Спачатку, праўда, усе кiдалiся да прыгажэйшай: паглядзець на яе, палюбавацца яе прыгажосцю, але хутка вярталiся да разумнейшай, бо з ёю было прыемна гутарыць пра сама розныя рэчы. I не дзiва, што не праходзiла i чвэрцi гадзiны, як побач са старэйшай нiкога ўжо не было, i ўсе збiралiся вакол малодшай. Старэйшая дачка хоць i была вельмi дурная, але добра заўважала гэта i не пашкадавала б усёй сваёй прыгажосцi, каб мець хоць бы палову розуму сваёй малодшай сястры. Мацi-каралева была жанчына разважная, але i яна часам не магла ўтрымацца, каб не папракнуць дачку за яе бязглуздасць. А беднай прынцэсе рабiлася ад гэтага так горка, што яна ўжо, здавалася, гатовая была лепей памерцi.
Аднойчы, калi прынцэса пайшла ў лес, каб там на самоце пабедаваць ад свайго няшчасця, да яе падышоў нейкi чалавек. Ён быў вельмi непрыгожы i брыдкi, хоць быў апрануты ў сама раскошныя строi. Гэта быў прынц Чубаты Рыкэ. Некалi ён убачыў прынцэсiн партрэт i закахаўся ў яе без памяцi. I тады ён вырашыў пакiнуць бацькоўскае каралеўства i на свае вочы ўбачыць прынцэсу, каб пагутарыць з ёю. Узрадаваны, што сустрэў дзяўчыну адну, ён загаварыў з ёю з усёй пашанай i ветлiвасцю, на якiя толькi быў здольны. Але пасля звычайных лёстак, якiя кажуць у такiх выпадках, прынц заўважыў, што твар у дзяўчыны вельмi журботны. I тады ён сказаў:
- Дарагая прынцэса, я не разумею, што можа засмучаць такую чароўную дзяўчыну, як вы - бо, хоць я i магу пахвалiцца, што бачыў нямала прыгажунь, але я не бачыў нiводнай, чыя прыгажосць параўналася б з вашай.
- Пан вельмi ласкавы, - адказала прынцэса i змоўкла.
- Прыгажосць настолькi каштоўная рэч, - зноў сказаў Чубаты Рыкэ, - што здольная замянiць сабою ўсё астатняе. Таго, хто яе мае, нiшто, на мой розум, засмучаць не можа.
- А мне, наадварот, хацелася б лепей быць такою брыдкаю, але i такою разумнаю, як вы, - адказала прынцэса, - чым такою як я - прыгожай i такою дурною.
- Але нiшто, дарагая прынцэса, гэтак не сведчыць пра розум, як думка, што яго не стае. Розум якраз у тым i ёсць, што чым больш яго маеш, тым болей думаеш, што яго мала.
- Не ведаю, - адказала прынцэса. - Я ведаю толькi, што я вельмi дурная. Гэта мяне й гняце.
- Але, прынцэса, калi толькi гэта вас засмучае, то я магу лёгка пакласцi канец вашым пакутам.
- Як? - запыталася прынцэса.
- У мяне ёсць дар, - адказаў Чубаты Рыкэ, - i дзякуючы гэтаму дару я магу надзялiць сама вялiкiм розумам тую, каго пакахаю болей за ўсiх. А таму, што болей за ўсiх я кахаю вас, то цяпер толькi ад вас усё i залежыць. Досыць вам пагадзiцца пайсцi за мяне замуж, i вы адразу зробiцеся разумнаю.
Прынцэса вельмi сумелася, пачуўшы гэтыя словы, i нiчога не змагла адказаць.
- Вiдаць, мая прапанова вас трошкi бянтэжыць, - сказаў Чубаты Рыкэ, - i гэта не дзiўна. Але, каб вы маглi ўсё добра ўзважыць, я даю вам цэлы год.
У прынцэсы быў такi малы розум, i ёй так карцела хутчэй паразумнець, што ёй здалося, што цэлы год чакаць яна не вытрывае нiколi, i яна адразу згадзiлася на прынцаву прапанову. Не паспела яна паабяцаць, што налета, роўна праз год, выйдзе за Чубатага Рыкэ замуж, як адразу адчула сябе зусiм iншаю цяпер яна вельмi лёгка магла казаць усё, што хацела, i ў яе словах адчувалася разважнасць i натуральнасць. Яна адразу павяла з Чубатым Рыкз лёгкую i далiкатную размову i з такiм бляскам выявiла свае новыя здольнасцi, што Чубаты Рыкэ ўжо быў падумаў, цi не даў ён прынцэсе болей розуму, чым пакiнуў сабе.
Калi ж прынцэса вярнулася ў палац, прыдворныя не маглi зразумець, што здарылася i чым растлумачыць такую нечаканую i незвычайную змену, бо як раней усе смяялiся з прынцэсiных бязглуздых i недарэчных думак, так цяпер усiх здзiўлялi яе дасцiпныя i разумныя разважаннi. Усе так гэтаму ўзрадвалiся, што i сказаць немагчыма. Толькi малодшая сястра была не вельмi радая: цяпер у яе не было ранейшае перавагi над старэйшай сястрой i побач з ёю яна выглядала толькi яшчэ больш непрыгожаю.