Андрэй Федарэнка - Дзікі Луг стр 15.

Шрифт
Фон

— Баліц!..

Вось так яно спрацавала, гэтае подлае, бязлітаснае, жорсткае да агіды правіла — не забывайся, хто ты ў гэтым свеце, не любі моцна, не прывязвайся да каго б ні было, не прывыкай, будзь заўсёды напагатове, каб не заспела знянацку, умей абараняцца, трымай пра запас усе варыянты — аж да самага горшага… А забудзеш, расслабішся, захочаш пазіраць на гэты свет шырока раскрытымі васільковымі вачыма — дык мы напомнім!..

Пераносілі гора Кулінічы мужна. Прынамсі, знешне. Толькі некаторыя новыя рысы ў іх паводзінах, характарах, звычках з’явіліся, і гэтае новае дзівіла.

Напрыклад, Махновачцы ўвесь час трэба было, каб у яе былі занятыя рукі. Даходзіла да таго, што — усё адно не спала — палола ўночы агарод, у цемры навобмацак аддзяляючы бульбоўнік ад зелля.

— Чаго ты зноў ноччу на градах? — злаваліся на яе.

— То я коціка шукала… Коцік у разору забег, мяўкае, — хлусіла яна, апраўдваючыся.

— Грэх так моцна перажываць! Яшчэ бяду на вёску наклічаш!..

Смерць сына выявіла не горшыя якасці Кулінічаў, а лепшыя. Іх пачало цягнуць да людзей, гэтым яны думалі выратавацца. Махновачка куды б ні шла, як убачыць каго на агародзе ці ў двары — бяжыць, спатыкаецца:

— Хоць трохі што памагу…

— Ідзі! — гналі яе. — Не трэба тваёй работы!

У Валі каля варот рос малады дуб. Прымак, каб паказаць сваю гаспадарскасць, пачаў з таго, што бензапілой яго зваліў, каб зрабіць новае шула. Абчасаў. Шнур нацёр вугалем, цвічком прыбіў, нацягнуў на струну, прыпадняў — шпок! — адбілася роўная чорная адмеціна, па якой можна дзяўбаць пазы. Кулініч здалёк угледзеў, ідзе, спяшаецца, нагой заграбае — усё ж такі пашкодзіў сякерай. У руцэ пешня, цягнецца па зямлі, як шчупакоў хвост.

— Куды ты йдзеш, куды? — сярдзіта крычыць прымак. — Чаго ты йдзеш, чаго?

— Памагац!

Яшчэ Махновачка палюбіла хадзіць у госці. Кожны вечар брала гасцінец і ішла да каго-небудзь. Дык бачылі праз акно, што яна ідзе, і ўцякалі, або зачыняліся, затойваліся, нібыта няма дома. Пайшла чутка, што яна ходзіць красці. І неяк так атрымалася, што пачалі зваць яе ўжо не Махновачка, а Махноўка, і разам з гэтым ласкавым суфіксам сапраўды як бы выпала, знікла абаяльнасць, а засталося толькі нешта ад нелюдзімага бацькі Махно.

Махноўка зразумела, што яе проста цураюцца, не хочуць, не любяць, калі прыйшла неяк да Валі, прынесла жоўтых гарбузовых семак дзеўкам.

— Знаеш што, — сказала Валя, — Пятра больш няма, не хадзіце сюды. Ні ты, ні Кулініч. Я цябе слухаць не хачу. А за тую ласяціну аддам як-небудзь… У мяне чалавек памёр, дык мяне ніхто не шкадаваў, майго гора ніхто не бачыў, а ў цябе ўжо такое гора, што толькі на руках насіць.

Аднойчы раніцай Махноўка сабралася і пайшла пехам за дзесяць кіламетраў у горад у царкву. Што там было, што яна ў каго прасіла, невядома, але вярнулася яна змененая, як бы аддаленая ад людзей.

Да яе душы цяпер дабрацца стала немагчыма. Ёй скажаш, дождж ідзе, яна ў адказ:

— Хай ідзе! — а вочы застылыя, нерухомыя.

— Селядцы ў магазін прывезлі…

— Хай вязуць.

— Сюзана Грышава дзевачку нарадзіла…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора