Як толькi Малое Пальчанё пачуў, што людаед захроп, ён разбудзiў братоў i загадаў iм хутчэй апранацца i йсцi за iм. Яны цiха спусцiлiся ў сад, пераскочылi цераз мураваную агароджу i кiнулiся наўцёкi. Ад страху яны беглi ўсю ноч, самi не ведаючы куды.
А людаед прачнуўся ранiцай i сказаў жонцы:
- Iдзi наверх ды прыбяры галубочкаў, што заляцелi да нас учора.
Людаедзiху вельмi здзiвiла мужава дабрыня. Яна не здагадвалася, што ён меў на ўвазе, кажучы прыбраць гэтых хлопцаў. Яна думала, што ён загадвае добра ды чыста iх апрануць. Добрая кабета паднялася наверх i... аслупянела ад здзiўлення, убачыўшы, што сем яе дачушак ляжаць зарэзаныя ў крывi.
Канечне, яна адразу самлела, бо гэта першае, што робяць амаль усе жанчыны ў такiх выпадках. Тым часам людаед пачаў непакоiцца, чаму жонка, якой ён даручыў справу, так доўга корпаецца. I ён сам падняўся дапамагчы. Але як жа ён быў здзiўлены, калi ўбачыў такую жахлiвую карцiну!
- А што ж я нарабiў! - залямантаваў ён. - А гора мне, гора! Ну, паганцы! Вы мне заплацiце за гэта!
Ён плюхнуў жонцы ў твар цэлы збан халоднай вады i, калi яна ачулася, крыкнуў:
- Ану, цягнi хутчэй мае сямiмiльныя боты, я павiнен дагнаць гэтых шалахвостаў!
Ён кiнуўся ў пагоню, але яшчэ доўга папабегаў ва ўсе бакi, пакуль натрапiў на сцяжыну, па якой iшлi бедныя хлопцы. Яны былi ўсяго за сто крокаў ад сваёй хаты, калi ўбачылi, як людаед бяжыць за iмi, пераскокваючы з гары на гару i пераступаючы цераз рэчкi так лёгка, быццам гэта маленькiя ручаiнкi. На шчасце, зусiм побач Малое Пальчанё заўважыў у скале пячору i загадаў братам схавацца. Потым ён залез туды сам i пачаў цiкаваць, што будзе рабiць людаед. А людаед, дужа стамiўшыся ад доўгае беганiны (бо той, хто носiць сямiмiльныя боты, вельмi ад iх стамляецца), захацеў адпачыць. Выпадкова ён сеў якраз на тую самую скалу, пад якой схавалiся хлопчыкi.
Людаед вельмi знямогся i, як толькi сеў, амаль адразу заснуў. Ён так страшэнна захроп, што бедныя хлопцы спалохалiся не менш чым учора, калi ён узяў нож i хацеў iх зарэзаць. Меней за ўсiх напалохаўся Малое Пальчанё. Ён сказаў братам, каб яны, пакуль людаед моцна спiць, хуценька беглi дадому, а пра яго не турбавалiся. Яны паслухалiся яго i неўзабаве былi ўжо дома.
А Малое Пальчанё падкраўся да людаеда, цiхутка сцягнуў з яго боты i хуценька iх надзеў. Боты былi вельмi вялiкiя, з вельмi шырокiмi халявамi. Але ж яны былi чарадзейныя, i таму маглi павялiчвацца цi памяншацца залежна ад таго, хто iх надзяваў. I калi Малое Пальчанё нацягнуў iх сабе на ногi, яны зрабiлiся яму ў самы раз, быццам былi на яго пашытыя. Тады ён пабег да людаедавай хаты i, убачыўшы людаедаву жонку, якая плакала над зарэзанымi дочкамi, сказаў:
- Ваш муж у страшнай небяспецы. Яго схапiлi зладзеi, якiя паклялiся, што заб'юць яго, калi ён не аддасць усё сваё срэбра i золата. Якраз калi яны падсунулi яму да горла нож, ён заўважыў мяне i папрасiў, каб я хутчэй бег да вас i расказаў пра ўсё, што з iм здарылася. Ён сказаў, каб вы аддалi мне ўсе каштоўнасцi i каб нiчога сабе не пакiдалi, бо iначай яго заб'юць. Гэта трэба зрабiць як мага хутчэй. Таму ён i даў мне свае сямiмiльныя боты - каб я паспяшаўся i каб вы не падумалi, што я выдумляю.
Кабета вельмi напалохалася i адразу аддала Малому Пальчаню ўсё, што ў яе было. Яна шкадавала людаеда, бо хоць ён i еў маленькiх дзетак, але муж быў вельмi добры. Так Малое Пальчанё завалодаў усiмi людаедавымi багаццямi i вярнуўся дадому, дзе яго ўсе чакалi i сустрэлi з вялiкай радасцю.
Зрэшты, шмат хто не пагаджаецца з такiм канцом гэтай гiсторыi. Кажуць, што Малое Пальчанё нiколi не абкрадаў людаеда i што напраўду ён толькi i зрабiў, што зняў з яго сямiмiльныя боты, якiя абуваў потым, толькi каб паганяцца за малымi дзецьмi.