Людзi запэўнiваюць, што гэта вядома iм з надзейных крынiц i нават ад самога дрывасека, бо яны бывалi ў яго ў хаце, дзе iх частавалi пiтвом ды рознымi стравамi. Яны пераконваюць, што, абуўшы людаедавы боты, Малое Пальчанё пайшоў да караля, бо той вельмi непакоiўся за лёс свайго войска, якое паслаў на бiтву за дзвесце мiль. Кажуць, нiбыта ён паабяцаў каралю, што яшчэ завiдна прынясе звесткi пра войска, калi на тое будзе каралеўская воля. Кароль вельмi ўзрадаваўся i сказаў, што, калi Малое Пальчанё зробiць гэта, яму заплацяць вялiкiя грошы. Таго ж вечара Малое Пальчанё прынёс каралю навiны з фронту, i гэты ўчынак прынёс яму такую вядомасць, што цяпер ён мог зарабляць, колькi хацеў: кароль шчодра плацiў яму за тое, што ён насiў загады ягоным войскам, а незлiчоныя паненкi не скупiлiся на падарункi, каб хутчэй атрымаць вестку ад сваiх каханкаў. I трэба сказаць, што ад жанчын яму даставалася асаблiва багата.
Часам, бывала, i некаторыя жонкi прасiлi яго занесцi лiст мужу. Але плацiлi яны за гэта такую дробязь, што за яе i купiць нiчога людскага не купiш. I таму Малое Пальчанё ўвогуле нават не лiчыў гэта за заробак.
Працуючы пасланцам, Малое Пальчанё добра разбагацеў i, калi вяртаўся ў бацькаву хату, усе яму так радавалiся, што i сказаць немагчыма. Дзякуючы меншаму сыну ў сям'i нарэшце з'явiўся дастатак. Бацьку i братам Малое Пальчанё купiў неўзабаве тытулы ды чыны i добра ўладкаваў iх у жыццi. Дый на сябе Малое Пальчанё таксама не забыўся: ён знайшоў нявесту i, ажанiўшыся з ёю, пачаў жыць-пажываць дый гора не ведаў.
Мараль
Бадай, няма вялiкага няшчасця,
Калi сыноў прыносiць жонка ў хату часта.
Каб толькi кожны быў прыгожы ды руплiвы.
Але бяда, калi адзiн - цяльпук:
Усе ўжо кпяць ды пазiраюць крыва...
А часам гэткi вось хлапчук
I робiць ўсю сям'ю шчаслiвай.