Шарль Перро - Чарадзейныя казки (на белорусском языке) стр 14.

Шрифт
Фон

Потым хросная пайшла да мышынае пасткi, дзе аказалася шэсць мышак. Яна загадала Папялушцы трошкi адчынiць дзверцы, i калi мышы адна за адной пачалi выскокваць, дакраналася да кожнай чарадзейнаю палачкай, i мышы адразу ператваралiся ў коней. Праз хвiлiну перад iмi стаяў ужо выдатны шасцярык шэрых мышастых коней.

Папялушка заўважыла, што хросная задумалася, з чаго ёй зрабiць фурмана, i сказала:

- Чакайце, пайду я гляну, можа ў вялiкую пастку трапiў пацук? З яго i зробiм фурмана.

- I то праўда, - пагадзiлася хросная. - Iдзi зiрнi.

Папялушка прынесла вялiкую пастку. А ў ёй сядзелi тры тлустыя пацукi. Чараўнiца выбрала таго, у якога былi даўжэйшыя вусы, дакранулася да яго палачкай, i пацук перавярнуўся ў пузатага фурмана з такiмi раскошнымi вусамi, якiх нiхто нiколi не бачыў. Тады хросная сказала Папялушцы:

- А цяпер iдзi ў сад, i там за калодзежам убачыш шэсць яшчарак. Прынясi iх мне.

Прынесла Папялушка яшчарак, i хросная адразу ператварыла iх у шэсць прыгожа апранутых лёкаеў, якiя адразу сталi на запяткi, нiбыта ўсё жыццё толькi гэтае i рабiлi.

Тады чараўнiца сказала Папялушцы:

- Ну вось, цяпер у цябе ёсць на чым ехаць на баль. Ты рада?

- Вядома, рада, - адказала Папялушка. - Але як жа я паеду ў такой брыдкай вопратцы?

Хросная толькi дакранулася да яе сваёй палачкай, i ў тую ж хвiлiну Папялушчына сукенка ператварылася ў дзiвоснае ўбранне, абсыпанае каштоўным каменнем. Потым хросная дала дзяўчыне пару найпрыгажэйшых у свеце крышталёвых пантофлiкаў.

Калi Папялушка, багата прыбраная, ужо села ў карэту, хросная яе папярэдзiла, што, як бы там нi было, але на балi яна не павiнна заставацца пазней за поўнач, бо калi яна запознiцца хоць на хвiлiну, яе карэта зноў зробiцца гарбузам, конi - мышамi, лёкаi - яшчаркамi, а адзенне набудзе свой ранейшы выгляд.

Дзяўчына паабяцала хроснай, што да поўначы абавязкова пакiне баль, i, не помнячы сябе ад радасцi, ад'ехала.

Сын караля, якому паведамiлi аб прыездзе нiкому не вядомай важнай i багатай прынцэсы, сам выйшаў яе сустракаць. Каб дапамагчы ёй выйсцi з карэты, ён падаў ёй руку i правёў у залу, дзе сабралiся госцi. Адразу ж запанавала поўная цiшыня, усе кiнулi танцаваць, скрыпкi змоўклi - так моцна ўсе былi ўражаныя незвычайнаю прыгажосцю незнаёмай прынцэсы. Чуўся толькi прыглушаны шэпт: "Ах! Якая яна прыгожая!" Нават кароль, хоць быў ужо вельмi стары, не мог звесцi з яе вачэй i цiхутка прызнаўся каралеве, што даўно ўжо не бачыў такой прыгожай i прыемнай асобы. Усе паненкi ўважлiва разглядалi яе прычоску i вопратку, каб заўтра зрабiць сабе такую самую, калi знойдуцца прыдатная тканiна i ўмелыя швачкi.

Сын караля пасадзiў прынцэсу на сама пачэснае месца, а потым запрасiў яе на танец. Яна танцавала так зграбна, што ўсе яшчэ больш замiлавалiся ёю. Потым прынеслi сама раскошныя стравы, але малады прынц амаль нiчога не еў: ён увесь час толькi i пазiраў на Папялушку. А яна села побач са сваiмi сястранкамi i пачала iх усяляк хвалiць. Яна пачаставала сясцёр апельсiнамi ды цытрынамi, якiя падаў ёй прынц, i гэта iх вельмi здзiвiла, бо яны зусiм не пазнавалi Папялушкi.

Але тут, гамонячы з сёстрамi, Папялушка пачула, як гадзiннiк прабiў без чвэрткi поўнач. Яна адразу раскланялася перад гасцямi i як мага хутчэй пабегла з палаца.

Калi яна вярнулася дадому, яна пайшла да хроснай i вельмi ёй падзякавала. А потым прызналася, што i заўтра таксама хацела б паехаць на баль, бо яе запрашаў каралевiч. I вось, калi яна сядзела i распавядала хроснай пра тое, як праходзiў баль, у дзверы пастукалiся сёстры. Папялушка пабегла iм адчыняць.

- Як доўга вас не было! - сказала яна, пазяхаючы, i пачала церцi вочы i пацягвацца, быццам толькi што прачнулася. Мiж тым яна i не думала спаць з той хвiлiны, як яны рассталiся.

- Каб ты была на балi, - сказала ёй адна сястра, - табе не давялося б так нудзiцца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке