Шарль Перро - Чарадзейныя казки (на белорусском языке) стр 13.

Шрифт
Фон

I вось, не паспелi яшчэ згуляць вяселле, як мачаха пачала аказваць свой злы нораў: яна трываць не магла сваёй добрай падчаркi, побач з якой яе дочкi здавалiся яшчэ болей агiднымi. Яна прымусiла бедную дзяўчыну рабiць сама чорную работу ў хаце. Падчарка павiнна была мыць падлогу i посуд, прыбiраць у спальнях у мачахi i ў яе дачок, а сама спала ў маленькiм пакойчыку на гарышчы, дзе ложкам ён быў мулкi сяннiк. У сёстрыных пакоях падлога была тафлёваная, стаялi модныя ложкi i вiселi вялiкiя люстры, у якiх можна было агледзець сябе з галавы да ног. Але бедная дзяўчына моўчкi цярпела такую несправядлiвасць i не адважвалася паскардзiцца бацьку, якi за гэта толькi насварыўся б на яе, бо ва ўсiм патрафляў новай жонцы.

Калi дзяўчына ўпраўлялася з працай, яна цiхутка сядала каля агменя ў закутку, у якi звычайна змяталi попел. I таму ў хаце яе празвалi Папялдупкай. Праўда, малодшая сястра была не такая шкодная, як старэйшая, i звала яе проста Папялушкай. Але нават у беднай вопратцы Папялушка была ў сто разоў прыгажэйшая за сваiх раскошна прыбраных сястранак.

Аднойчы сын тамтэйшага караля даваў баль i запрасiў на яго ўсiх знакамiтых асоб. Дзвюм нашым паненкам таксама прыйшло запрашэнне, бо ў тых краях iх род належаў да высокага свету. Вось ужо яны ўзрадвалiся! Кiнулiся адразу выбiраць найлепшыя гарнiтуры, прыдумляць прычоскi, каб выглядаць прыгажэйшымi. Але больш за ўсё клопату выпала зноў Папялушцы: яна прасавала сёстрам бялiзну, крухмалiла каўнерыкi i манжэты. А тыя толькi i гаманiлi, як ды ўва што прыбяруцца.

- Я, - сказала старэйшая, - надзену чырвоную аксамiтную сукенку i накiдку з карункамi.

- А я, - сказала малодшая, - буду ў звычайнай сукенцы, але наверх надзену манто з залатымi кветкамi i закалю ў валасы дыяментавую шпiльку.

Каб завiць паненкам дробныя кудзеркi, паслалi па найлепшую цырульнiцу, у найлепшай краме купiлi iм банты. Нарэшце паклiкалi спытаць парады i Папялушку, бо густ у яе быў вельмi добры. Папялушка агледзела сястрыц, шчыра параiла iм, як ды што дзе паправiць лепей, i нават сама ўзялася iх прычасаць, на што сёстры адразу згадзiлiся.

Пакуль Папялушка прычэсвала iх, сёстры ў яе пыталiся:

- Папялушка, скажы, а ты была б радая, каб i цябе запрасiлi на баль?

- Што вы, паненкi, усё кпiце з мяне. Хiба ж мне туды можна?

- I то праўда. Вось бы пасмяялiся ўсе, каб убачылi, як Папялдупка на баль сунецца!

За такiя кпiны iншая наўмысна прычасала б iх дрэнна, але ў Папялушкi было добрае сэрца, i яна пастаралася зрабiць сёстрам сама прыгожыя прычоскi. А сёстры так ужо радавалiся, так радавалiся, што два днi амаль нiчога не елi. Ды ўсё роўна, зацягваючы гарсэты, парвалi цэлы тузiн шнуроў, пакуль iм удалося надаць трошкi зграбнасцi сваiм станам. Увесь час яны толькi i круцiлiся перад люстрам.

Нарэшце радасны дзень настаў, i сёстры выправiлiся на баль. Папялушка доўга, як магла, праводзiла iх вачыма, а калi карэта знiкла за павароткай, горка заплакала. Хросная ўбачыла, што дзяўчына плача, i спыталася, што здарылася?

- Мне так хацелася б... мне так хацелася б...

Але Папялушка плакала так горка, што не здолела дагаварыць.

Тады хросная, якая была чараўнiца, сказала:

- Ты, напэўна, вельмi хочаш на баль?

- Але! Вельмi хачу, - адказала Папялушка i сумна ўздыхнула.

- Ну што ж, калi ты будзеш паслухмяная дзяўчынка, - паабяцала хросная, то я зраблю, каб ты туды трапiла.

Яна завяла яе ў свой пакой i сказала:

- Iдзi ў сад ды прынясi мне гарбуз.

Папялушка адразу пабегла ў сад, выбрала там найлепшы гарбуз i прынесла яго хроснай. Але яна нiяк не магла зразумець, як гэты гарбуз можа дапамагчы ёй трапiць на баль? Хросная тым часам вычысцiла гарбуз, пакiнуўшы адну лупiну, дакранулася да яго чарадзейнаю палачкай, i гарбуз адразу ператварыўся ў чароўную залачоную карэту.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора