў засуху ці гінулі ад праліўных дажджоў, трактарыста гэта хвалявала так мала, як і сам трактар.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги