Былi днi ясныя, восень звiнела празрыстасцю лёгкай паветра, i горад аглушыў Алёшу шырынёю свайго шуму. I загэтым не так востраю была радасць, калi прачытаў ён, што яго залiчылi студэнтам.
I тут жа пачалi ўжо агортаць яго думкi - як бы пражыць?
Ён напiсаў бацьку, што нiчога яму не трэба, ён сам сабе зарабляе, i ў той жа дзень не абедаў i спаць лёг галодным.
А калi далi яму на кожны дзень абед у студэнцкай сталовай, пачала ўжо з'яўляцца ў яго маладая, вясёлая бесклапотнасць:
"Калi прыйдзецца саўсiм кепска - усё ж такi можна жыць, маючы абед раз у дзень".
I кожны дзень пачаў ён ранiцамi хадзiць на чыгуначную станцыю выгружаць дровы з вагонаў.
II
На чатырохкутным двары глухой вулiцы перад вечарам шырэй разгортвалася жыццё.
Прыходзiлi рабочыя з працы, i жоўты дом ажываў. Адчынялiся ў iм вокны, i здавалася, што гэты дом хоча больш увабраць у сябе сонечнага свету, што як бы шкода яму, што сонца iдзе к захаду. Людскiя галасы больш былi спакойнымi, чым ранiцаю, чулiся песнi.
Алёша прыходзiў са станцыi раней за рабочых. У яго пахлi дзеравам рукi, у хваёвай смале, у плямах ад сырой асiны быў фрэнч. Алёша адчыняў акно сваёй кватэры i пераглядаў кнiжкi i запiскi - гэта рыхтаваўся ён iсцi адвячоркам на лекцыi.
Была ў яго ў гэты час спакойная гуллiвасць у настроях. I была яна ад нейкага парадку ва ўсiм - ад таго, што вось ён, Алёша, робiць усё так, як можа, што можа i як яму трэба.
I было так, што заўсёды настрой гэты праходзiў, калi Алёша, на захадзе сонца, спяшаў на лекцыi. Можа, пыльныя i грымучыя цэнтральныя вулiцы горада адганялi гэты настрой, а можа думкi, якiя ўжо небесклапотнымi зноў з'яўлялiся. А з'яўлялiся яны ад таго, што гэтыя вулiцы бiлi ў вочы новым, дагэтуль для Алёшы нябачаным. У большасцi людзей, якiх сустракаў Алёша на вулiцы, бачыў ён нейкi шырокi размах ва ўсiм. Было нешта такое ў iх, што гаварыла, што гэты горад як бы часовы для iх прытулак. Яны тут толькi сягоння, а заўтра будуць за многа вёрст далей, i гэта будзе для iх вясёласць, бо не прыкаваны яны да аднаго месца на зямлi, а к усёй ёй; усюды на ёй на сваiм месцы.
Нешта такое бачыў Алёша ў гэтых людзях.
I тады ж выплывала ў Алёшы i другое:
"Вось там, адкуль ён сюды прыехаў, дзе старыя хаты ў гэтую вось хвiлiну гараць водблiскам чырвонага сонца на захадзе, людзi канчаюць сваю дзённую працу. Яна натамiла iх за дзень. У ёй многа радасцi, ды толькi ўсё вакол яе складалася так, што для людзей атручвалася жыццё".
А тут нечакана ахвацяць Алёшу зыкi музыкi. Выйдзе з бакавой вулiцы на цэнтральную рота чырвонаармейцаў з блiшчастаю меддзю трубаў у першых радах.
I як бы злавiлi людзi трубамi вясёласць, нявыяўленую сярод людзей на зямлi, i, злавiўшы, кiнулi ў прастору, паказалi яе ўсiм.
I здаецца тады Алёшу, што гэта - выяўленне, адзнакi таго вялiкага, к чаму iдуць людзi на зямлi.
I па дарозе ва ўнiверсiтэт, пасля ўсяго перажытага, прайшоўшы праз пачуццi i думкi, робiцца ў Алёшы нейкi мяцежны настрой: ахватвае прагнае жаданне хутчэй навучыцца таму, з чым пойдзе к тым, пакiнутым там недзе за палявымi прасторамi ў старых хатах; хочацца Алёшу стаць перад iмi, каравымi, запыленымi, i сказаць iм аб тым, што зразумеў сам, - аб самым важным, што трэба для паўнаты жыцця на зямлi: што жыццё шырокае, яно само ў сабе - нават як факт ужо iснавання - радаснае.
"Больш i глыбей увайсцi ва ўнiверсiтэт", - думае Алёша i бяжыць i бяжыць па шумнай вулiцы.
I тая ж самая радасць ужо калоцiцца ў iм самiм. Яна вялiкая, як iмкненне маладосцi.
I так кожны вечар па дарозе ва ўнiверсiтэт.
III
Процi кватэры Алёшы, побач з домам, дзе жывуць рабочыя, на тым самым двары, у чысценькiм зялёным домiку, у асобным пакоi жыў студэнт трэцяга курса Андрэй Стронiн.