Виктор Правдин - Парыж, Эйфелева вежа і… стр 10.

Шрифт
Фон

 Таварыш, сюдой не хады, дырка в забор хады,  з азіяцкім акцэнтам выпаліў чарнявы і, раскінуўшы рукі ўшыркі, амаль закрычаў:  Сюда апасна  ён ускінуў рукі ўгору і паказаў на высачэзны шлагбаум.  Ветер дует палка падает Ой, савсем плохо будзет голова Дырка в забор не апасна Туда хады

Алесь, з асцярогай пазіраючы больш на азіята, чым на шлагбаум, прайшоў на мехдвор праз «дырка», на якую паказваў вартаўнік.

Пустыя пабудовы, гэткі ж пусты панадворак, толькі тры старыя камбайны сіратліва туліліся каля аднаго з ангараў. Каля тэхнікі некалькі чалавек у зашмальцаваных камбінезонах і адзін у белай караткаватай тэнісцы, якая не магла схаваць вялікага жывата, аб нечым спрачаліся. Чалавек у тэнісцы нешта даказваў, махаў рукамі, торкаў пальцам угору, маўляў, пагода вінаватая ці начальству лепш відаць, але, убачыўшы незнаёмца, усе сціхлі.

За спінай пачуліся крокі, Алесь азірнуўся.

 Інжынер ваюе,  шырокай шчаслівай усмешкай расплыўся Дабрынкін і, трошкі аддыхаўшыся, дадаў:  Алесь Пятровіч, вырашылі без мяне майстэрню наведаць?

 Вы гэтак салодка спалі Напэўна, і сапраўды прымацкае жыццё не мёд  не вытрымаў, падкузьміў старшыню Гурскі.

 Салодкага, канешне, мала, але ж і ў прымакі не кожнага прымаюць,  з хітрынкай у вачах парыраваў насмешку Дабрынкін.

 Тры камбайны?.. І гэта ўсё, што мае гаспадарка?  паспешліва змяніў тэму гаворкі Гурскі і імгненна пашкадаваў: шматслоўны Дабрынкін быццам чакаў гэтага пытання.

 Што-нішто з тэхнікі ў старой майстэрні Сюды ж пераганяем толькі новае ці адрамантаванае,  цяжка ўздыхнуў старшыня і заклапочана дадаў:  Камбайны падрыхтавалі, а да канца жніва хоць бы адзін дацягнуў. Ураджай плануем сабраць неблагі, канешне, калі пагода не падпаскудзіць Толькі наш канёк малако, мяса і

 Дзім Дзімыч!

Надрыўна гукнуў інжынер, і дабрынкіскае «і» быццам завісла ў паветры. Расчырванелыя трактарысты рашуча падыходзілі да старшыні, следам сунуўся пахмурны інжынер.

 Дзім Дзімыч, хоць Вы растлумачце сітуацыю з новай тэхнікай,  умольна крыкнуў інжынер.  Нічога слухаць не хочуць Вынь да палож Аргументаў не хапае

 Аргументаў у яго не хапае!  незадаволена шэптам перадражніў інжынера Дабрынкін.  Дэмагог! Людзі працаваць прыйшлі, а не аргументы слухаць,  ён зірнуў на Гурскага:  Алесь Пятровіч, пару хвілін пачакаеце?

 Пачакаю,  згодна кіўнуў Алесь і міжвольна зірнуў на сонца, якое няўмольна кацілася да гарызонту.

Старшыня заўважыў гэты нецярплівы позірк і ўжо на хаду, думаючы пра нешта сваё, машынальна абнадзеіў:

 За машыну не хвалюйцеся: Ціхан паабяцаў  Ціхан зробіць!  Дабрынкін зрабіў некалькі крокаў насустрач трактарыстам, рэзка крутнуўся і, спрабуючы суцешыць Гурскага, амаль па-сяброўску сказаў:  Алесь Пятровіч, наконт начлегу Да сябе па вядомай прычыне не запрашаю, а ў Лявоніхі хата каля самага возера, Вам спадабаецца Гаспадыня пра Вас ведае і чакае.

Алесь некалькі хвілін вагаўся. Яму і грознага Ціхана карцела знайсці, і гаворку Дабрынкіна з трактарыстамі паслухаць. Другое перасіліла. Ён з нуля падымаў сваю фірму, і адносіны з людзьмі, асабліва падначаленымі, не заўсёды складваліся спрыяльна. Хацелася паглядзець на Дабрынкіна ў атачэнні працоўнага люду. Але больш за ўсё хацелася як мага даўжэй захаваць душэўную раўнавагу, што гэтак нечакана ахінула душу. Ён не хацеў больш перажываць аніякіх стрэсавых сітуацый, а што наперадзе чакае менавіта чарговае ўзрушэнне, ні кропелькі не сумняваўся. Таму і застаўся чакаць Дабрынкіна.

Цяпер Дабрынкін не выглядаў гэткім прастачком, здавалася, нават ростам пабольшаў, гаварыў гучна, упэўнена:

 На апошнім агульным сходзе мы, а дакладней вы, прагаласавалі за тое, каб выціснуць з тэхнікі ўсё магчымае і не магчымае, а толькі потым, аднавіўшы пагалоўе жывёлы, дабудаваўшы фермы, майстэрні і аграгарадок, думаць пра новыя трактары і камбайны.

 На гэтых,  адзін з трактарыстаў махнуў рукой на старыя камбайны,  і на чай не заробіш Як сямю карміць?..

 Мы газеты чытаем і ведаем, што ў Лацянкова з Бялыніцкага раёна механізатары атрымоўваюць міністэрскую зарплату,  няўпэўнена пераступіўшы з нагі на нагу, выпаліў трактарыст з чырвоным тварам і чорнымі акулярамі на носе.

 А яшчэ ў іх масла хлебам мажуць!  ва ўнісон пачутаму паблажліва пакпіў з трактарыста старшыня і сурова дадаў:  У чужой кішэні лёгка грошыкі лічыць, ад зайздрасці багатым не станеш А калі хочаш міністэрскі заробак, ідзі ў міністры

 Ха-ха-ха,  дружна зарагаталі трактарысты,  наш Федзька ў міністэрскім крэсле

Перасільваючы смех, хтосьці перадражніў дыктара радыё:

 Увага, увага, гаворыць беларускае радыё, перадаём апошнія звесткі з палёў Сягоння Фёдар Дустаў паддаў, падсыпаў дусту Дабрынкіну, старшыні сельскагаспадарчага прадпрыемства «Новы шлях»

 Ха-ха-ха

З высокіх бяроз, што раслі непадалёк, узнялася чарада перапужаных крыклівых варон. Гэта зрабіла гаворку зусім жартаўлівай.

 А вось і электарат новаспечанага міністра,  прабасіў трактарыст, які гаварыў пра сямю.

 Электарат крыклівы, бесцырымонны і развязны, як і будучы міністр,  дадаў інжынер.

Трактарысты за словам у кішэнь не лезлі, жарты, кпіны сыпаліся з усіх бакоў. Рагаталі доўга да слёз, і нават Федзя, зняўшы акуляры, далонню цёр вочы. Калі смех пачаў аціхаць, Дабрынкін нечакана для ўсіх запытаўся:

 А што, мужыкі? Мо сапраўды пусцім фермы пад нож і будзем катацца на новай тэхніцы?

Трактарысты імгненна прыціхлі, нехта заклапочана запытаўся:

 Праесці нядоўга, а потым што? Недзе людзі працуюць і добра зарабляюць, а мы?.. Хіба з іншага цеста?.. Лайдакі і абібокі?..

 Як кажуць, не ў брыво, а ў вока На гэта з наскоку і не адкажаш Дый адна ластаўка вясны не робіць Як жыць і працаваць далей, талакой вырашаць будзем Праз два дні на сходзе,  стрымана ўсміхнуўся старшыня і, хітравата зірнуўшы на суразмоўцаў, ажывіўся:  А я згодны, што без новай тэхнікі на ногі не станем. Толькі каму на ёй працаваць? Вось ты, Фёдар Дустаў,  Дабрынкін тыцнуў пальцам трактарыста ў грудзі,  табе можна даверыць магутны John Deere апошняй мадыфікацыі, а можа, нават GLASS?

 А што?.. І паеду!..  трактарыст зняў акуляры, расправіў плечы, фанабэрліва зірнуў на прысутных і дадаў:  Кніжкі пачытаю і паеду.

 Што-што, а ездзіць ты зух, штомесяц тармазныя калодкі мяняем,  загарачыўся інжынер.  Болт не знойдзеш і не закруціш, пакуль механік не паднясе.

 Кожны жыве сваім мазалём, не трэба валіць з хворай галавы на здаровую,  загарачыўся трактарыст.  Дарма і каза не скача Няхай механік даплачвае, калі не спраўляецца А што тычыцца тэхнікі, то і наш «Беларус» той самай апошняй мадыфікацыі  не горшы, а «Палессе» пры правільнай эксплуатацыі пераплюне замежныя Гэта ж трэба так трактар назваць: «Вызвалі звера»?.. Наш «Беларус» і ў Афрыцы з космасу разгледзець можна, зразумела, адкуль ён

Гурскі кашлянуў у кулак, нагадаў аб сабе, і старшыня імгненна прыпыніў гаворку. Спрачацца і высвятляць адносіны не было жадання, наперад ведаў, у чым абвінавацяць і механіка, і яго, увогуле ўсё начальства, без выключэння

 Вы, мужыкі, не мітынгуйце, паберажыце сілы,  Дабрынкін, як прыяцель, паляпаў па плячы ўзбуджанага трактарыста.  Пагаворым на агульным сходзе не толькі пра набалелае

12

 Насця, будзем дзядулю карміць,  выцягваючы з печы чыгункі з супам і кашай гукнула Сцяпаніха ўнучку і, не дачакаўшыся адказу, гукнула мацней:  Насцёна, рыхтуй тэрмас

Жанчына паставіла чыгункі на прыпечак, прытуліла вілкі з драўляным дзяржальнам да печы, рукі выцерла фартухам і прайшла ў чыстую палову хаты, дзе жыла сямя дачкі. Невялікі куткавы пакойчык унучкі, яшчэ студэнткі, быў чыста прыбраны, ложак запраўлены, на пісьмовым стале кампутар, канспекты і кнігі. Слабы вятрыска ледзь-ледзь напінаў цюлевыя занавескі, сілячыся прарвацца ў пакой праз расчыненае вакно.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3