«Не купляйце толькі мясцовых піражкоў», — змрочна рагатнуў Шэрыф.
«Чаму?» — вяла пацікавіўся Слядак.
«Яны іншым разам бываюць з чалавечынай».
«Дарэчы, — спытаў ужо ў дзвярах Слядак, — а як гэта Імбэцыл здолеў уцячы?»
«Звычайна, праз сцяну. У „малпачніку“ кладка ў палову цагліны. Вось яны і праламалі лаз. Дадумаліся. Урэшце, траіх ужо злавілі, бо яны былі акальцаваныя».
Крэз сустрэў яго на парозе.
«Там вам жывое пасланне, — незадаволена і з сарказмам сказаў стары, кіўнуўшы на дзверы ў прыбудову. — Можаце зірнуць. Яна чакае ўжо з поўдня».
«Хто гэта — яна?» — неўразумела спытаў Слядак.
«Мне, на жаль, не даклалі. Дзяўчына. Яна сама, мяркую, раскажа».
Заінтрыгаваны Слядак адчыніў дзверы. Дзяўчына — мулатка на выгляд, але з вельмі светлай скурай ляжала на яго ложку. Яна не выказала ні страху, ні радасці, ні простай зацікаўленасці. У яе былі цёмныя простыя валасы, правільных рысаў тварык і электронны бранзалет на запясці левай рукі.
Слядак не згубіў пачуцця гумару.
«Вам што, толькі тут утульна?» — спытаў ён.
Яна лёгка падхапілася з ложка і стала перад ім. Стройная постаць, лёгкая сукенка вышэй за калені.
«Мяне прыслала Зара. Я застануся з вамі ноччу».
Нічога не выяўляючы позірк, пакорлівасць ва ўсім. Адна з рабынь Зары, жонкі забітага Зураба. Слядак адчуў, як яго ахоплівае прыступ раздражнення, але стрымаў сябе.
«Зара ведае, хто я?»
«Так, — кіўнула дзяўчына. — Больш-менш».
«І ведае, навошта я сюды прыбыў?»
Дзяўчына зноў, але няўпэўнена кіўнула ў адказ.
«І нават вырашыла, што мне патрэбна жанчына на ноч і даслала менавіта вас?»
«Я ні на што не хварэю, і ў мяне ёсць з сабой кантрацэптывы».
«А чым я буду абавязаны Зары за такую паслугу?»