Што яны абодва падумалі раніцай, калі агледзелі адзін аднаго? Гэтая змрочная камера, бруд, збіты, змэнчаны чалавек з рукамі ў кайданах за спінай адкрывалі новаму вязню ўсю мізэрнасць становішча, у якім ён апынуўся. Першы вязень прыўзняўся на адным баку і пільна глядзеў на няпрошанага госця — на качку. Нейкі нязграбны дзяцюк, хударлявы, асабліва ў гэтым зашырокім адзенні, і вочы дзівотныя, далібог, нейкі пацук... Уражанне ён выклікаў даволі кепскае. І калі глядзеў на чалавека на матрацы, вусны ў яго дрыжалі. Усю ноч яму давялося спаць на падлозе.
— Яны вас збілі? — сказаў ён.
— Здаецца! — адказаў першы.
Яны яшчэ не паспелі як след прызвычаіцца адзін да аднаго, як дзверы зноў адчынілся і да іх далучылі трэцяга. Гэта быў здаравенны бамбіза з чорнай конскаю грывай, што расла клінам з сярэдзіны лоба. Цяпер у абодвух узнікла аднолькавая думка: ужо гэты — пэўна качка!
Седзячы ўтрох у гэтым смуродлівым катуху, не надта раздольным нават і аднаму, яны вымушаны былі класціся адпачываць па чарзе. І тут было даволі цяжка аспрэчваць права на матрац у першага — з яго ранамі і заламанымі за спіну рукамі. Самы гаваркі быў Жазэф Калье. Першы ж адно сціскаў зубы: ці то ад болю, ці ад таго, што лічыў за лепшае адкусіць язык, ніж сказаць хоць слова. Бамбіза ўвесь час паўтараў, што трапіў сюды праз памылку. Яго звалі Дзюпаншэль. Мухі павесялелі — цяпер у іх стайні было ажно тры кані.
— Ну і смярдзіць жа тут, — казаў Жазэф, — проста жах, як смярдзіць!
«Праз памылку? Якую такую памылку? Калі ты патрыёт, памылкі быць немагчыма».
У такім месцы, як гэта, хутка страчваеш лік дням і начам. Міса ледзь цёплай вады, якую яны называюць «суп», кавалак хлеба, што трэба расцягваць аж на два дні, прыборка парашы — усё гэта не надта займае час. Але патроху размова наладзілася. Хоць усё па-ранейшаму гаварылася с асцярогай: праз качку. Жазэф быў электрык, Дзюпаншэль — памагаты ў мясніка. У першага вязня не ўдалося выведаць нават гэтага. Гаварыў ён, як пан. Але было нават смешна ўявіць, каб гэты нябога з абдзертаю скураю, аблеплены мухамі, мог быць на волі панам. Гэта быў светлы шатэн, гадоў каля сарака. Тонкія вусны, таўсматая шыя. Ён аброс нейкай плямістай, пярэстаю барадой. Гэтым ранкам з яго знялі наручнікі. Відаць, на пэўны час яны пакінулі надзею нешта з яго выцягнуць.
Такую надзею былі вымушаны пакінуць і Жазэф з Дзюпаншэлем, бо першы адно паціраў свае набраклыя запясці і з лютым выглядам паўтараў: «Я нічога ім не сказаў... я нічога ім не сказаў...» Сваім суседзям па камеры ён таксама не сказаў нічога — апроч таго, што завуць яго Андрэ Мэнар.
Усе ўтрох казалі, што іх узялі за палітыку. Можа, гэта і магло б быць падставай, каб не апасацца адзін аднаго. Але хто ж яго ведае?
Тым больш што Дзюпаншэль, ледзь не адразу, як яго прывялі, заявіў:
— Я б апошні свой грош аддаў, каб даведацца, што яны зрабілі з маёрам Арно.
Калье быў стрэляны верабей: у яго групоўцы ведалі, што маёр Арно, арыштаваны тры тыдні назад, быў акруговым начальнікам падпольнага войска. Але ён прыкінуўся дурнем і папрасіў растлумачыць яму ўсё гэта яшчэ раз. Трэцяга вязня, Мэнара, гэтая размова, здаецца, зусім не цікавіла, яму ставала клопату са сваімі пісягамі. «Чортава качка! Надта проста бярэш!»
Са старэйшым вязнем Калье быў вельмі ласкавы, вельмі ўважлівы. А даўгалыгі бамбіза, дык той наступаў на ногі, нібы вочы заплюшчыўшы. Было б няблага даведацца, да якіх арганізацый яны належаць. Жазэф, нібыта індзеец з племені сіў, самымі дзівотнымі выкрутамі стараўся вывудзіць хоць маленькую звестку. Але побач была качка. Дый хто яго ведае, можа, і сам Жазэф... Аднойчы ён сказаў:
— Хоць бы хутчэй яны там варушыліся! Прызначылі б свайго адваката, ці што. Сам усё адно цяпер не выбераш...
І якраз назаўтра Дзюпаншэля паклікаў яго адвакат.
— Ну і шэнціць табе! — пазайздросціў Жазэф.
— Ды ну — шэнціць, — азваўся той. — Я ж таксама не выбіраў.
Пакуль Дзюпаншэля не было, Жазэф паведаміў Мэнару:
— Не такі ён дурны... Так і гэтак — увесь час намякае, што ён, маўляў, з партыі... Думае, я не бачу, што проста ўбіваецца ў ласку...
Мэнар нічога не адказаў. Ён думаў, што качка хутчэй за ўсё — той даўгалыгі... Але ж і Жазэф... Можа, якраз ён і хоча даведацца... Той як пачуў:
— А я свайго адваката яшчэ нават не бачыў... Мяне дагэтуль трымалі ў адзіночцы.