Хiба нельга пасядзець пры дарозе?
Жанчына не знайшла, што сказаць, i вярнулася ў хату.
Дзень доўга не канчаўся. Апоўднi мужчына знiк, але а пятай зноў прыйшоў. Вечарам яго таксама не было.
Левек вярнуўся позна ўночы. Яму ўсё расказалi.
- Гэта нейкi прайдзiсвет цi круцель, - заключыў ён. I спакойна лёг спаць, а жонка ўсё думала пра бадзягу, якi так дзiўна прыглядаўся да яе.
Ранiцай задзьмуў моцны вецер, выйсцi ў мора не было як, i марак сеў памагаць жонцы ладзiць сеткi.
А дзевятай старэйшая дачка Мартэн, якая хадзiла па хлеб, прыбегла напалоханая i крыкнула:
- Мама, зноў ён!
Мацi захвалявалася, збялела i сказала мужу:
- Пагавары з iм, Левек, хай не пiльнуе нас, бо мне страшна.
I Левек, высокi марак з цагляным тварам у густой рыжай барадзе, з блакiтнымi, у чорную крапiнку вачыма i дужай, заўсёды захутанай шалiкам шыяй каб акрыцца ад марскога дажджу i ветру - спакойна выйшаў да валацугi.
Яны загаварылi.
Мацi з дзецьмi трывожна i палахлiва здалёк паглядала на iх.
Раптам незнаемы падняўся i разам з Левекам пайшоў да хаты.
Мартэн спалохана адступiлася. Муж сказаў ёй:
- Дай яму хлеба i шклянку сiдру. Ён не еў два днi.
Мужчыны, а следам за iмi жанчына з дзецьмi ўвайшлi ў хату. Жабрак сеў i, схiлiўшы галаву пад позiркамi сям'i, пачаў есцi.
Мацi стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкi Мартэн - адна з немаўлём на руках - прагна сачылi за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелi ў попеле, кiнулi гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца.
Левек сеў у крэсла i спытаўся:
- Дык вы здалёк?
- З Сэта.
- Вось гэтак, пеша?
- Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж.
- I куды ж гэта вы?
- Сюды.
- Цi ёсць тут у вас хто?
- Можа.
Мужчыны змоўклi. Бадзяга еў нетаропка, хоць i быў галодны, i кожны кус хлеба запiваў глытком сiдру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпiнах, i здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся:
- Як вас завуць?
Той, не падымаючы галавы, адказаў:
- Мяне завуць Мартэн.
Мацi неяк дзiўна скаланулася. Яна ступiла крок, каб блiжэй разгледзець жабрака, i, апусцiўшы рукi, з разяўленым ротам спынiлася насупраць яго. Усе маўчалi.
Нарэшце Левек сказаў:
- Вы адсюль?
Ён адказаў:
- Я адсюль.
Ён усё ж падняў галаву, позiркi жанчыны i жабрака сустрэлiся, спынiлiся, змяшалiся, быццам зачапiлiся адзiн за адзiн.
I раптам яна другiм, цiхiм трапяткiм голасам прашаптала:
- Цi ты гэта, мужычок?
Ён вымавiў па складах:
- Гэта я.
Ён не кратаўся, усё жаваў свой хлеб. Левек хутчэй здзiўлена, чым усхвалявана прамармытаў:
- Гэта ты, Мартэн?
Той проста адказаў:
- Але, гэта я.
Другi муж спытаўся:
- Адкуль жа ты ўзяўся?
Першы загаварыў:
- З Афрыканскага берага. Мы наляцелi на плытнечу i пачалi тануць. Выратавалiся ўтрох: Пiкар, Вацiнэль i я. Нас схапiлi дзiкуны i трымалi дванаццаць гадоў. Пiкар i Вацiнэль загiнулi. Нейкi ангельскi вандроўнiк вызвалiў мяне i давёз да Сэта. I вось я тут.
Мартэнава жонка заплакала, уткнуўшыся тварам у фартух.
Левек сказаў:
- Што ж нам цяпер рабiць?
Мартэн спытаўся:
- Ты яе муж?
Левек адказаў:
- Я!
Яны зiрнулi адзiн на аднаго i змоўклi. Мартэн абвёў вачыма дзяцей i кiўнуў на дзвюх дзяўчынак:
- Мае?
Левек адказаў:
- Твае.
Той не ўстаў, не пацалаваў iх, адно сказаў:
- Божа мой, якiя вялiкiя!
Левек паўтарыў:
- Што ж нам рабiць?
Збянтэжаны Мартэн ведаў не лепш за яго. Урэшце ён вырашыў:
- Я зраблю, як ты захочаш. Я не хачу пакрыўдзiць цябе. Але гэта складана, бо ёсць хата. У мяне двое дзяцей, у цябе трое, у кожнага свае. Жонка? Цi то твая, цi то мая? Будзе, як скажаш, але хата - хата мая, бо гэта бацькаўшчына, у ёй я нарадзiўся, i ўсе паперы ў натарыуса.
А Мартэнiха ўвесь час плакала, хаваючы цiхiя слёзы ў блакiтны прыпол. Абедзве вялiкiя дачкi падышлi блiжэй i трывожна пазiралi на свайго бацьку.
Ён паеў i сам спытаўся:
- Што нам рабiць?
Левек надумаўся:
- Трэба iсцi да кюрэ, ён дарадзiць.