Даў Гіляры сваёй рабоце прытон і ў хату пасілкавацца пайшоў. Там сукала нема крычыць, тарарахкае. Пішчыць, што шляхта яму подмазкі шкадуе. Гасяць набіліцы ў дужых Альжыных руках. За ўсякім разам іхні стук незакітованыя шыбы адлічваюць ды лямпа пад сталом скіўнецца — той лік пацвердзіць. Не ўправіліся Змышлевічанкі за зіму з абрусамі ў елачку: на вясну іх пакінулі датыкаць. От гэтыя кросны сама больш і труцілі Гіляру свет. Забываўся ён на прымакоў, як толькі пачуе іх стук.
— Каб на вас заўшыца з вашаю работаю! — бубніў ён, у хату прыйшоўшы. — Не ўпыняцца! Як зіма, як лета… Хоць ты свае дамоўкі выракайся.
Так было таго дня. А на другі дзень прыйшло недалёкае заўтра, за заўтрам — паслязаўтра ды так многа іншых, не названых дзён следам. І от аднаго разу, як спаражнілі, за стол сеўшы, міску капусты ўсёю сям’ёю ды пакуль яе месца жоўтая, тлустая смажанка змяніла, пайшла ў Заблоцкіх пра шляхтаў гаворка.
— Недзе сягоння зараней Гіляры паехаў: яшчэ пастух авечкі не гнаў, — казала Прузына, адкалупляючы ад гаршка, кідаючы ў шырокую гліняную міску-чаропку смачныя цвярдыя прыгаркі. З прэлай, паварушанай смажанкі каціўся водар з парога ад прыпечка аж на самы кут за стол.
— Аднясі ты ім, Савоста, жалязняк, — толькі цяпер пра гэта ўспомніў Юстап, ды пад’ехала смажанка на гуляшчы стол, і на ўсё забыліся Заблоцкія.
На загароддзі паабапал сцежкі трава ў калена Савосту. Густая, купчастая, чакала яна касьбы. Ішоў па полудні Заблоччык ды жалезняком ссякаў белыя кветкі ў высокага кмену. Была адчынена фортка варот у Змышлевічавым таку, стукалі ў ім усярэдзіне набіліцы. Там у халадку Альжа датыкала ў елачку абрусы. І здалося Савосту, што ён недзе бачыў падобную. А лепш прыгледзеўся — успомніў, што яе сястру на ўсіх скрынках з цукеркамі малююць: у целе дзяўчына, белая такая — пшэнная і на шчоках па ружовай лапінцы. Альжын толькі нос хібіў — крыху не фасоністы мела: у пераносіцы, як долата, а самы канец у цвік сыходзіўся, а так яны з сястрою, як дзве кроплі вады.
— От вам ваш жалязняк, — кажа Савоста. — Дзякуй, што пазычылі.
Халаднавата, змрочна і вільготна было ў Змышлевічавым таку. Чуваць была сырая гліна. І не меў Савоста што болей дзяўчыне сказаць. Разглядаў шляхціцаў багатырскі ток. Шматавата засталося ў іх саломы ад зімы. Палавіна чвэрткі было занята ёю. Мякка, прасторна было таму спаць, чыя на старане ляжала пасцель.
— Гэта ты там спіш? — папытаўся Савоста, іншага нічога не меўшы сказаць.
— Я, — засмяялася Альжа.
Зноў збіўся з гаворкі Заблоччык.
— Адна? — пытаецца.
— Ці не збіраешся ты на вячоркі, часам, прыйсці?
Многа бялейшыя ёсць чырвоныя буракі, як тады зрабіўся Савоста.
— А што ты думала? — кажа.
— Гэта цябе там, у гарадскім, вучылі на вячоркі хадзіць? — пацвельвалася з яго Змышлевічанка. — Нядоўна прыехаў? — пыталася яна.
Было б прыцемна ў Змышлевічавым таку, халаднавата стаяць босымі нагамі на вільготнай сцаглянелай гліне, каб не прабіваліся праменьчыкі з ласкава прымружаных, кплівых дзяўчыніных вачэй. Новае, нязнанае сагрэла Савостаў чатырнаццаты год. Ды ні адсюль, ні адтуль хмару нагнала. Усё далей, вышай сунуўся змрок, а там і зусім зайшло сонца ў Змышлевічавым таку. Азірнуўся на двор Савоста: ажно з таей хмары ды баркаўскі шляхціц стаіць у варотах. Раней сягоння вярнуўся з Хлюпска.
— Ну як у самога акзамент? — пытае ў Савосты.
— Дрэнь… Зрэзаўся па праўдзе вам сказаць.
Ды гэта Гіляру і не надта цікава. Даўно ён ведаў, што так будзе. Дзе гэта відана, каб мужык…
— Годзе зубы выскаляць, — кажа на дачку. — Хадзем у свіран — работу дам.
Прывёз Гіляры свой помнік з мястэчка. Чорны, бліскучы, ляжаў ён на пярэклаці. Імя, прозвішча, па бацьку і калі радзіўся польскімі літарамі на ім выраблена было. Толькі калі памёр, майстар Гіляру не прыставіў, гладкае месца пакінуў на гэту рэч.