Прынцу яна здалася яшчэ прыгажэйшаю, чым раней, i праз некалькi дзён яны пажанiлiся. Папялушка, у якой дабрынi было не меней, чым прыгажосцi, запрасiла сясцёр жыць у палац i ў той самы дзень ажанiла iх з двума знатнымi панамi з каралеўскай дворнi.
Мараль
Краса ў дзяўчат - вялiкi скарб, бясспрэчна,
Мы захапляцца ёй не стомiмся нiколi,
Ды ветлiвасць усё ж каштуе болей
I большую цану мець будзе вечна.
Таму i хросная дзяўчыну навучала
Быць далiкатнай, выпраўляючы на баль,
Ды так яе пры гэтым прыбiрала,
Што стала каралеўнаю яна.
Адсюль - мараль:
Хто хоча схiльнасцi ў любага дабiцца,
Адной красою дасягне не многа;
Тут ветласць - вось дар чараўнiцы,
Бо з ёй магчыма ўсё, а без яе - нiчога.
Другая мараль
Вядома, што зусiм няблага,
Калi ў вас ёсць i розум, i развага,
I працавiтасць, i калi вы не без роду,
Тут трэба толькi шанаваць прыроду,
Што падарыла вам такую перавагу.
I ўсё ж, мой дружа, будзе мала плёну
Ва ўсiм, што б вы не мелi, - будзе ўсё дарма
I поспеху не дасць ў жыццi штодзённым,
Калi ў вас хроснага цi хроснае няма.
ЧУБАТЫ РЫКЭ
Жыла сабе адна каралева, i нарадзiла яна такога брыдкага i выродлiвага сына, што многiя засумнявалiся нават, цi чалавек гэта ўвогуле? Але чараўнiца, якая прыехала на радзiны, супакоiла ўсiх i запэўнiла, што хлопчык вырасце i будзе прывабны, бо ў яго будзе вельмi вялiкi розум. Апроч гэтага яна сказала, што дзякуючы яе дару, ён здолее сам даць столькi ж розуму той, каго моцна пакахае. Усё гэта трошкi суцешыла бедную каралеву, якая вельмi журылася, што ў яе нарадзiлася такое агiднае дзiця.
I праўда, ледзьве малое навучылася гаварыць, як адразу пачало казаць вельмi слушныя рэчы, i ўсе яго ўчынкi былi такiя разважныя, што можна было толькi дзiвiцца. Я забыўся, дарэчы, сказаць, што хлопчык нарадзiўся з невялiчкiм чубком, i таму яму далi мянушку - Чубаты Рыкэ, бо Рыкэ было прозвiшча ў iх сям'i.
Праз сем цi восем гадоў у каралевы аднаго суседняга каралеўства нарадзiлiся дзве дачкi. Першая была прыгажэйшая за сонейка, i каралева так гэтаму радавалася, што ўсе нават спалохалiся, каб ад вялiкай радасцi яна зусiм не страцiла розум. На радзiны да каралевы прыехала тая самая чараўнiца, што была пры нараджэннi Рыкэ, i, каб трошкi паменшыць каралевiну радасць, сказала, што ў маленькай прынцэсы не будзе анi кропелькi розуму i што наколькi яна будзе прыгожая, настолькi ж i дурная. Гэтыя словы вельмi засмуцiлi каралеву, але неўзабаве яна засмуцiлася яшчэ больш, бо другая дачка, якую яна нарадзiла, была вельмi брыдкая.
- Не бядуйце, Вашамосць, - сказала ёй чараўнiца. - У вашай дачкi будуць iншыя перавагi: яна будзе такая разумная, што нiхто не заўважыць, што ёй не стае прыгажосцi.
- Дай божа, - адказала каралева. - Але цi няможна даць хоць бы крышачку розуму маёй старэйшай? Яна такая прыгожая!
- На жаль, Вашамосць, з розумам я нiяк не магу ёй дапамагчы, - сказала чараўнiца, - але затое, што да яе прыгажосцi, я здольная зрабiць усё. I каб вас задаволiць, я падару ёй здольнасць надзяляць прыгажосцю кожнага, хто ёй спадабаецца.
Час iшоў, прынцэсы раслi, i iх вартасцi большалi разам з iмi. Паўсюль iшла пагалоска пра хараство старэйшай ды розум малодшай. З часам, праўда, павялiчвалiся i заганы дзяўчат. Малодшая на вачах рабiлася ўсё больш непрыгожая, а старэйшая ўсё болей дурнела. Калi ў яе што-небудзь пыталiся, яна цi маўчала ўвогуле, цi вярзла нейкую лухту. Апроч таго яна была такая няўклюда, што не магла расставiць на камiнку нават чатыры статуэткi, каб адну не пабiць, а калi пiла са шклянкi, дык заўсёды палавiну вылiвала на сябе.
Хоць прыгажосць i вялiкае шчасце для кожнай маладой дзяўчыны, але госцi ўсё-такi больш любiлi быць побач з малодшай, чым са старэйшаю.