Суровая, але карысная школа дала нам магчымасць пазнаёміцца з многімі загадкамі Ціхага акіяна. Я думаю, што і ў фізічнай працы і пры рашэнні задач разумовых нам часта даводзілася паўтараць практыку першабытных людзей, якія з’явіліся на гэтыя астравы з невядомай краіны і палінезійскія патомкі якіх непадзельна панавалі над астраўным царствам, пакуль не з’явіліся еўрапейцы з бібліяй у адной руцэ і з порахам і гарэлкай у другой.
У той вечар мы сядзелі, як гэта часта бывала і раней, на беразе пры святле месяца, і акіян распасцілаўся перад намі. Пры такіх абставінах, поўных рамантыкі, усе нашы пачуцці былі абвостраны. Мы ўбіралі ў сябе водар буйной расліннасці джунгляў і салёны пах акіяна, мы чулі шапаценне ветру сярод лісця ў верхавінах пальмаў. Праз роўныя прамежкі часу ўсе гукі заглушаліся шумам бурунаў, якія ўзнімаліся проста перад намі, падалі, пенячыся, на бераг і разбіваліся на ўспененыя кругі ва ўзбярэжнай гальцы. Нейкі час сярод незлічонага мноства зіхатлівых у праменнях месяца каменьчыкаў чулася выццё, грукат і скрогат; потым усё зноў сціхла, калі акіян адступаў, каб сабрацца з сіламі для новага націску на непераможны бераг.
— Дзіўна, — сказала жонка, — але на тым баку вострава ніколі не бывае бурунаў.
— Так, — адказаў я, — але тут наветраны бераг; прыбой заўсёды бывае з гэтага боку.
Мы ўсё сядзелі і любаваліся акіянам, які, здавалася, вырашыў настойліва, без канца паўтараць нам, што ён коціць свае хвалі з усходу, усходу, усходу. Спрадвечны ўсходні вецер, пасат, узнімаючы хвалі на паверхні акіяна, каціў і каціў іх валы наперад; яны з’яўляліся з-за небасхілу з усходу і каціліся далей, да іншых астравоў. Тут перад намі хвалі акіяна, якія раней не сустракалі ніякіх перашкод, разбіваліся аб скалы і рыфы, між тым як усходні вецер проста падымаўся над берагам, лясамі і гарамі і без ніякай затрымкі ляцеў, як і дагэтуль, усё на захад, ад вострава да вострава, у той бок, дзе заходзіла сонца.
Так спрадвеку каціліся хвалі і плылі лёгкія воблакі з-за небасхілу з усходу. Першыя людзі, якія дабраліся да тутэйшых астравоў, добра ведалі, што гэта іменна так. Птушкі і насякомыя таксама ведалі, а на расліннасць астравоў гэтая акалічнасць мела рашаючы ўплыў. А самі мы ведалі, што далёка-далёка за небасхілам, на ўсходзе, адкуль з’яўляюцца воблакі, распасціраецца адкрыты бераг Паўднёвай Амерыкі. Ён знаходзіўся на адлегласці 4 300 марскіх міль, і паміж ім і намі не было нічога, апрача акіяна.
Мы глядзелі на воблакі, што праплывалі над намі, і на залітае святлом месяца ўсхваляванае мора і слухалі расказ амаль голага старога, які сядзеў на кукішках, пазіраючы ўніз на затухаючы жар маленькага вогнішча.
— Цікі, — роўным голасам гаварыў стары, — быў і богам і правадыром. Гэта Цікі прывёў маіх продкаў на астравы, на якіх мы цяпер жывём. Раней мы жылі ў вялікай краіне за морам.
Стары паварушыў кіем вуголле, каб не даць яму патухнуць. Ён сядзеў і думаў. Ён жыў у мінулым і быў моцна звязаны з ім. Ён пакланяўся сваім продкам і іх подзвігам тых далёкіх часоў, калі продкі былі багамі. А ў будучым ён спадзяваўся далучыцца да іх. Стары Тэі Тэтуа быў адзіным жывым прадстаўніком вымершых плямёнаў, якія раней насялялі ўсходні бераг вострава Фату-Хіва. Ён сам не ведаў, колькі яму год, але яго маршчыністая, быццам выдубленая карычневая скура мела такі выгляд, нібы яна сушылася на сонцы і ветры сотню гадоў. Ён быў, вядома, адным з нямногіх жыхароў гэтых астравоў, якія памяталі легендарныя расказы бацькоў і дзядоў пра вялікага палінезійскага правадыра — бога Цікі, сына сонца, і верылі ў іх.
Калі тою ноччу мы ляглі спаць у маленькай хаціне на палях, расказы старога Тэі Тэтуа аб Цікі і старажытнай радзіме астраўлян за акіянам неадступна стаялі ў маіх вушах пад акампанемент глухога выцця далёкага прыбою. Яны гучалі, як голас даўно мінулых дзён, які, здавалася, штосьці нашэптваў у начной цішыні. Я не мог заснуць. Час быццам перастаў існаваць, і Цікі са сваімі мараплаўцамі ўпершыню высаджваўся ў пене прыбою на бераг вострава. Раптам мне ў галаву прыйшла адна думка, і я сказаў жонцы:
— Слухай, ты звярнула ўвагу на тое, што вялізныя каменныя статуі Цікі наверсе ў джунглях на дзіва падобны на гіганцкія маналітныя помнікі знікшых цывілізацый у Паўднёвай Амерыцы?
Я быў упэўнены, што выццё буруноў пацвердзіла мае словы. А потым я паступова перастаў іх чуць і заснуў.
Напэўна, з гэтага ўсё і пачалося. Ва ўсякім разе, з гэтага пачаўся шэраг падзей, якія ўрэшце прывялі да таго, што шэсць чалавек і зялёны папугай адплылі на плыце ад берагоў Паўднёвай Амерыкі.
Я памятаю, як спалохаўся мой бацька і здзівіліся мая маці і сябры, калі, вярнуўшыся ў Нарвегію, я перадаў свае слоікі з насякомымі і рыбамі, што прывёз з Фату-Хівы, Заалагічнаму музею ўніверсітэта. Я вырашыў кінуць заалогію і ўзяцца за вывучэнне першабытных народаў. Мяне захапілі нераскрытыя таямніцы Паўднёвага мора. Павінна ж існаваць нейкае разумнае тлумачэнне іх — і я паставіў сабе на мэце вывучыць усё, што было вядома аб легендарным герою Цікі.
У наступныя гады буруны і напаўразбураныя помнікі ў джунглях былі для мяне чымсьці накшталт далёкага прывіднага сну, які з’яўляўся фонам і акампанементам да маіх заняткаў па вывучэнню плямён, што насялялі астравы Ціхага акіяна. Спробы зразумець думкі і паводзіны першабытных людзей толькі з дапамогай кніг і музейных калекцый, вядома, марны, але гэтак жа марна было б для сучаснага даследчыка старацца на ўласным вопыце зразумець усю прамудрасць, сабраную ў кнігах, якія займаюць усяго адну паліцу.
Навуковыя працы, хронікі эпохі першых даследаванняў, незлічоныя калекцыі ў музеях Еўропы і Амерыкі давалі багаты матэрыял, які мог дапамагчы у вырашэнні загадкі, што так цікавіла мяне. Пачынаючы з таго часу, як еўрапейцы, пасля адкрыцця Амерыкі, упершыню даплылі да астравоў Ціхага акіяна, вучоныя ўсіх спецыяльнасцей сабралі безліч фактаў аб жыхарах Паўднёвага мора і аб усіх народах, якія насялялі навакольныя краіны. Але думкі вучоных рэзка разыходзіліся і ў пытанні аб паходжанні гэтага адасобленага астраўнога насельніцтва і ў вызначэнні прычын, якімі можна было б растлумачыць той факт, што гэты тып людзей сустракаецца толькі на ізаляваных астравах ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.
Калі першыя еўрапейцы адважыліся, нарэшце, пераплыць найвялікшы з усіх акіянаў, яны былі здзіўлены, убачыўшы, што ў цэнтральнай частцы акіяна размешчана мноства маленькіх гарыстых астравоў і нізкіх каралавых рыфаў, аддзеленых адзін ад аднаго і ад усяго свету вялізнымі прасторамі вады. I кожны з гэтых астравоў быў заселены людзьмі, што прыйшлі туды раней за еўрапейцаў, — высокімі прыгожымі людзьмі, якія сустракалі іх на беразе з сабакамі, свіннямі і свойскімі птушкамі. Адкуль яны з’явіліся? Яны размаўлялі на мове, якой ніхто не ведаў. Еўрапейцы, бессаромна называючы сябе першаадкрывальнікамі гэтых астравоў, убачылі на іх апрацаваныя палі і вёскі з храмамі і хацінамі. На некаторых астравах былі нават знойдзены старажытныя піраміды, брукаваныя дарогі і высечаныя з каменя фігуры вышынёй з чатырохпавярховы дом. Але тлумачэння ўсіх гэтых таямніц не было. Што гэта за народ? Адкуль ён прыйшоў?
Можна з упэўненасцю сказаць, што адкáзаў на гэтыя пытанні было амаль столькі ж, колькі мелася прысвечаных ім прац. Спецыялісты розных галін навукі прапаноўвалі самыя разнастайныя рашэнні праблемы, але ўсе іх тэорыі не вытрымлівалі крытыкі вучоных, якія працавалі ў іншых галінах ведаў. Малайя, Індыя, Кітай, Японія, Аравія, Егіпет, Каўказ, Атлантыда, нават Германія і Нарвегія самым сур’ёзным чынам высоўваліся ў якасці радзімы палінезійцаў. Але кожны раз знаходзілася якое-небудзь пытанне рашаючага характару, што не магло быць вытлумачана новай тэорыяй, і ўсё збудаванне вучоных рассыпалася ў пыл.
А там, дзе спыняецца навуковае пазнанне, пачынае сваю работу фантазія. Таямнічыя маналіты на востраве Пасхі і ўсе іншыя помнікі невядомага паходжання, знойдзеныя на гэтым маленькім, адкрытым для ўсіх вятроў адзінокім востраве, які ляжыць на паўдарозе паміж бліжэйшымі астравамі і берагам Паўднёвай Амерыкі, далі пажыву для самых розных тэорый. Некаторыя даследчыкі звярнулі ўвагу на тое, што знаходкі на востраве Пасхі шмат чым нагадваюць помнікі дагістарычнай цывілізацыі Паўднёвай Амерыкі. Магчыма, калісьці паміж востравам і мацерыком існаваў мост з сухазем’я, які пазней апусціўся? Магчыма, востраў Пасхі і ўсе іншыя астравы Паўднёвага мора, на якіх мы знаходзім падобныя між сабой помнікі, з’яўляюцца рэшткамі кантынента, што знік пад вадой?
Гэтая тэорыя была шырока распаўсюджана сярод неспецыялістаў, але геолагі і іншыя вучоныя не надавалі ёй значэння. Больш таго, заолагі, на падставе вывучэння насякомых і малюскаў на астравах Паўднёвага мора, бясспрэчна даказалі, што на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва гэтыя астравы, як і ў нашы дні, былі зусім аддзелены адзін ад аднаго і ад навакольных мацерыкоў.
Такім чынам, мы дакладна ведаем, што продкі палінезійцаў калісьці, па сваёй ахвоце або ў выніку неабходнасці, прыплылі на гэтыя ізаляваныя астравы на нейкіх суднах па волі ветру або плыні. Больш уважлівае вывучэнне насельніцтва Паўднёвага мора дало ўсе падставы лічыць, што яно з’явілася тут усяго некалькі стагоддзяў таму назад. Хоць палінезійцы насяляюць астравы, раскіданыя па акіяну на плошчы ў чатыры разы большай за ўсю Еўропу, усё ж у іх мове не адбылося істотных змен на розных астравах. Тысячы міль аддзяляюць Гавайскія астравы на поўначы ад Новай Зеландыі на поўдні і астравы Самаа на захадзе ад вострава Пасхі на ўсходзе, аднак жыхары ўсіх гэтых астравоў гавораць на дыялектах адной агульнай мовы, якую мы называем палінезійскай. Пісьменнасці не існавала ні на адным з астравоў, калі не лічыць некалькіх драўляных таблічак з незразумелымі іерогліфамі, якія захавалі жыхары вострава Пасхі, хоць ні яны самі і ні адзін вучоны не маглі прачытаць іх. Але на астравах існавалі школы, і самым важным прадметам, які вывучалі ў іх, былі паэтычныя легенды, паколькі для палінезійцаў гісторыя з’яўлялася адначасова і рэлігіяй. Яны з павагай ставіліся да продкаў і пакланяліся сваім нябожчыкам-правадырам, першым сярод якіх быў Цікі, а пра самога Цікі гаварылі, што ён быў сынам сонца.
Амаль на кожным востраве мужчыны, якія навучаліся ў школе, маглі назваць без запінкі імёны ўсіх сваіх правадыроў, пачынаючы з часу першага засялення вострава. Часта, не давяраючы памяці, яны карысталіся складанай сістэмай вузлоў на пераплеценых вяроўках, як гэта рабілі калісьці індзейцы-інкі ў Перу. Сучасныя даследчыкі запісалі на розных астравах усе мясцовыя радаслоўныя і выявілі, што яны з выключнай дакладнасцю супадаюць як у імёнах, так і ў колькасці пакаленняў. Так было ўстаноўлена, — зыходзячы з разліку змены пакаленняў палінезійцаў у сярэднім кожныя 25 год, — што астравы Паўднёвага мора былі заселены каля 500 года нашай эры. Другая культурная хваля, якой адпавядала новая лінія правадыроў, дасягнула гэтых астравоў прыблізна ў 1 100 годзе, калі з’явіліся новыя, больш познія перасяленцы...