Мопассан Ги Де - Хрышчэнне (на белорусском языке) стр 2.

Шрифт
Фон

Бацька з цёткай спакойна пазiралi на гэта. Такi звычай. Паруш яго, i дзiцяцi не будзе шчасця ў жыццi. Я абураўся, крычаў на мужа, пагражаў пайсцi дадому i нават спрабаваў сiлай адабраць немаўля. Усё было дарэмна. Нянька па снезе шпарка ўцякала ад мяне, а хлопчыкава цельца рабiлася фiялетавае.

Я сабраўся пайсцi прэч ад гэтага быдла, калi заўважыў на дарозе з вёскi плябана, рызнiка i вясковага хлопчыка-служку.

Я падбег да iх i пачаў абурацца. Плябан зусiм не здзiвiўся, не прыспешыў, ступаў нетаропка. Ён адказаў:

- Нiчога не зробiш, пане. Такi звычай. Усе так робяць, i я не магу нiчога змянiць.

- Ды iдзiце вы хоць бы хутчэй, - крыкнуў я.

Святар азваўся:

- А я не магу хутчэй.

Так ён зайшоў у рызнiцу, а мы засталiся на цвiнтары. Я вельмi пакутаваў ад дзiцячага ляманту - малое аж заходзiлася ад марозных апёкаў.

Дзверы нарэшце расчынiлiся. Мы ўвайшлi, але дзiця заставалася голае ўсю цырымонiю.

Яна цягнулася доўга. Плябан - святая чарапаха - бязладна вавулiў лацiнскiя словы, паважна i нетаропка ступаючы па халодных плiтах, а яго белы ўбор, якi ён надзеў, каб у iмя бязлiтаснага жорсткага Бога прымусiць пруцянець ад холаду кавалачак чалавечай плоцi, ледзянiў мне сэрца.

Нарэшце гэтае доўгае хрышчэнне скончылася, i нянька зноў укруцiла ў доўгую коўдру змерзлага хлопчыка, якi пранiзлiва вiшчаў ад болю.

Святар сказаў мне:

- Зайдзiце, калi ласка, распiсацца ў рэестры.

Я павярнуўся да садоўнiка:

- А цяпер ляцiце дамоў i адразу сагрэйце дзiця.

I я даў яшчэ некалькi парад, каб пазбегнуць, калi не позна, запалення лёгкiх.

Бацька паабяцаў зрабiць усё як трэба i пайшоў разам са швагеркай i нянькай. А мы з плябанам зайшлi ў рызнiцу.

Калi я распiсаўся, ён папрасiў пяць франкаў на выдаткi.

Я, канечне, адмовiўся, бо ўжо даваў дзесяць франкаў бацьку. Плябан гразiў парваць пасведчанне i скасаваць хрышчэнне. А я палохаў яго пракурорам рэспублiкi.

Мы доўга спрачалiся, я нарэшце заплацiў.

Дома я адразу пабег глядзець, цi ўсё было ў парадку. Кiнуўся да Керандэк, але бацька, швагерка i нянька яшчэ не вярнулiся.

Парадзiха самотна трэслася ад холаду ў сваiм ложку, была галодная, бо суткi як не ела.

- Дзе ж, халера, яны падзелiся? - спытаў я.

Жанчына без усякага подзвiгу i злосцi адказала:

- Мусiць, зайшлi недзе выпiць. Такi звычай.

Тут я прыгадаў свае дзесяць франкаў, пазычаныя на царкву i прапiтыя ў карчме.

Я загадаў прынесцi мацi булёну i добра напалiць у камiне. Занепакоены i злы, я паабяцаў сабе прагнаць гэтых нягоднiкаў i са страхам падумаў пра лёс беднага хлапчаняцi.

А шостай вечара яны яшчэ не вярнулiся. Загадаўшы слузе дачакацца iх, я лёг спаць. Заснуў адразу, бо сплю як сапраўдны марак. На золку мяне разбудзiў слуга, якi прынёс цёплай вады галiцца.

Я спытаўся ў яго, як толькi расплюшчыў вочы:

- Што з Керандэк?

Стары вагаўся, а потым прамармытаў:

- О! Пане, ён вярнуўся апоўначы п'яны як гразь. Кермаган з нянькай таксама. Веру, што яны начавалi ў канаве, а малое памерла, яны i не заўважылi.

Я з крыкам падскочыў:

- Дзiця памерла?

- Памерла, пане. Яны паказалi яго мацi Керандэк. Тая ў слёзы. I яе напаiлi, каб суцешыць.

- Як гэта, напаiлi?

- Так, пане. Але пра ўсё я даведаўся ранiцай, толькi цяпер. Як у мужа не засталося нi гарэлкi, нi грошай, ён налiў бензiну з лямпы, што дала iм вашэцi; яны выпiлi на чацвярых колькi там заставалася ад лiтра. Ды так насцябалiся, што парадзiха цяпер ляжыць хворая.

Я паспешлiва адзеўся, схапiў кiй, прагнучы забiць усю гэту нелюдзь, i кiнуўся да садоўнiка.

Атручаная бензiнам, Керандэк канала побач з сiнiм трупiкам свайго дзiцяцi.

Муж, нянька i швагерка храплi проста на зямлi.

Я быў пры жанчыне, пакуль яна апоўднi не памерла.

Стары доктар змоўк.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора