Мы павольна прабіраемся па Коста-Рыцы праз залітыя залатым сонцам лугі з рэдкімі размашыстымі дрэвамі. Пад імі, дакладна паводле правілаў кампазіцыі, раскіданыя беласнежныя каровы і стрыжаныя авечкі проста біблейскія пейзажы.
Кіроўцу клічуць Хуан. Поўны, няголены, лагодны сальвадорскі мужык ён у нейкай не ўласцівай гэтаму рэгіёну будысцкай манеры марудна накіроўвае свой кавалак жалеза некуды на поўдзень. Воля адрубаецца на ложку ў задніку кабіны. Я шырэй прыадчыняю рыпучае акно старажытнага амерыканскага цягача і высоўваюся вонкі. За бортам душна і збіраецца дождж.
Два апошнія месяцы я пачуваюся лугавым трусам. Жыццё траваеднага пастаянна звязанае з сурёзнымі стрэсамі. Кожны сустрэчны наровіць зняць з цябе твой беленькі пушысты кажушок сваім востранькім сцізорыкам. Кожны квапіцца на тваю бяскрыўднасць, і ты вымушаны быць гатовым да разборак, бойкі або ўцёкаў у рэжыме 24/7. Небяспека пільнуе цябе за кожным вуглом.
Вось ідзе па дарозе дзед у шырачэнным капелюшы з мачэтэ наперавес. І быццам бы хочацца яму ўсміхнуцца, але ты на ўсялякі выпадак стараешся не сустракацца з ім позіркам яшчэ секане з пляча, хер яго ведае. Кожны другі кіроўца захоўвае ствол пад сядзеннем або ў дзвярной кішэньцы, і ўжо дакладна кожны першы мае ў салоне заточаны кавалак сталі. На пастаянны кантроль тут сыходзіць шмат сілаў, і папросту не застаецца энергіі на подзвігі.
Да таго ж падарожжа па Коста-Рыцы выходзіць дужа накладным. На даху ночку больш не перагасішся каб трапіць туды, прыйдзецца прайсці праз тры пласты калючага дроту. У полі таксама асабліва не пакімарыш ад выгляду безабароннай палаткі мясцовыя налётчыкі, напэўна, пусцяць слязу шчасця. Застаюцца самыя ўбогія гатэлі, якія ўсё роўна ўстаюць у капейчыну.
Цэнтральная Амерыка прасякнутая атмасферай поўнага недаверу.
Чуллівы вадзіла выдае гамак, і мы развешваем яго пад прычэпам з туалетнай паперай. Рэчы беражліва хаваем у кабіну. Наяўнасць ахоўніка на стаянцы трохі супакойвае, і мы ўкладваемся ў абдымку, накрыўшыся спальнікам. Ноч гусцее. Рык машын, якія снуюць па трасе, зліваецца ў калыханку. Я лёгка разгойдваю гамак і павольна правальваюся ў сон.
Манатонны гуд коста-рыканскай ночы псуюць упэўненыя бадзёрыя крокі. У паўсне я разляпляю вочы. За некалькі метраў ад нас на секунду заміраюць тры чорныя фігуры. Імгненне яны драпежна свідруюць вачыма наш цень і рэзка кідаюцца ў атаку. Я паспяваю крыкнуць: «Воля!» і зрываюся з гамака ў прастору пад прычэпам. Два злодзеі з аднаго боку і адзін з другога спрабуюць арудаваць мачэтэ, але дзякуючы прыпаркаваным упрытык трэйлерам метровай жалязякай моцна не памахаеш. Мы што ёсць сілы крычым. Бандыты відавочна разгубленыя атака сарвалася. Малойчыкі робяць ногі, і мы чуем рокат матора, які іх уносіць.
Нам не адразу ўдаецца прыйсці ў сябе. Мы ломімся ў кабіну да вадзілы і блытана, на трох іспанскіх словах тлумачым яму, што адбылося. Ён хапае свой нож і бяжыць аглядаць машыну. Высвятляецца, што прычэп паспелі ўзламаць, але туалетная папера не абяцала рабаўнікам сурёзнага навару, таму засталася некранутай. Мы грузімся, даем па газах і хутка звальваем з месца здарэння у любую хвіліну бандыты могуць вярнуцца з падмацаваннем.
Нам з Воляй шанцуе, мы абое абыходзімся лёгкімі драпінамі. Хуан, ад імя ўсіх народаў Цэнтральнай Амерыкі,
просіць у нас прабачэння. Матор раве мы зноў пажыраем цемру.
У адно імгненне ты з чалавека ператвараешся ў звера. Ты і сам не заўважаеш, як здараецца гэтая трансфармацыя, як вылазяць кіпцюры, напаўняюцца крывёю вочы, а клыкі нацэльваюцца ў горла праціўніка. Ты больш не можаш гаварыць, толькі рыкаеш і крычыш.
Страх смерці знаёміць цябе з тваім унутраным зверам. Потым складана паверыць, што секунду таму ты рыхтаваўся ірваць зубамі плоць. Але хутка ты разумееш, што толькі што па-сапраўднаму прачнуўся. Убачыў сябе, закапанага пад пластом грамадскіх дамоваў. Смерць не трывае пасярэдніцтва культуры. У сутычцы застаюцца толькі чыстыя інстынкты. У абсалютнай астачы застаецца звер.
Кожны з нас у большай ці меншай ступені перакладае пытанні бяспекі ўласнага жыцця на той ці іншы інстытут. Мы выбралі пасярэднікаў у асобе дзяржавы, арміі ды паліцыі. Шмат у чым гэта сапраўды эфектыўнае рашэнне праблемы. Але ў той жа час гэтая традыцыя нараджае іншую сурёзную праблему. Адказнасць за захаванне ўласнага жыцця заўсёды ляжыць выключна на індывідзе, якому яно належыць. Тут проста няма месца пасярэдніцтву. Калі дзяржмашына бярэ на сябе ролю абаронцы, яна легалізуе сваю ролю Айца. Індывід, які пражыў жыццё пад апекаю, успрымае бяспеку як нешта натуральнае. Пасярэдніцтва дзяржавы ў пытаннях бяспекі выхоўвае ў людзях інфантылізм.
Толькі Бацька мае права на праяву гвалту. Дзеці заўсёды яго апраўдаюць. Асабліва калі Тата абараняе сваіх нашчадкаў на паўвостраве. Дзеці будуць вадзіць карагоды да таго часу, пакуль каля іх не пачнуць лётаць кулі. Сталенне наступіць з раненнем у нагу.
Кожны раз, сядаючы ў машыну, я наперад ведаю ўсе пытанні кіроўцы. Я вымушаны крывадушнічаць, рабіць выгляд, што мне цікава тысячны раз зачытваць з памяці спіс краін, праз якія праехаў. Я не магу абмеркаваць глабальныя рэчы, якія мяне сапраўды хвалююць, бо ў дзевяноста дзевяці выпадках з сотні мяне падвозяць простыя людзі. Таму я рады кожнаму сустрэчнаму пікапу, бо гэта шанец проста заскочыць у кузаў і не граць зноў спектакль пра вясёлага спадарожніка.