Шрифт
Фон
*** За праўду
За праўду, за шчасце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду ня дайся, свайго дабівайся.
Адвага хай будзе з табой!
Хай горкія сьлёзы, што ў сьпёкі, ў марозы
Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
І ў сэрцы распаляць агні.
Хоць віхры шалеюць, хоць песьні нямеюць,
Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасьце і славу
Душу вырывай зь цемнаты.
Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі
Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей.
Дык жыва ж к пачатку ня час спаць у шапку,
Валяцца, як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
Збудзіўся і к праўдзе заве!..
Мая думка
Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;
Абыймецца зь небам, пакоціцца ў мора,
Ў вялікае мора людскога жыцьця.
I ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць, аж выклікне песьню
Ўжо зь песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязьведанай далі,
К вядомай павернецца долі людской;
Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі,
Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой!
На небе свабода, сьвятло і прывольле,
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей
I так безупынку, то к небу дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;
То скоціцца ў мора, ў вялікае мора
Людскога, забытага шчасьцем жыцьця.
Мой дом
Мой дом прывольле зьвёзднай далі,
Арламі мераны абшар,
Дзе бітвы точаць ветраў хвалі
Зь сямёй глухіх калматых хмар.
*
Мой дом амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Дзе сьмех русалчын, лесуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.
*
Мой дом пясчаныя разлогі,
Пакута сьцюжы і сьпякот,
Дзе ў скібах лад вядуць нарогі,
Аздобай цьвет чырвоны пот.
*
Мой дом узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.
Як я полем іду
Як я полем іду, гнецца колас ка мне,
Зь ім маркотнай душой ціха шэпты вяду;
Колас чуе усё ў зачарованым сьне,
Колас гнецца ка мне, як я полем іду.
Як я лугам іду, траўка сьцелецца ў ног,
Абсыпае зь сябе жыўчых росак ваду;
Кветкі жаляцца мне поўны дзіўных зьнямог,
Траўка сьцелецца ў ног, як я лугам іду.
Як я лесам іду, зважна думкі сную,
Аглядаю сьвятую дубоў грамаду;
Там, як дома, сабе з пушчай песьні пяю,
Зважна думкі сную, як я лесам іду.
Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце;
Бледны сум падыходзіць прыносіць нуду;
Ў заплясьнелым кутку цень касьцісты цьвіце,
Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.
Я ад вас далёка
Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня,
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
Я ад вас далёка скажуць гэтак людзі
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
І паняў хто шчыра той агонь і мора,
Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;
Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі.
Я ад вас далёка А дзе ні гляджу я
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю толькі рэчку з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны,
Што мне замянілі б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?..
Я ад вас далека Дзеліць нас паўсьвета,
А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;
Чую з вамі ўвосень непагоды песьню,
Цешуся з праталін вольнага прадвесьня,
І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе,
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю як толькі сустракаю гусі,
Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
Я ад вас далёка Жыву між чужымі,
Чую ж вашы песьні, водклік шлю сваімі;
Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далёка Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы,
Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:
Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца,
Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Мінуты шчасьця
Сплылі ў душу з высі высокай
I зацьвілі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
На дальнім летнім небасхіле.
Цьвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаньнем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
Цяклі нявыплаканай сілай.
Вялі па сьцежках нехаджалых,
Арлом узносілі на скалах,
Карону клалі ў міртных хвалах
На ўсёй будзённасьці завілай.
Так асянялі, панавалі,
Як сонца бліск на вод крышталі,
Аж пацягнулі вышай, далей,
Туды, адкуль сышлі так міла.
Вітаю іх і не вітаю,
Стаю, як пільгрым на расстаю
Ў чужым далёкім недзе краю,
Як над пустой стаю магілай.
Вячэрняя малітва
Як летняе сонца свае згасіць косы
I кветкі нябесны зайграюць нясьмела,
Ноч сее тады серабрыстыя росы,
Над логам зьвісае туманнай пабелай.
Ад бледнага месяца бледныя цені
Зь сялібаў і пушчы кладуцца на гоні;
Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў,
Устануць, пастануць слупамі ў прасоньні.
Цікавая думка над сном усплывае,
Вяртаецца зь цішай і просіцца ў сэрца,
Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая,
I вогнікам ціхім навокала ўецца.
Малітва вячэрняя ў той час выходзе,
Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі,
I пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе
Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.
О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша
З планетнай зарніцай і месяцам бледным!
Хай песьня спакою душу укалыша
I вынесе чыстай над шумам пабедным!
Шрифт
Фон