Ён адразу скіраваў у пастарунак, дзе спадзяваўся знайсці Шэрыфа, і сапраўды, той быў там, але надзвычай пахмурны з выгляду. Шэрыф скептычна паслухаў пра малалетак, запісаў адрас дзяўчынкі і паабяцаў разабрацца.
«Дарэчы, — спытаў яго Слядак, — вы даўно наведвалі востраў?»
Шэрыф здзіўлена засычэў.
«Там балота і поўна гадзюк. Што я там згубіў?»
«У тым месцы лётаюць вялізныя птушкі».
«Так, нехта казаў мне, што тры чайкі пачалі там гнездавацца».
«Тры — а не чатыры?» — спытаў Слядак.
«А якая розніца?»
«Мяркую, розніца ёсць. Гняздуюцца ж заўсёды парамі. Іх там павінна быць дзве, чатыры ці шэсць».
«Справа ж вам да нейкіх чаек, — буркнуў Шэрыф і раптам дадаў: — Імбэцыл збёг».
«Ну і як яму гэта ўдалося?» — з ноткай здзеку пацікавіўся Слядак.
Шэрыф падхапіўся з месца і пачаў хадзіць туды-сюды па цеснай прасторы свайго кабінеціка, дзе ў куце грувасціўся сейф, а з другога боку стаялі стол з састарэлым тэлефаксам, графін з вадой і два крэслы. Твар яго набыў барвовае адценне.
«Як я вам даўно казаў, мне патрэбен талковы памочнік. У мяне два паліцыянты — два дурні з мясцовых, якія ні на што не вартыя. А псіхапаты калі-нікалі бываюць вельмі хітрыя».
«Ды чорт з ім, — сказаў Слядак. — Зловіце».
«Ён не акальцаваны. Без бранзалета. Тут нядаўна з завода нябожчыка Зураба збеглі тры жанчыны, ну з тых, каго з Мегаполіса выслалі на працоўнае перавыхаванне, як раней казалі — на „хімію“. Вы павінны даведацца: умовы на тым заводзіку горш чым рабскія. Прыбылых і наймітаў — тых, хто па дурасці нанімаўся на працу, каб не „зажмурыцца“ ад голаду, трымалі ў клетках, некаторых на ланцугах, усё гэта за трохметровай бетоннай агароджай. Там, дарэчы, жанчыны і працавалі. Потым спілавалі бранзалеты і ўцяклі. А без тых бранзалетаў злавіць уцекачоў вельмі цяжка. Нават якога-небудзь Імбэцыла».
«Іх так і не злавілі — тых жанчын?» — спытаў Слядак.
«Не. Пакуль. Зрэшты, я і не збіраюся высільвацца на гэтым напрамку. І пляваць мне на чыесьці загады», — сказаў як адсек Шэрыф.
«Вы не спрабавалі даведацца, па якіх артыкулах выслалі на прымусовую працу тых трох „хімічак“? — спытаў Слядак. — Хто яны такія: пахатніцы, падманшчыцы, клафеліншчыцы?»
«Не. Яны не з прыблатнёных».
«Вы запытвалі праз Сеціва?»
«Але. Іх увогуле няма ў картатэцы, што вельмі дзіўна».
«Так, — падвынікаваў Слядак, — мне варта пайсці падмацавацца і тое-сёе абдумаць».