Праз пару дзён мы пакідаем Мэхіка і перасяляемся ў горную вёску Сан-Хасэ-дэль-Пасіфіка. Гэтае невялічкае паселішча знакамітае ледзь не на ўвесь свет дзякуючы галюцынагенным грыбам (іх тут як на радзіме дзьмухаўца вясною). Дзякуючы гэтай фічы вёска амаль круглы год пад дышаль забітая валацугамі ўсіх масцяў.
Мы селімся ў хіпарскай камуне Casa de Catalina, і нас адразу ж частуюць адварам з канабісу. Пакуль мы з кожным глытком апускаемся ўсё глыбей у незапланаваны трып, суседзі разводзяць агонь у каміне і падаюць вячэру. Суп вельмі смачны, але есці замінаюць назойлівыя зорачкі, якія лётаюць вакол. Я адганяю іх рукамі і азвярэла наярваю лыжкай. Недарэчы ў поле майго зроку трапляе агонь з каміна, і я ўмомант забываю пра ежу. Як начны матылёк, загіпнатызаваны вулічным ліхтаром, заліпаю на языках полымя. Воля з націскам апускае маю руку з напоўненай лыжкай назад у талерку, і мы абое губляемся з жыцця на цэлую гадзіну.
Мы ўпісваемся на човен да гватэмальскага Лівінгстана у гэты калісьці буйны партовы горад можна трапіць толькі па вадзе. За гадзіну марской гонкі на спід-лодцы я да сіні адбіваю сабе яйкі аб лаўку і высаджваюся на сушу пры дапамозе ўсіх чатырох канцавін. Два чорныя амбалы дапамагаюць мне выцягнуць на бераг заплечнік і тут жа прапаноўваюць купіць травы. Я адмаўляюся, бо ў нас з Воляй ужо запланаваная культурная праграма.
Мы селімся ў хостэл на ўскрайку горада, затарваемся салодкім і прымаем беражліва схаваныя ад усіх памежнікаў маркі ЛСД. У акне без аконнай рамы разлітае мора, над якім вісяць хмары колеру сырой зямлі. Цямнее. Густая чарната міксуецца са шчыльным святлом вулічных ліхтароў. Нас выносіць вонкі і цягне па вузкіх вулачках гарадка. Крамы пакрытыя цвіллю, чорныя
людзі замерлі ў чорных падваротнях, паветра можна катаць у чорныя снежкі. Мы запавольваемся, каб лепей разгледзець брук, упіцца вачыма ў твар чарговага мінака, урубіцца ў трапяткое святло, якое ледзь прабіваецца праз вершаліны дрэваў. Мясцовая футбольная пляцоўка набітая бліскучымі чорнымі целамі, што перапасоўваюць адно аднаму мяч-ядро. Мы заліпаем на гэтую шаманскую карцінку, і, здаецца, нас ужо нішто не зможа ссунуць з месца. Уся рэчаіснасць выразна вывераны кадр.
Маё «я» тым часам губляе межы. Я расплываюся ў прасторы тонкай празрыстай коўдрай. Я захутваю свет сабой. Я раблюся чыстай увагай трэскам струн, хрусткімі стрэлкамі гадзінніка, густой ватай неба. Інтэрпрэтацыя губляе сэнс, словы разбураюцца ў літары, знакі не маюць значэння. Свядомасць, вострая як брытва, знаходзіць прыгажосць ува ўсім. Маштаб увагі няважны мімалётнае адлюстроўваецца ў вечным, і разам яны аднолькава ідэальныя.
Мы выходзім на прычал. Чорныя хвалі бюцца аб бетон. Нібы голыя, мы ляжым на мокрым халодным асфальце. Здаецца, ідзе дождж. Мы ловім кроплі вуснамі і плачам ад убачанага. Мы перажываем экзістэнцыйнае паражэнне.
На каўчсёрфінг мне прыходзіць запрашэнне ад шыракаскулага гандурасца Хорхэ. На выгляд яму каля пяцідзесяці. А яшчэ ён валодае досыць вялікім гатэлем у надта малым мястэчку Замбрана непадалёк ад сталіцы. Мы вырашаем, што гэта нядрэнная магчымасць перадыхнуць ад стамляльнай вулічнай сумятні, і бяром курс на гатэль.
Хорхэ паўстае перад намі неверагодна ветлівым чалавекам. Ён адзін жыве ў сваім вялікім гатэлі, які перажывае не самыя лепшыя часы. Будынак больш нагадвае старую еўрапейскую сядзібу і рэзка вылучаецца сярод тыповага гандураскага гаўнабуду. Мы раскладваем рэчы на апошнім паверсе, у пакоі з малым балконам і панарамным відам на пышныя клёны.
Мы планавалі правесці тут тры дні, але яны павольна расцягнуліся на тры тыдні. Штодня Хорхэ гатуе для нас неверагодныя абеды, ад якіх мы нават трохі назапашваем тлушчыку. Воля бярэ на сябе абавязкі домработніцы і дапамагае Хорхэ на кухні. Я выпраўляю дробныя бытавыя касякі: рамантую машыну, лакірую аблупленыя дзверы і аконныя рамы, перакладаю чарапічны дах.
За першыя два тыдні нашага пастою ў гатэль не завітаў ніводзін бяздомны сабака, я не кажу ўжо пра кагосьці больш плацежаздольнага. Мы з Воляй вырашаем зрабіць Хорхэ новы сайт і тыдзень распрацоўваем лагістыку і дызайн. Калі дэманструем гаспадару канчатковы варыянт, добры самотны Хорхэ расплываецца ва ўсмешцы і некалькі наступных дзён кожную гадзіну дзякуе нам за тое, што мы ёсць на свеце.
Час, праведзены у ціхім утульным гатэлі, я назваў бы самым улагоджаным адрэзкам свайго падарожжа. Цёплымі вечарамі мы з кубкамі гарбаты доўга сядзім на балконе і разглядаем кароны дрэваў. Часам Воля сядае ўдасканальваць сваю іспанскую, а я раблю замалёўкі ў нататнік. Нам добра і спакойна. Так спакойна, што хочацца проста заплюшчыць вочы і замаўчаць.
Дух гэтага месца нагадвае мне доўгія летнія вечары на вёсцы ў маіх старых. Я, зусім яшчэ маленькі, сяджу пад ліхтаром на лавачцы ля хаты і разглядаю жмені зорак. Гудзе малаказавод. Недзе ўдалечыні брэшуць сабакі. Бабуля нясе з хлява сырадой. Я сяджу і гляджу ўверх. І няма нічога цяплейшага за гэты просты вясковы ўклад.
Глава 5. Рома ў Нікарагуа, Коста-Рыцы і Панаме
ДэпартацыяПраз месяц рэлаксу ў Гандурасе мы нарэшце дабіраемся да мяжы з Нікарагуа. Памежны пост размешчаны ў смярдзючай пянай вёсцы на беразе бруднай ракі. Без праблем праходзім гандураскую мяжу, але на нікарагуанскай нас чакае ліхі замес.