Ох, донька-донька, уцякла, праз вакно ўцякла, ласкава ўсміхнулася Сцяпаніха. І ў каго гэткая гарэза?.. Пэўна, і скутар з гаража цішком звяла?
Валянціна Пятроўна Ціхан, па-вясковаму Сцяпаніха, была як дзве кроплі вады падобная на дачку Марыю, толькі трошкі болей зморшчынак каля вачэй, а замест касы мадэльная стрыжка, якую раз у тры месяцы рабіла ў раённым цэнтры. Яшчэ і цяпер у свае шэсцьдзясят два гады Валянціна Пятроўна працавала ў школе на палову стаўкі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Муж Сцяпан больш за сорак гадоў адпрацаваў механікам у гаспадарцы. Калі ж Дабрынкін стаў старшынёй, абавязкі склаў, прынцыпова пакінуў пасаду. Ціхан не хацеў, ды і не мог у зяця-прымака быць падначаленым. Не дапамаглі і ўгаворы раённага начальства, больш таго, іх бяседы падлілі масла ў агонь. Па гадах мог на пенсію выйсці, нават пачаў афармляць дакументы і нечакана перадумаў, напісаў заяву, каб яго перавялі працаваць на ферму пастухом.
Даўно чорная котка прабегла між цесцем і зяцем, а іх і сёння не ўдаецца прымірыць. Прычына разладу самая што ні на ёсць бытавая і да смеху банальная, але гэта толькі на першы пагляд.
З ранняга маленства ўнучка ўсё лета жыла ў дзядулі з бабуляй. Любіла Насця казкі слухаць, а дзядуля Сцяпан іх расказваць. Даволі хутка Сцяпан Іванавіч перачытаў усё, што было ў калгаснай бібліятэцы, а другі раз, вось бяда, унучка слухаць не захацела, з характарам дзяўчынка. Думаў-думаў дзядуля і прыняў рашэнне: сам буду складаць. На свой лад пераказаў казку пра сябе і бабулю, унучцы спадабалася. Не абмінуў маму, тату і ўсю хатнюю жыўнасць: трое парасят, дзве казы, курэй, індыкоў Ад коткі, сабакі і трусоў Насця была ў захапленні, але больш за ўсё смяялася ўнучка з любімага таткі, які па начах ператвараўся ў надакучлівага камарыка. «Калі падабаецца ўнучцы, спадабаецца іншым дзецям», падумаў Ціхан і некалькі прыдумак даслаў у раённую газету. І якая ж радасць казку пра камарыка надрукавалі!.. Праўда, Сцяпан Іванавіч і слоўца свайго не знайшоў, гэтак рэдактар перапісаў тэкст, але яму дастаткова было бачыць назву твора (не бяда, што камарык ператварыўся ў крывасмока), галоўнае прозвішча, тлустым шрыфтам надрукаванае.
Пасля гэтага Сцяпан Іванавіч запусціў бараду «пад Хемінгуэя», пісчую машынку набыў і люльку, хоць курцом не быў. Прыдумкі перадрукаваў і бандэроллю адправіў у вядомае мінскае выдавецтва.
Час імкліва бег, адказу не было, але маўчанне «калег па пяры» не засмучала, наадварот, у чаканні прызнання Ціхан адчуваў шчымлівую асалоду і ў нейкі момант зразумеў, што для яго зусім не важныя, не маюць значэння высновы прафесіяналаў.
Галоўнае тое, што ён сам думае пра сваю творчасць. А пра сябе, калі казаць праўду, мроілася гэткае, што ў нейкі момант Сцяпан Іванавіч пачаў падумваць пра змену прафесіі.
Хутка выявілася, што сюжэтаў катастрафічна не хапае, і новаспечаны казачнік вырашыў героямі выдумак зрабіць аднасяльчан. І зарыпела пяро Ведзьмары і вядзьмаркі, дамавікі і цмокі, лесуны, каракаціцы, русалкі, вадзянікі і ўсялякая іншая нечысць сталі галоўнымі героямі выдумак Сцяпана Ціхана і, канешне, дзяўчынка Наста, якая змагаецца і перамагае суседзяў-нячысцікаў. Аднаго не ўлічыў аўтар: не ведаў дзядуля, што ўнучка па вялікім сакрэце пачутае шэпча сябрам, а дзятва гэтыя «сакрэтныя» байкі пераказвае бацькам.
Расшавяліў Сцяпан Іванавіч Навасёлкі, загула вёска, быццам рой пчаліны. Па-іншаму і быць не магло. Які гаспадар пагодзіцца з вобразам трохгаловага цмока, ў якога штодзень дзве галавы гарэлку пюць, трэцяя пахмяляецца, а гаспадыня на мятле па хаце лётае?..
Давялося Сцяпану Іванавічу прыпыніць літаратурную дзейнасць. А што зробіш, калі вяскоўцы калектыўную паперу ў газету напісалі і судом пагражаюць?.. І ўсё ж Ціхану ўдалося змякчыць сітуацыю. З кім гарэлкі выпіў, каму тэхніку адрамантаваў, а каму і грошы пазычыў без аддачы. Карацей, ўмасліў суседзяў. Дый «ганарар» героі атрымалі неблагі, нават цяпер хто-ніхто ўспомніць тыя выдумкі, калі трэба машыну да ладу давесці ці грошы пазычыць. А вось з зяцем атрымалася нявыкрутка. Жартаўнік Дабрынкін нечакана не тое што пакрыўдзіўся, ён раззлаваўся і на доўгія гады крыўду затаіў. Што ні кажы, а Дзмітрый Дзмітрыевіч быў адзіны, каго ў газеце абазвалі камарыкам-крывасмокам А вяскоўцы імгненна прыляпілі мянушку «зяць-крывасмок». Хто ж гэткае спусціць?
Праўда, і Дабрынкін ў даўгу не застаўся. Неяк Насця казу з хлеўчука выпусціла, а тая ў грады, у капусту. Каза шкадлівая была, але трымалі, бо ўнучка толькі ад яе малачко піла. Ціхан у гэты час бараду сваю шкіперскую падстрыгаў. У вакно ўбачыў, на вуліцу выбег і давай ганяць шкадлівую. Каза не паддаецца: у хлеў не хоча, уцякае, бляе, барадой трасе. Гаспадар спатыкнуўся і торкнуўся тварам у зямлю, толькі што курыным памётам угноеную.
А зяць насміхаецца: «Даўней людзі казалі, што мужыку вусы чэсць, а барада і ў казла ёсць Ты, Сцяпан Іванавіч, бародку далонькай прыкрый Не пазнае Манька, баіцца Пэўна, за казла прыняла»
Ціхан не вытрымаў здзеку, кінуўся на зяцька з кулакамі, пакаціліся мужыкі па зямельцы. Цесць-здаравяк ухопіць крыўдзіцеля і сіліцца зяця таксама торкнуць тварам у тое самае курынае месіва, а зяць-уюн лоўкі, не паддаецца, праз секунду выслізне з жалезных абдымкаў і ўжо на шырачэзнай цесцевай спіне
Капусту, моркву, буракі, гуркі, парнік з памідорамі і перцамі усё здратавалі, загубілі ўраджай Ужо і плот захістаўся, затрашчаў пад напорам перапэцканых цел, і толькі некалькі вёдзер халоднай вады астудзілі забіяк.
Валянціна Пятроўна з дачкой Марыяй вадой разлілі задзір, а потым іхнія рэчы склалі і выставілі чамаданы на вуліцу. Жанчыны апраўданняў не слухалі, вінаватага не шукалі, яны былі катэгарычныя ў прынятым рашэнні: «Пакуль міру між вамі не будзе у хату не прыходзьце»
Розныя целаскладам і выглядам, не падобныя характарамі Дабрынкін і Ціхан пры якіх іншых абставінах ніколі не пайшлі б на міравую, але іх яднала пачуццё любові, шчырае, да болю кранальнае, нават ахвярнае каханне да жонак. Яны ўсю ноч моўчкі прасядзелі на чамаданах на беразе возера, а пад раніцу прысунуліся ў панадворак і гэтак жа моўчкі пастукалі ў дзверы. Калі дзверы расчыніліся і жанчыны ў чаканні сцішыліся, мужчыны, не гледзячы адно аднаму ў вочы, паціснулі рукі і разам выдыхнулі: «Мір».
Іх чакалі. На стале, засланым белым настольнікам, пузацілася пляшка каньяку, падобная на вінаградную гронку. Марыя, хаваючы шчаслівую ўсмешку, паспешліва выставіла з печы гусятніцу з тушаным індыком, маці прынесла вэнджаныя мяса і каўбасу, салату, хлеб
Мір быў скрэплены і замацаваны, але засталася непрыязнасць, якая з гадамі ператварылася ў прыхаваную варожасць. Калі стала пытанне, дзе жыць сямі новаспечанага старшыні Дабрынкіна, пакуль не пабудуе сваёй хаты, зноў вырашалі жанчыны, праўда, цяпер унучка Насця была галоўным завадатарам у прымірэнні бацькі і дзядулі. Дзмітрый Дзмітрыевіч дачцэ не пярэчыў, ды і як запярэчыш, калі Насця катэгарычна заявіла, што будзе жыць толькі ў бабулі.
Сітуацыя выходзіла за сямейныя рамкі: што скажуць людзі, як ацэняць старшыню, які ў сваёй сямі ладу не мае? Вёска не горад, тут кожны на відавоку. Калі ў градах пустазелле гультайка гаспадыня, дроў на зіму не назапашана, агарод на Пакровы не абараны гаспадар гультай і пяніца. А калі сваёй гаспадаркі не мець, імгненна пойдзе пагалоска, што чалавек нячысты на руку, будзе цягнуць з калгаса, няважна, якую пасаду займае, хоць старшыні, ветэрынара, даяркі, трактарыста ці пастуха.
Ціхану таксама не вельмі спадабалася зяцева суседства, але супраць жанчын і слова не сказаў, толькі кінуў сваё любімае «А няхай»