Янка Брыль - Сірочы хлеб стр 8.

Шрифт
Фон

А тут учора дзядзька Пятрусь прыслаў пісьмо і грошы. Вось табе і «не, дык не»! Абы толькі да вясны дацягнуць, а там, увосені, я табе, пане Цаба, не здрастуй, а ты мне не застуй!

Дзядзька Пятрусь, незнаёмы Даніку брат яго бацькі, — вельмі добры, відаць, і вельмі разумны чалавек. I ён, як калісьці Мікола, гаворыць, што Данікаў тата — герой. Каб паны не забілі яго на вайне ды каб ён жыў, ён быў бы таксама разумны і добры. А каб паноў не было і тут? Што ж, тады не было б і пана Цабы з яго школай і не сядзеў бы ў турме такі разумны, добры, смелы Мікола Кужалевіч… Ды ці адзін хіба Мікола!.. Данік успамінае, як плачуць бабы і дзеці, калі паліцыянты гоняць у пастарунак каго-небудзь з хлопцаў ці мужчын… А ўсё ж спяваюць у Галынцы песні супраць паноў, усё ж чакаюць прыходу таварышаў…

Тут на думку хлопцу ўзыходзіць, што школа ў мястэчку — таксама панская, як і ў Галынцы… «А ці добра, што я пайду туды, што я хачу вучыцца, хоць і па-польску? Што ж я — хачу панам Цабам зрабіцца?.. Ды дзядзька ж піша, каб я вучыўся! — успамінае ён з палёгкай. — У школе буду вучыцца па-польску, а дома — па-свойму. I буду шмат чытаць, буду такі разумны, як тата, як дзядзька Пятрусь, як Мікола!..»

Чацвёрты і пяты класы вучацца ў новым драўляным доме, насупраць якога, цераз плошчу, стаіць пастарунак.

Выхавацелька чацвёртага класа — пані Мар’я, або кіроўнічыха, як называюць яе вучні, — увайшла пасля пераменкі ў клас з вялікім пачкам чырванабокіх яблыкаў.

— Лісты кляновыя прынеслі? — спыталася яна.

— Прынеслі! Во якія! Во! — загаманілі вучні.

— А-ёй, навошта гэтак шмат? Я ж казала па два-тры, не больш.

Пані Мар’я гаворыць па-польску чыста, не так калечана, як пан Цаба.

— Але нічога, дзеці, — кажа яна. — Зробім так: кожная парта атрымае адно яблыка, паложыць некалькі лістоў, а на іх зверху — яблыка. Праўда, на кляновыя лісты яблыкі не падаюць, бо на клёнах яны не растуць, але гэта таксама нічога: гэта вельмі нагадвае восень, яе хараство. Дык пачынаем, дзеці. Не спяшайцеся. I кожны няхай памятае: хто нарысуе лепш, — з’есць яблыка, а хто палянуецца, — будзе есці лісты.

Сказала і засмяялася, а клас — за ёю. Якая яна добрая, вясёлая! Зусім не такая, як муж яе, пан кіроўнік, — нейкі маўклівы і нават страшнаваты. Дзяўчаткі дык тыя гавораць «наша Мар’я», як быццам яны любяць яе больш за хлопцаў. I ўсё падлашчваюцца, усё шчабечуць: «проша пані» ды «проша пані»!..

Як толькі ў класе ўсталявалася цішыня, пані Мар’я села за стол і дастала з шуфляды класны журнал. I вось гартае яго і нешта запісвае.

А Данік, які сядзіць на першай парце, насупраць стала, малюе, а сам усё глядзіць на кіроўнічыху, — то крадком цікне спадылба, а то, калі яна не бачыць гэтага, пазірае адкрыта.

Сёння дваццатае верасня. А Даніку здаецца, што толькі ўчора поп адслужыў ім у царкве малебен на добры пачатак школьнага года. Вучыцца весела, час ідзе хутка. Чаму ж, аднак, сёння яму не рысуецца?

Толькі і глядзеў бы, здаецца, на пані Мар’ю… Чаму? Найбольш, мусіць, за тое, што яна чытала ім пазаўчора.

Пазаўчора яна прынесла на ўрок польскай мовы маленькую кніжку і сказала: «Сёння мы прачытаем апавяданне выдатнага польскага пісьменніка Генрыха Сянкевіча пад назвай „Янка-музыка“».

За чатыры гады Данік — нават у пана Цабы, а найбольш дык сам, з кніжак, — навучыўся ўжо разумець па-польску амаль усё. Зрэшты, чытаючы, пані Мар’я растлумачвала ім паасобныя словы. I ўсё зразумела для іх, хоць у школе амаль адны беларускія дзеці з мястэчка і з навакольных вёсак. Дзеці яўрэйскіх крамнікаў, краўцоў, анучнікаў і кавалёў таксама лепш, чым па-польску, гавораць на беларускай мове. Вучняў-палякаў — зусім няшмат: сынкі і дачушкі «ўжэнднікаў» і паліцэйскіх, сем чалавек на ўвесь вялікі клас.

Усё зразумела Даніку яшчэ і таму, што ў апавяданні, якое чытала ім настаўніца, гаварылася пра такіх жа, як ён, дзяцей вясковай беднаты. Янка-музыка — польскі хлопец-пастушок, таксама сірата, а маці — батрачка, якіх недзе там, у Польшчы, называюць «каморніцамі». Музыка — гэта мянушка Янкі. Для яго ўсё іграла, — і лес, калі ён шуміць і звініць галасамі птушак, і луг, дзе ноччу кумкаюць жабы і крычаць драчы, і вёска, калі яна вясновай ноччу спявае-гамоніць спачатку дзявочымі песнямі, а потым — пераклічкаю пеўняў… Рэха іграла таксама. Ігралі на ветры нават і рагі вялікага сахарá, якім малы Янка растрасаў гной на панскім полі.

— Малец, устань!

Данік прахапіўся ад задумы і ўстаў.

— Ты чаму не рысуеш?

— Я рысую.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке