Янка Брыль - Сірочы хлеб стр 9.

Шрифт
Фон

— Ну дык сядай і рысуй.

Так, рысаваць трэба ўсё ж такі лепш. «Спачатку лёгенька алоўкам, а тады пойдуць фарбы», — успамінае Сівы словы настаўніцы. Хлопец глядзіць на яблыка, на кляновыя лісты.

Як яны хораша жаўцеюць на іхнім клёне перад хатай! Непрыкметна адчэпліваюцца хвосцікам ад галінкі і асядаюць у бясшумным палёце, лажацца на пясок і на траву. Добра збіраць іх у пучкі, — маме, хлеб пячы, — добра ўглядацца на іх далікатныя жылкі або шалахцець па іх босымі нагамі… А яблыкі!.. Улетку Данік часта спаў у садку каля хаты, пад іхняй адзінай яблыняй белы наліў. З вечара ён доўга не мог заснуць, бо ўсё прыслухоўваўся, як яблыкі ападаюць у мяккую, глыбокую траву, як яны на ляту торкаюць, непакояць лісты і галінкі. Часта ён уставаў з-пад коўдры і, стоячы на каленях, мацаў навокал рукамі ў халоднай расе. Знойдзеш-абмацаеш яблык і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату!..

Той польскі хлопчык Янка-музыка і сам захацеў іграць. Змайстраваў сабе скрыпку з гонціны, начапіў драцяныя струны. Ды яна не хацела іграць так, як тая, што іграла ў карчме або ў панскім двары. I Янка вырашыў украсці сапраўдную скрыпку — у панскага лёкая. Яго злавілі. Нядошлага хлопчыка-сірату панскі суд у гміне прысудзіў да пакарання розгамі. Біў музыку гмінны вартаўнік, дурнаваты Стах, такі самы, відаць, як той Васіль, што трымаў калісьці Даніка, пакуль Палуянаў Павел ударыў яго кіем па галаве.

Пані Мар’я нешта ўсё піша ў журнале. Доўгія чорныя вейкі яе зусім прыкрылі вочы. Яна не бачыць Даніка, і вось ён зноў глядзіць на настаўніцу.

Янка-музыка крычаў: «Ма-ту-ля!» I пані Мар’я, чытаючы, неяк дзіўна вымаўляла гэтае слова. Тройчы. За першым разам яна сказала яго, потым спынілася і, заплюшчыўшы вочы, устрасянула галавой. А ўжо за трэцім разам у вачах яе паказаліся слёзы… Так, ён убачыў гэта, бо ён сядзіць якраз перад сталом…

Доўгія чорныя вейкі настаўніцы нечакана прыпадымаюцца. Вялікія карыя вочы яе глядзяць у шэрыя, ужо спалоханыя, вочы Даніка.

— Малец!

Сівы ўстае і чырванее. Ужо не толькі яна, а ўвесь клас — ён адчувае гэта — глядзіць на яго.

— Што ты зрабіў, пакажы!

Данік падае настаўніцы сшытак.

— Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец… Я пажартавала, што гультаі будуць есці лісты, — іх мы, магчыма, і на калені паставім. Як табе гэта падабаецца? Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы…

Пад смех усяго класа Данік садзіцца і пачынае маляваць. Ён кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай… Ды вось не клеіцца штосьці, не так выходзіць, як хочацца… Данікаў сусед па парце — Санька Сурновіч, хлопец з мястэчка. Яны ўжо трохі пасябравалі. У Санькі выходзіць зусім інакш. Бачыш, як захапіўся, — і галаву схіліў, і шчаку падпёр языком…

— Добжэ, Сурновіч, добжэ, — гаворыць пані Мар’я. Яна ўжо стаіць каля Санькі; схілілася над ім, усперлася рукой на парту. — Ты толькі, Сурновіч, лягчэй, не так рэзка. I не спяшайся. Дай мне пэндзаль. Падсунься трошкі.

Яна падсела да Санькі і ўжо малюе сама.

— Вось так, вось так, — прыгаворвае. — Што ж, прыйдзе час, наш Аляксандр Сурновіч будзе — хто ведае? — можа, Янам Матэйкам…

Усе смяюцца, а Санька шморгае носам і сарамліва апускае галаву.

— Ян Матэйка, дзеці, — гаворыць настаўніца, — гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы.

Данік падае ёй свой сшытак, кладучы яго на Санькава месца.

— О, што гэта — аладка з хвосцікам?

Усе смяюцца, а пані Мар’я бярэ ў Даніка яго пэндзлік, набірае чырвонай фарбы і пачынае папраўляць яго няшчаснае яблыка.

Ах, і чаму ж яна не сядзіць побач з ім, а з Санькам?! Данік глядзіць на белую, маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, «пад польку», астрыжаных валасоў. I ў душу яго само чамусьці просіцца слова «матуля», пачутае ад яе пазаўчора…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора