Упэўнены, што маючы больш грошай, неўзабаве здолею правесьці больш маштабную выведку. Я пераканаўся, што ў цяперашніх варунках у савецкай арміі ёсьць шмат незадаволеных уладамі, расчараваных і пакрыўджаных, што стварае прыдатны матэрыял для працы на шкоду Саветам.
Да гэтага далучаю:
1. Сьпіс краскомаў 8-й ПД.
2. Два загады камандзіра 8-й ПД Розэна.
3. Шэсьць загадаў камандзіра 21-га ПП Грыбава.
4. Два блянкі пасьведчаньняў, выдадзеных штабам 8-й ПД. Адзін зь іх выкарыстаны.
Агент 1З-б
Берасьце, 20 красавіка 1923 г.
Тосік пачынае мяне раздражняць. Ягоная абыякавасьць да найважнейшых пытаньняў мяне зьдзіўляе. Я другі дзень мяняю перакісам вадароду колер валасоў і броваў, а ён хоць бы словам спытаў, навошта я гэта раблю.
Ён таксама часам нэрвуецца. Але па-свойму — з каменным тварам. Я ведаю, што яму хочацца выпіць. Пару разоў ён заводзіў размову наконт сьняданку. Але я сказаў, што яшчэ зарана. Тады ён выказаўся «дыпляматычна», паціраючы далоні:
— Халера, такі холад!
— Ну дык пазвані.
Тост ажывіўся: падумаў, што я загадаю калідорнаму прынесьці гарэлкі і закускі. Але замест калідорнага ўвайшла пакаёўка.
— Вы званілі?
— Не. Мой сябар званіў.
— Але ж ты загадаў!
— Праўда што. Калі ласка, вытапіце печ як мае быць, мой сябар зьмёрз.
Пакаёўка, зьдзіўленая, паглядзела на нас і сказала: «Добра». На двары гэтым днём была сьпёка, а ў нумары так горача, што цяжка было дыхаць.
Я пачаў прымяраць акуляры. «Ліпавыя», натуральна, акуляры, бо вочы ў мяне як у ястраба. Але выглядаюць сымпатычна: тоўстыя шкельцы, салідная аправа, нікелевая. Яны цалкам зьмянілі выгляд майго твару. Гляджу ў люстра і сам сябе не пазнаю. Я вельмі ўсьцешыўся і пачаў рабіць розныя міны. Наўмысна рабіў гэта доўга — каб Тосік зрэагаваў. А ён доўгі час крытычна гэта назіраў, і ўрэшце азваўся:
— Круцішся, як сабака перад гаспадаром. Досыць ужо!
— Табе не падабаецца?
Тосік з захапленьнем пляснуў у ладкі і тоненька запішчаў: