Роман Свечников - Рома едзе. Кніга 1 стр 16.

Шрифт
Фон

Азербайджанцы прапускаюць нас за дзесяць хвілін, а вось на расійскай мяжы мы праводзім гадзін сем. З-за страчанага часу даводзіцца начаваць у полі непадалёк ад трасы.

Пакуль мы дабіраемся да Махачкалы, кіроўцы тройчы дораць нам па пяцьсот рублёў. Мы не чакаем такой любові ад дагестанцаў. Дый наогул, мы глыбока ўражаныя тым, што ўсе яны вельмі ветлівыя і часта добра адукаваныя. Агрэсію праяўляюць толькі мясцовыя маладыя і борзыя варацілы. Раз-пораз з якой-небудзь таніраванай «капейкі» хтосьці паказвае нам фак. Адзін альфа-самец нават вылазіць з машыны, каб разабрацца з намі, памылкова прыняўшы нас за масквічоў. Мы ўціхамірваем яго пявучай беларускай мовай.

Праязджаем Махачкалу і вырашаем раздзяліцца да Уфы. З неверагоднай хуткасцю я дабіраюся да Саратава. Калі б я заўсёды так ездзіў, то па экватары аб'ехаў бы зямны шар за месяц.

А сёмай раніцы на запраўцы за дваццаць кіламетраў ад горада я заўважаю дзяўчыну Наташу. У яе на шыі вісіць стужкавая панарамная камера, і я адразу ж разумею, што нам ёсць пра што пагаварыць. Праз гадзіну я ўжо сяджу на кухні ў яе бацькоў і ем найсмачнейшы суп на планеце. Потым мы з дзяўчынай цэлы дзень разязджаем па мясцовых фермах і палях у пошуках агракадраў. Наташа ў захапленні ад ранішніх палёў, а я ў захапленні ад Наташы. Мне падабаецца тое, з якой хуткасцю яна расходуе стужку. Помніцца, я неяк траціў не больш за катушку на тыдзень, яна адразу чатыры за пару гадзін:

Я не шкадую грошай на творчасць, для чаго яшчэ жыць? кажа яна.

Дарога сутыкае мяне з выдатнымі людзьмі. Жыві мы ў адным горадзе, абавязкова зрабіліся б блізкімі сябрамі. Але нязведанае кліча, таму я купляю білет на цягнік да Уфы і вечарам выязджаю.

Званіць мабілка. Мама кажа, што памерла бабуля.

Бабуля памерла?

Яна сказала, што будзе жыць, пакуль яе ўнук вучыцца... Мне да дому тры тысячы кіламетраў. Гэта, на злом галавы, тры дні дарогі. Можна яшчэ на самалёце. Назад у Менск? Я не магу, ніяк не магу.

Цягнікі сутыкаюцца ўнутры мяне, рэйкі плавяцца, зварухнуцца не атрымліваецца. Калі б толькі мяне было два!

Мне вельмі хочацца адпачыць ад дарожных размоваў, і паўдарогі да Уфы я маўчу, але адзін са спадарожнікаў усё роўна пачынае распытваць мяне. Слова за слова, і да размовы падключаюцца суседнія купэ. Урэшце мяне забяспечваюць ежай на некалькі наступных дзён.

Уфа вельмі падобная на Менск сваімі сталінскімі будынкамі, спальнымі раёнамі і колькасцю заводаў. Тут ужо прыкметна халадней. Я закупляюся ў сэкандзе зімовай вопраткай. Усё на грошы, зэканомленыя на квітку ў Казахстан.

Машына за машынай і я ўрываюся ў Сібір. На кальцавой Чэлябінска я спыняю дальнабоя Юру. На яго руцэ набітае воблачка, усярэдзіне якога напісанае імя «Наташа». З размоваў за жыццё я даведваюся, што яго жонку клічуць Вера, а палюбоўніцу Маша. Хто ж гэтая таямнічая Наташа, я так і не адважваюся спытаць.

За акном мільгаюць толькі балоты і лясы. Тэмпература апускаецца ніжэй за нуль, пра што сведчаць замёрзлыя кроплі на люстэрках задняга віду. Ад холаду размаўляць не хочацца мы прабіраемся праз тайгу. На навасібірскай развязцы нашы шляхі разыходзяцца, Юру на Кемерава, а мне на Алтай.

Я планую затрымацца ў Навасібе на пару дзён. Мясцовыя байкеры падказваюць мне кавярню, у якой я спадзяюся знайсці ўпіску. Яны апісваюць яе як месца, дзе тусуюцца «ўсялякія дрэдастыя». Гэтак і здараецца: я знаёмлюся з дрэдастай афіцыянткай Насцяй. Насця маленькая, ёй дваццаць чатыры, у яе зататуяваная левая рука, яна смяецца, быццам мульцяшны персанаж. Я пасяляюся ў яе на кухні. Пара дзён плаўна перацякаюць у пару тыдняў. Я сплю па дванаццаць гадзін і нічога не раблю. Я маю вялікую патрэбу ў такім адпачынку.

За мінулыя месяцы я пазнаёміўся з сотняй людзей і праехаў больш за дзесяць тысяч кіламетраў. Даводзілася спаць на вуліцы, даядаць за кімсьці ў «Макдоне», не мыцца тыднямі і прасіць міласціну. Я выдатна разумею, што такое жыццё на вуліцах урбана. На Алтаі мноства аддаленых паселішчаў. Пакуль я дакладна не ведаю, куды накіроўваюся, але прыйшоў час выбірацца з гарадоў.

Глава 5 Рома на Алтаі

Дом на краю зямлі

У цемры я выходжу з Паспаўла. Да Чарбая каля трыццаці кіламетраў лесавознай дарогі. Чарбай схаванае ад цывілізацыі паселішча ў горнай тайзе, у якім пастаянна жывуць усяго некалькі чалавек. Пешшу дабірацца туды ніяк не менш за шэсць гадзін, на транспарт спадзявацца не выпадае дарога ў такім стане, што на ёй у самы раз ладзіць трофі-гонкі.

Першае, з чым даводзіцца змагацца, страх перад начнымі гукамі лесу. Важна замацаваць у мозгу, што ў гэтую пару года есці цябе ніхто не збіраецца у гушчары да халеры лёгкай здабычы. Звер можа напасці, толькі калі сам спалохаецца. І каб ты не быў для яго сюрпрызам, ісці праз лес трэба бадзёра і гучна. Я падымаю дух песняй «Служили два товарища».

Другая праблема моцная забалочанасць мясцовасці. Чаравікі тонуць у месіве, раз-пораз даводзіцца абыходзіць велізарныя лужыны. Праз дзесяць кіламетраў я сутыкаюся з першай сурёзнай перашкодай ракой. У месцы, дзе яе перасякае дарога, плынь, здаецца, не глыбейшая, чым па калена. Абутак адразу ж прамакае наскрозь, я грэюся думкай пра тое, што наперадзе гарачая гарбата і цёплая печ. Праз чатыры гадзіны пачынаю нервавацца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора