На Пятра выдаўся зазімак — ды такі моцны, што тры дні не сходзіў снег. Тады пакалечылася многа авечак...
Зрэдку прыходзілі людзі з даліны. Іх абступалі, пытаючыся напярэймы:
— Што чуваць на сяле?
І, як дзеці, слухалі звычайныя апавяданні пра тое, колькі людзі насенавалі, што не ўрадзіла бульба, што кукуруза рэдкая, а Мачарнікова Ілена памерла.
Пасля ўсе разам пілі за здароўе скаціны, госці набіралі ў дзежкі брынзы і спакойна зноў спускаліся ў даліны.
Вечарамі каля стаі палалі вогнішчы. Аўчары скідалі з сябе вопратку і вытрасалі над імі вошай або, сабраўшыся разам, згаладалыя за лета па жанчынах, вялі бясконцыя салёныя размовы. Іх рогат перабіваў нават соннае сапенне скаціны.
Іван, перш чым класціся, клікаў да сябе Міколу, заўсёды пявучага і гаваркога:
— Міка!.. Хадзі ка мне, братка!..
— Пачакай, братка Івась, я зараз! — гукаў са стаі спузар, і ўжо адтуль далятала да Івана яго каламыйка:
Мікола быў сірата і вырас на паланіне. «Гадавалі мяне авечкі», — казаў ён пра сябе, прыгладжваючы непаслухмяныя кучары.
Управіўшыся з воглядкай, лажыўся спузар каля Івана, увесь чорны, прапахлы дымам, і бліскаў маладымі зубамі пры святле вогнішча.
Іван падсоўваўся бліжэй да яго, лавіў Міколу за шыю і прасіў:
— Раскажы, братка, казку якую-небудзь, ты іх багата ведаеш...
З чорнага неба капалі зоркі, і плыла па ім белай пенай нябесная рака. У далінах драмалі горы.
— Відаць, растуць, — казаў, нібы сам да сябе, Іван.
— Хто?
— Горы.
— Перш раслі, цяпер перасталі...
Мікола змаўкае, але потым дадае ціха:
— З першавеку не было гор, толькі вада... Такая вада, ну што мора без берагоў. Нават Бог хадзіў вадою. Але раз ён угледзеў, што на вадзе віруе шумавінне. «Хто ты ёсць?» — папытаўся. А яно кажа: «Не ведаю. Жывое, а хадзіць не магу». А гэта быў нячысцік. Бог пра яго не знаў, бо ён быў, як Бог, таксама з першавеку. Даў Бог яму рукі ды ногі, і ходзяць ужо разам абодва пабрацімы. От надакучыла ім усё па вадзе хадзіць, захацеў Бог зямлю зрабіць, а як дастаць з дна мора гліны — не даўмеецца, бо Бог усё ведаў на свеце, толькі нічога не ўмеў рабіць. А нячысцік меў спрыт да ўсяго, дык ён і кажа: «Я б туды нырцануў». — «Нырцані». Вось ён нырнуў на дно, нагроб у жменю гліны, а рэшту схаваў сабе ў рот. Узяў Бог гліну, рассеяў. «Больш няма?» — «Няма». Паблаславіў Бог тую зямлю, дый пачала яна расці. А тая, што ў роце сатаны, расце таксама. Расце ды расце, ужо і рот расперла, нельга яму дыхнуць, вочы на лоб лезуць. «Плюй!» — раіць Бог. Пачаў ён пляваць, і дзе толькі плюне, там вырастаюць горы, адна вышэйшая за другую, да самага неба даходзяць. Яны б і неба прабілі, каб Бог не закляў. З таго часу горы перасталі расці...
Дзіўна Івану, што такія прыгожыя горы, такія вясёлыя, а стварыў іх чорт.
— Расказвай, братка, далей, — просіць Іван, а Мікола зноў пачынае: