1. Настроі салдатаў пэсымістычныя. Вайсковую службу ўважаюць за непазьбежнае зло. Да ўладаў і начальства ня маюць ані прыхільнасьці, ані даверу. Насупраць, адчуваецца зьнеахвочанасьць і крытыцызм. «Палітычныя» пытаньні салдатам ужо абрыдлі. Палітрукоў высьмейваюць і ненавідзяць. Салдаты абыякавыя да ўсяго. Я не заўважыў гэтак уласьцівых маладым салдатам жартаў і грубых досьціпаў. Яны панурыя, злыя, раздражнёныя. Мяркую, што гэта вынікае ня столькі зь зьнеахвочанасьці да вайсковай службы, колькі з агульнай прыгнечанасьці грамадзянаў Саветаў і з клопату пра роспачны лёс пакінутых сем’яў.
2. Што тычыцца вывучкі салдатаў, то лічу яе цалкам нездавальняючай. Інструктары ставяцца да службы легкадумна, а салдаты ўспрымаюць практыкаваньні як жаданьне ім дакучыць. Вайсковай дысцыпліны (у добрым значэньні гэтага слова) няма. Не відаць салдацкай бадзёрасьці, спрыту, добрай выпраўкі. Нават сяржанты выглядаюць як толькі што пераапранутыя ў вайсковыя мундзіры цывільныя. Ходзяць расхрыстаныя, млявыя, заспаныя.
3. Салдаты ўзброеныя старымі расейскімі вінтоўкамі. Я заўважыў, што пра зброю яны ня дбаюць. Бачыў шмат заржавелых карабінаў. Рамяні пераважна з тканіны… Дасьледаваць стан мабілізацыйных рэзэрваў дзеля нястачы часу ня змог.
4. На харчаваньне салдаты ня скардзяцца. Я нават заўважыў, што яны задаволеныя. Калі ўлічыць голад у вёсках і гарадох, дык гэта зразумела. Салдаты атрымліваюць штомесяц 7 рублёў заробку; афіцэры ад 60 рублёў і больш. Салдацкая ўніформа не аднолькавая — нават у адной роце. Некаторыя маюць прыстойныя мундзіры і боты, іншыя ходзяць у зношаных.
На другі дзень побыту ў Бабруйску мне ўдалося завесьці знаёмства з адным сяржантам, які служыць у штабе 8-й ПД. Даведаўшыся, што ён паходзіць з Растова-на-Доне, я зрабіў выгляд, што я яго зямляк і пазнаёміўся зь ім бліжэй. Запрасіў яго на самагонку, а пасьля, калі ён падпіў, прызнаўся яму: маўляў, я — член арганізацыі «Воля народу», якая змагаецца за зьмену ладу і ўсталяваньне сапраўднай свабоды. Ён цалкам мне паверыў, і нават папрасіў прыняць яго ў арганізацыю. Я зрабіў наступнае: даў яму трохі грошай і загадаў зрабіць падрабязны сьпіс афіцэраў 8-й ПД, бо арганізацыя хоча знайсьці сярод іх прыхільнікаў. Ён сказаў, што ахвотна гэта зробіць у штабе. Я сказаў, каб ён пазначыў крыжыкамі прозьвішчы афіцэраў, незадаволеных уладамі. Празь дзень Н. прынёс мне два загады штабу 8-й ПД, шэсьць загадаў камандзіра 21-га ПП і поўны сьпіс афіцэраў. Мяне зьдзівіла, што ён пазначыў крыжыкамі больш за 80 % афіцэраў. Аднак Н. пераконваў мяне, што гэта насамрэч «незадаволеныя». Празь дзень я разьвітаўся з Н., паабяцаўшы неўзабаве зь ім спаткацца. Н. уручыў мне ліст да земляка ў Менску, які служыць у 10-м ПП 4-ай Смаленскай дывізіі. Н. прасіў, каб я і яго прыняў у «Волю народу». З гэтага ліста я не скарыстаўся, бо маё заданьне не ўключала гарнізону г. Менску. Зрэшты, на далейшае пашырэньне шэрагаў «Волі народу» мне не хапіла грошай. Ад Н. я атрымаў таксама два чыстыя блянкі пасьведчаньняў, выдадзеных штабам 8-й ПД. Адзін я выкарыстаў.
На зваротным шляху, на вакзале ў Бярэзіне, я даведаўся, што там знаходзіцца камполк Грываў. Я ўбачыў, што ён гаворыць зь нейкім краскомам вышэйшага рангу. Наблізіўшыся да іх і ўдаючы, што чытаю «Красную Звезду», я падслухаў частку размовы. Я мяркую, што яна вельмі важная, і перадаю яе тут, наколькі памятаю:
ГРЫВАЎ: Рэарганізацыя Чырвонай арміі ў дадзены момант немагчымая.
КРАСКОМ: Я дакладна гэта ведаю. Праект ужо распрацаваны, але яго трымаюць у таямніцы.
ГРЫВАЎ: А чыя ідэя? Мусіць, главверха?
КРАСКОМ: Так, Каменева.
ГРЫВАЎ: Найгоршае, калі такія тэарэтыкі ад Маркса і Каўцкага ўлазяць у вайсковыя справы. Трэба спачатку ўзмацніць армію, паставіць на ногі, добра забясьпечыць, а не наводзіць хаос. Але я ў гэта ня вэру. Чарговая качка!
КРАСКОМ: Нічога падобнага. Абсалютна пэўная рэч. Зрэшты, скажу вам пад сакрэтам: я пра гэта ведаю ад Аляксея Міхайлавіча Якуца.
ГРЫВАЎ: Ага! Гэта сакратар паязной канцылярыі Лёвы.
КРАСКОМ: Менавіта. Але гэта таямніца.
ГРЫВАЎ: Што ж гэта за таямніца, калі ўжо і мы ведаем?
КРАСКОМ: Мы ведаем, а апроч нас у 5-м корпусе ніхто ня ведае.
ГРЫВАЎ: А калі гэта можа пачацца?
КРАСКОМ: Мяркую, не раней за пачатак наступнага году.
Далей я ня мог падслухваць, бо баяўся зьвярнуць на сябе іхную ўвагу.
Чатырнаццатага красавіка я вярнуўся ў Менск і вечарам вырушыў зь места да мяжы. Перайшоў яе на адцінку Кучкуноў толькі 16 красавіка., бо ня ведаў мясьцінаў і заблукаў. На памежжы мяне абстралялі, але я здолеў уцячы.
Прашу выдаць мне на наступнае заданьне аўтаматычны пісталет. Я пераканаўся, што пераходзіць мяжу і памежную зону бяз зброі вельмі небясьпечна.
Інфарматар Н. робіць вельмі добрае ўражаньне. Настроены рашуча, і мяркую, што зь ягонай дапамогай мне ўдасца знайсьці іншых інфарматараў (краскомаў) у штабе 8-й ПД, а калі будзе трэба, то і ў 4-й ПД. Магчыма, ён укажа мне адпаведнага інфарматара, які мае доступ да мабілізацыйных плянаў, дысьлякацыйных мапаў, а таксама дакумэнтаў аб узбраеньні, настроях салдатаў, вышкаленьні і адміністрацыі.