Купала Янка - Шляхам жыцьця стр 5.

Шрифт
Фон

Зоркі

Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты,
Зоркі на небе страчаў я чатыры;
Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты,
Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай.
Першая бацькава зорка ясьнела,
Маткі другая глядзела ў сьвет горка,
Трэйцяя мне мігацела нясьмела,
Роднай зямелькі чацьвертая зорка.
Першая згасла навекі ня ў часе,
Звольна губляе бліск свой другая,
Трэйцяя сумнаю мглой спавілася,
Толькі чацьвертая лепей міргае.

Шлях мой

Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,
Гладкай, павабнай ня лёг раўніной,
Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,
Ўецца зімой і вясной.
Вечар і ночка закрылі мне раніцу,
Ухуталі плесьняй, сівым туманом,
Даль жа нязбытаю казкай туманіцца,
Казкай, нягаданым сном.
Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай
Думы гартуе ісьці, не чакаць,
Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі,
Бедамі клікалі спаць.
Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,
Пут гэтых толькі ня бачачы сам:
«Дзе ты ідзеш?» запытаецца, гонячы.
«Далей!» адказ яму дам.
Далей і далей праз выдмы няплодныя,
Ўсё непакорна, шукаючы ўсё,
Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя,
Покі ня згасьне жыцьцё!..

*** Дзе ты, шчасьце маё?.

Дзе ты, шчасьце маё, дзе ты, сьветлая доля?
За што сэрца гняце жалю дзікая змора?..
Воыйду цёмнай парой гэт за вёску на поле
І падслухаю сьціха, што ночка гавора.
Можа, гоман пачую, што жаль і трывогу
Песьняй радасьці зглуша і ўсьпіць назаўсёды,
Мо пакажа няшчаснаму к долі дарогу
І разгоне ў душы цемнаты, непагоды.
Га! нічога ня чуць, толькі неяк, здаецца,
Жудка вые, гудзіць сівер з поўначы зімны,
Толькі шум баравы зь цёмнай далі нясецца
І пяе у душы пахавальныя гімны.

*** Легло на сэрцы

Легла на сэрцы гора нядольнае,
Легла і мучыць, гняце,
Ў думках замёрла жальба нявольная,
Боль неспажыты цьвіце.
Дзе я ні кінуся, зь песьняй ні вылету,
Выхаду, сьцежкі няма
Лёдам гасьцінец мой выбіты, выліты,
Лёд як магіла сама.

У чужой старане

Тут далёка, ў чужой старане,
Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,
Сэрца больлю сьціскаецца мне
I спакой недзе коціцца проч.
Думы цяжкія роем снуюць,
Капашацца чмяльмі ў галаве,
Сноў спазнаць залатых не даюць,
Кожна мучыць, к загубе заве.
Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым,
Чорнай пяўкай сьлізгоча ў душы
Аб жыцьці беспраглядным сваім
Разважаю я ў гэтай цішы.
Ах, салодкі ўспамін не адзін
Шалясьціць, як вяроўкаю кат
Столькі іх, гэтых мілых часін!
А забыці іх сілы няхват.
Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час!
Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!
Што я меў, што я маю ад вас?
Дзе прасьвету хоць цень бледны цень?
Роднай песьні вясёлы напеў
Не ўзлунаў над калыскай маей;
Супраціўны скрозь мучыць павеў,
Як за хлебам пайшоў да людзей.
Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі,
Як шалёных ганяюць сабак;
На сваёй, ах, на роднай зямлі
Сустракаўся я з сонейкам так.
На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі
І гарачай крывей паліваў,
Ўнук ужо між чужымі людзьмі
Тэй зямлі трох аршын не дастаў.
Што ж? разгулівай, сыты чужак,
Між забраных крыжоў, курганоў,
Брат скаваны ня згіне і так:
Ён другіх пашукае братоў.
Гэй, ты, краю халодны, чужы,
Прытулі бесхацінца к сабе:
Ён цябе, як і роднай мяжы,
Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.
Ты, дзяўчына чужая, закрый
Па скананьні мне зрэнкі мае,
Ты, чужы друг, мне яміну рый,
Віхр чужы хай памінкі сьпяе.
Крыж пастаўце, як ставіце ўсім,
Мае путы павесьце на ім;
Мае сьлёзы з магілы расой
Выйдуць путы зьяднаці іржой.

Холадна

Холадна, холадна ў хатцы маей:
Лёгка навек загавеці;
Сыплюцца сьлёзы, як іскры, з вачэй;
Божа! як жудка на сьвеце!
Голасна будзячы сонну глушу,
Віхры зусюль завываюць;
Думка за думкаю лезе ў душу,
Сэрца нудою сьціскаюць.
Нейкім туманам усё заплыло;
Глуха!.. Ні сілы, ні гарту
Ўсё пражыванае прахам ішло.
Ўсё, што йдзе, думаць ня варта.
Зь нейкім пракляцьцем прыходзім на сьвет,
Зь нейкім на той сьвет сыходзім;
Потам, крывёю век сьцелецца сьлед,
Песьню змучэньня заводзім.
Ступіш і гадзіны ўюцца ля ног,
Крыкнеш ня чуюць каменьні;
Рукі працягнеш ты, повен трывог
Ласкі ня знаюць паленьні.

Мая доля

Што дасі заўтра, доля зьмянлівая,
Спадзяюся пацехі я мала;
Адно знаю, што ўсё нешчасьлівае
Ты мне толькі дагэтуль давала.
Сіратой па чужых кутах кідала
І нудою мне грудзі сушыла;
Ня раз так мне была ты абрыдала,
Што ўсьміхалася шчасьцем магіла.
Ты калі мне ў вачох разьясьнялася,
Сэрца білася верай, надзеяй,
Хоць нязванаю зьнекуль зьяўлялася,
І тады адны сьлёзы я сеяў.
Ты шумела мне песьні магільныя,
Як мяцеліца дзікая ў полі;
Ты нясла мне усё непрыхільнае
Эх, ня знаць бы цябе мне ніколі!
Мусіць, доля, ты ў цернях радзілася,
А зіма і слата гадавалі,
Ад няволі ты мучыць наўчылася,
А пасьля мне багі цябе далі

Прыстаў я жыць

Прыстаў я жыць на белым сьвеце,
Хоць столькі ўвокала жыцьця;
Завялі думкі на расьцьвеце,
Душа жадае небыцьця.
Нуда гняце з днём кожным болей,
Быт спавівае чарнатой,
Як сухавей у чыстым полі
Гуляе зь зернем-сіратой.
Пытаньня злога не пазбыцца,
Як мара бледная, стаіць:
Куды ісьці? за што ўчапіцца?
Якім багам паклоны біць?
Мінуў, загінуў час вяселы,
Калі зрываўся з усіх сіл
Ад родных ніў, ад родных сёлаў,
Ад апаганеных магіл.
Туды, туды, ўсё далей, далей,
Да недасягнутых вышынь,
Каб, апынуўшыся ў крышталі
Шчасьлівых сонечных іскрын,
Самое сонца ўзяць у рукі
I як з паходняй, зь ім ісьці,
Сьвятлом ніштожыць нашы мукі,
Увесь плач роднае зямлі.
Ўзьнімаць патоптаныя душы,
Людскім названьнем акрыляць,
К жыцьцю падняць з магільнай сушы
Усіх, што толькі яшчэ сьпяць.
Служыць, служыць жадаў народу,
Сваім закованым братом
I сіл ня стала зь непагодай
Вясьці вайну, вясьці з жыцьцём.
Чырвонай зданьню ў цёмных сенцах
Наш рок сьляпы снуе, цьвіце;
Зьмяіны рогат адшчапенцаў
Жывыя грудзі рве, гняце.
На ніве роднай зброд прадажны
Скрозь гаспадарку распрасьцёр,
Чужацкай песьняю прыказнай
Калыша здаўлены прастор.
І шумна чаркі напаўняе
Крывёй асьлепленых рабоў
Гульню так чорную спраўляе
Паміж крыжоў, паміж грабоў.
Ваякі лепшыя за славу,
За славу роднай стараны,
Або ляглі ў бітве крывавай,
Або у путах і яны
Ярмо валочаць паніжэньня,
Ў кляцьбе бясьсільнай гоняць век
Глядзіш пытаеш свайго ценю:
Дзе тут зьвер, дзе чалавек?
У жудкім, чорным беспрасьвіцьці
Бушуе выпасьвены кат
Любіць Каго, за што любіці?
I ненавідзець сіл няхват.
О Божа праведны, ты сілу
Сваю вяліку акажы:
Ня згінуць з Бацькаўшчынай мілай
Свайму слузе дапамажы.
Сашлі мне сьветлую падмогу
Астаткі сіл сваім аддаць
I не зрабіўшы брату злога
Пад крыжам бацькавым сканаць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора