Калі я прачынаюся, на стале мяне ўжо чакае яешня. Бая ўсё гэтак жа паліць за кнігай. Яна вельмі шмат паліць. Я снедаю і кажу, што павінен ехаць далей. Мы развітваемся.
Я вяртаюся да яе праз два дні без усялякага папярэджання. Я рады яе бачыць. Яна варыць моцную каву, выпальвае цыгарэту. Побач з ёй я губляюся. Яна такая натуральная са сваімі цыгарэтамі і татуіроўкамі і тое і другое я прывык адносіць да ненатуральнага, дрэннага і забароненага. Усе школьныя гады я быў добрым хлопчыкам у злым раёне горада. Я не паліў і не піў, таму што ўсе пілі і палілі. Я лічыў сябе пераможцам, што ведаю, як трэба. Таму ў іншай сітуацыі я папрасіў бы яе затушыць цыгарэту. Але нешта пайшло не так, і мы цалуемся, лежучы на падлозе.
Вадзіла на хаду разлівае чачу па кубках
Увечары нарэшце прыязджае Жэня, мой напарнік, з якім яшчэ ў Менску мы вырашылі разам праехаць частку маёй кругасветкі. Да гэтага моманту з ім не было ніякай сувязі, і я ўжо пачаў хвалявацца.
Жэню дзевятнаццаць гадоў. Акрамя турыстычнага абсталявання ў яго з сабой дзве флейты і бел-чырвона-белы сцяг. Ён любіць паводзіць сябе, як зануда, за што звычайна адхоплівае пендаля. За сняданкам мы робім па дваццаць адцісканняў. Кругасветка гэта справа больш жорсткая, чым служба ў войску!
Тбілісі робіцца маім чацвёртым любімым горадам, пасля Берліна, Львова і Шанхая. Але дарога кліча, і мы вырашаем гнаць у нацыянальны парк Тушэці, у горы. Першая спроба не ўдаецца уначы на выездзе з горада нас падбірае Сандра, мужык гадоў сарака, які проста на хаду пачынае разліваць чачу па шклянках і смачна яе жлукціць. Мы едзем амаль у поўнай цемры па серпанціне проста да мяжы з Чачнёй. Я ўпершыню ў жыцці добра пяны. Мы прыязджаем на месца гадзіне а трэцяй ночы. Сандра селіць нас у бараку з рабочымі, якія будуюць ГЭС на рацэ.
Раніцай мы ідзём глядзець на вадаспад за некалькі кіламетраў у гарах. Я стаўлю штатыў на беразе, каб зняць бурлівую раку. Праз секунду мае ногі ўжо пад вадой. Плынь вельмі магутная, і я ледзь утрымліваю сябе і камеру. Страшна
і смешна робіцца толькі праз пару хвілін. Насамрэч у мяне былі ўсе шанцы зрабіцца кормам для чарнаморскіх крабаў.
Наступнай раніцай мы яшчэ раз спрабуем трапіць у Тушэці, але замест гэтага трапляем у парк Лагадэхі. У інфацэнтры парку знаёмімся з дзяўчатамі з Польшчы. Юля і Клаўдзія прапаноўваюць разам рушыць па маршруце. Размаўляем на сумесі англійскай, польскай і беларускай. Робім спробу падняцца ў горы на тры тысячы метраў, але губляемся і вяртаемся назад. Жэня моцна апякаецца ў гарах баршчэўнікам, але мы не адразу разумеем, што гэта за пухіры, і вырашаем, што Жэня хутка памрэ.
Да мора гадзіна язды, і мы ірвём славянскім складам у Батумі. Дзяўчаткі натыкаюцца на грузінскае хаспіталіці і завісаюць на дзень у Сігнахі. А мы з Жэнем ляцім далей, спыніўшы на дарозе спачатку мянтоўскаю тачку і адразу за ёй маладога хлопца, што працуе ў міністэрстве і займаецца інтэграцыяй Грузіі ў Еўропу. Гэта адзіны чалавек у Грузіі, які кажа мне, што яму падабаецца Саакашвілі.
Ён высаджвае нас пад Батумі каля другой гадзіны ночы. Жэня рыхтуецца ўпершыню ў жыцці ўбачыць мора. Праз нейкі час мы сядзім на беразе і смяёмся. Словаў асабліва няма. Мы проста шчаслівыя. Мясцовы хлопец раіць нам месца для палаткі і дорыць мяшок ежы. Тут гэта нармальная справа дарыць ежу. Нас увесь час частуюць чым-небудзь смачным і запрашаюць на начлег.
Наступным днём мы сустракаемся ў Батумі з нашымі загулялымі сяброўкамі Юляй і Клаўдзіяй. Батумі найлепшы горад на ўзбярэжжы Чорнага мора, у якім я бываў. Усё навокал патыхае дабрынёй і гасціннасцю, нягледзячы на тое, што горад курортны. Тут у цябе няма пастаяннага пачуцця, быццам хтосьці спрабуе цябе надурыць.
Увечары на пляжы мы з полькамі ладзім дэгустацыю грузінскага віна. А пасля пяных танцаў пад музыку з суседняй танцпляцоўкі разбрыдаемся па горадзе, каб знайсці месца для начлегу. Мы соваемся ў кожны двор, каб знайсці пляцоўку для намёта. Нарэшце, праз гадзіну пошукаў, уладкоўваем свой тканінны дом пад інжырным дрэвам.
Гэтае месца зробіцца нашым домам на наступныя тры дні. Кожную раніцу хтосьці з жыхароў суседняга дома будзе багата частаваць нас ежай. Мы будзем тусіць цэлымі днямі на ўзбярэжжы, слухаць музыку на джаз-фестывалі. У цэнтральным парку я пазнаёмлюся з крутымі іранцамі Соху і Самае. Яны падарожнічаюць вакол свету на роварах і заязджаюць ва ўсе дзіцячыя дамы па дарозе. Новыя знаёмыя запросяць мяне паехаць з імі ў вёску непадалёк Батумі. Жэня застанецца ў горадзе. Наступныя некалькі тыдняў мы будзем падарожнічаць паасобку.
Трыццаць гадоў таму на месцы гэтага дзіцячага дома была псіхушка. Унутры пашарпаныя сцены і хворыя дзеці. Іранцы разлічвалі працаваць з дзецьмі ўзростам каля дзевяці гадоў, але самаму старэйшаму тут толькі шэсць. Мы ставім свае намёты, выдаём дзецям ліхтарыкі, возім іх на роварах і разам малюем фламастарамі на нашых турыстычных кілімках. Мы выдатна праводзім час, але вельмі вымотваемся.
Соху і Самае кажуць, што ў Турцыі ім забаранілі наведваць дзіцячыя дамы, бо нейкі амерыканец схаванай камерай зняў фільм пра гэтых дзетак і выклаў у інтэрнэт.