Всего за 249 руб. Купить полную версию
Былі ў той залі і іншыя мужчыны, узброеныя і не. Юнакі ў кароткіх плашчах, барэтах і капелюшах, старыя сівабародыя сьвятары, дзіўны чалавек у чорным…
«Ні слова больш! – ускрыкнуў раптам рэгент, і котка на яго каленях незадаволена заварушылася. – Ні слова больш, вястун!»
Лёкса паслухмяна закрыў рот. Паглядзеў скоса на Вераніку. Двое гвардзейцаў проста за ёй глядзелі на Лёксу настолькі безуважна, нібыта ім было ўсё роўна, якую вестку ён прынёс.
«Ты і так адолеў доўгую дарогу, вястун, дык адпачні хвілінку! – голас рэгент меў тонкі, пранізьлівы, як у гандляркі на рынку. – Панове, вястун тут. Нагадваю пра нашыя стаўкі. І пра тое, што любая спроба адмовіцца ад іх будзе карацца штрафам. Пане міністар замежных справаў, вас гэта таксама тычыцца. Учора вы падпісалі тое, што мы вас прасілі, так што сёньня ніякіх пратэстаў! Ну…»
Рэгент скінуў котку, падняўся ва ўвесь рост і паволі падышоў да вестуна.
«Ну?.. Зараз ты можаш сказаць… Ці здаровыя Яго Вялікасьць? Ці не пакутуюць ад ранаў? Мы так хвалюемся за іх…»
Але Лёкса ня даў зьбіць сябе з тропу.
«Вашыя высокія эксцэленцыі! Яго Вялікасьць прыслалі мяне з тэрміновым данясеньнем. Маю даручэньне абвясьціць гаспадарам гораду і краю, а таксама ўсім шчасьлівым падданым нашага добрага караля, што вайсковы паход Яго Каралеўскай Вялікасьці і нашага доблеснага войска скончыўся нашай поўнай, бліскучай і пераканаўчай перамогай».
Па залі прайшоў шум. Некалькі дзясяткаў чалавек адначасова насунуліся на Лёксу, зрабіўшы некалькі крокаў наперад і нібы вырашыўшы накінуцца на яго ўсім натоўпам.
«Дзякуй Богу!» – сказаў нехта.
«Няхай жыве кароль!»
«Значыць, перамога! – усклікнуў рэгент і адкінуў з ілба пасму сьветлых валасоў. – Мы іх, як кажа быдла там унізе… А не яны – нас… На шчасьце, я ня меў ніякіх сумневаў».
«Вораг быў ушчэнт разьбіты ля Чорнай Скалы і пацярпеў вялікія страты, а нашае войска пад кіраўніцтвам найсьвятлейшага манарха, захапіўшы багатую здабычу і далучыўшы да каралеўства незьлічоныя тэрыторыі, вяртаецца на нашу мілую Радзіму, – цьвёрда прамовіў Лёкса Шпуль. – Абозы будуць у сталіцы праз тыдзень, калі на тое будзе Божая ласка. А калі не перашкодзяць надвор’е і непрадбачаныя абставіны, кароль дашле наперад авангард. Гэта ўсё, што прасілі перадаць Яго Каралеўская Вялікасьць».
«Вы чулі? – абярнуўся да тых, хто прысутнічаў у залі і ня зводзіў вачэй зь вестуна, рэгент. – Перамога! Ну, пане міністар замежных справаў… Час выканаць дамоўленасьць. Прашу!»
Міністар уздыхнуў і пачаў сьцягваць нагавіцы. Агаліўшы свой азадак, ён павярнуўся да каралевы-маці і змрочна прамовіў:
«Ку-ка-рэ-ку!»
«Прай-граў, прай-граў! – засьмяяўся рэгент, а за ім і ўсе іншыя прысутныя, апрача Лёксы, Веранікі і гвардзейцаў каля ўваходу. Зрэшты, каралева-маці таксама нават не ўсьміхнулася, бо нічога ня бачыла. – Прайграў! Вы бачылі? Усе бачылі? Вось што бывае з тымі, хто ня верыць у перамогу! Дзе гэта наш прафэсар? Яшчэ адзін скептык? Хаваецца ў бібліятэцы? Зараз жа знайсьці і прымусіць выканаць!»
Рэгент усеўся на сваё месца і махнуў рукой.
«Ну, павесяліліся і хопіць… Значыць, перамога! Слава каралю!»
«Слава каралю!» – адгукнуліся ўсе.
Рэгент задумаўся. Залю таксама апанавала маўчаньне.
«А што гэта за красуня з табой, вястун?»
«Гэта… Гэта мая. Ідзе за мной ад самай памежнай ракі. Прывязалася. Не прагоніш».
«Што ж, ты заслужыў здабычу, – ашчэрыўся рэгент. – Эй, ты! Нейкая яна занадта сьветлая для басурманкі… Зрэшты, бываюць і такія. На жаль, наша кроў перамешваецца з гнюснай крывёй басурманаў хутчэй, чым мы думалі, і баюся, пасьля перамогі сытуацыя толькі пагоршыцца. Праўда, пане міністар навукі? Ды нічога, нічога, працягвайце калупацца ў носе, соплі важнейшыя. Эй, ты! Дзеўка! Ты хто такая? Ты рабыня – ці знатнай крыві?»
«Яна не разумее па-нашаму», – сказаў Лёкса Шпуль.
«Вядома, – сказаў рэгент. – Не разумее. Дык значыць, перамога… Слухай, вястун, а чаму ты яшчэ тут? Што стаіш? Думаеш, ты герой? Ты выканаў каралеўскае даручэньне, дык зьнікні. У нас тут, даражэнькі, паседжаньне дзяржаўнай рады з нагоды перамогі. А ён стаіць пасярод залі, быццам сам міністр! Ідзі і напіся з радасьці, як і належыць простаму жаўнеру! І пазабаўляйся са сваёй дзеўкай! А пасьля абдымі маці, калі яна яшчэ жывая! Тырчыць тут, быццам чакае, што яго цалаваць пачнуць!»
Разгублены Лёкса пастаяў крыху, пакланіўся і павярнуўся, каб сысьці. Ён бачыў бледны твар Веранікі – яна нібы прырасла да месца, яна ня рухалася, шырока расплюшчанымі вачыма разглядваючы твар рэгента.
Лёкса зрабіў крок да дзьвярэй. Потым другі. Чакаў, што Вераніка пойдзе за ім. Але яна так і стаяла, як зачараваная. Ён хацеў падштурхнуць яе да дзьвярэй. Твары гвардзейцаў былі як каменныя. Дзьверы адчыніліся.
«Ну! – сказаў Лёкса груба. – Хадзем! Чаго стаіш!»
«Яна ж не разумее па-нашаму, – усьміхнуўся рэгент. – Не сьпяшайся, вястун. Як цябе там завуць?»
«Жаўнер Лёкса Шпуль, ваша эксцэленцыя».
«Жаўнер Лёкса Шпуль… – рэгент уважліва паглядзеў на босыя ногі вестуна. – Вярніся туды, дзе стаяў. Пакуль ты ваяваў за караля, мы тут вырашылі, што маем патрэбу ў новых законах для нашых падданых. Мы ўсе тут – падданыя Яго Каралеўскай Вялікасьці… Не забывайма пра гэта. І ўсе мы верылі ў перамогу, за выключэньнем некаторых… скептыкаў… І каб наблізіць яе, мы прынялі адно даволі важнае рашэньне. Ці ведаеш ты, вястун Лёкса Шпуль, што такое інфармацыя? Што завецца гэтым дзіўным словам?»
«Я маю на гэты конт пэўныя здагадкі, ваша эксцэленцыя».
«Ты што ж, граматны?»
«Я вучыўся ў школе, ваша эксцэленцыя».
«Гэта добра. Інфармацыя, мой мілы вястун, гэта веды пра штосьці. Важныя веды ў сакральны момант іхнай перадачы іншым. Напрыклад, ты ведаеш, што нашае слаўнае войска перамагло. Ты ведаеш гэта дакладна?»
«Так, ваша эксцэленцыя».
«А мы ня ведаем. Ня ведалі да нядаўняга часу. Усяго толькі дзесяць хвілін таму, – і рэгент зірнуў на гадзіньнік, што вісеў на сьцяне, – мы ня ведалі, як скончылася самая важная для нас бітва. А цяпер ведаем. У цябе была інфармацыя, і ты перадаў яе нам. Як і належыць адданаму і надзейнаму вестуну. Ты надзейны вястун? Так, Лёкса?»
«Спадзяюся, што так, ваша эксцэленцыя. Я зрабіў усё, што загадаў мне мой кароль. І расказаў вам праўду. Тое, што бачыў на свае вочы».
«Тое, што ты бачыў, табе яшчэ трэба будзе расказаць ва ўсіх падрабязнасьцях. Нам. Міністру абароны. Каралеўскаму паэту, каб ён мог пачаць працу над одай нашай вялікай перамозе. Каралеўскаму мастаку, каб ён намаляваў адпаведнае палатно. Людзям, якія сабраліся ўнізе. Але самую галоўную інфармацыю мы ўжо атрымалі. Мы іх? Або яны нас? Гэтая інфармацыя ўжо наша. Мы маем адказ! Зараз я аддам загад, і герольды абвесьцяць з балькона пра перамогу каралеўскага войска. Але інфармацыя – не такая простая рэч, вястун…»
Рэгент дастаў люльку – і слуга запаліў яе.
«Той, хто валодае інфармацыяй, не абавязкова разумны чалавек. Яму проста пашанцавала. Ён падобны да жабрака, які знайшоў на вуліцы гаманец, набіты манэтамі. Зусім выпадкова. Яму пашанцавала. Ён можа знайсьці ўладальніка кашалька і вярнуць грошы. А можа прамантачыць іх у карчме. Вястун, які прыходзіць з добрай весткай, заслугоўвае ўзнагароды. А той, хто вяртае табе пусты кашалёк? Хто ён такі? Ён злодзей. Інфармацыя… Часам яна даражэйшая за золата. Кім ёсьць вястун, які прыносіць благую вестку? Здаецца, ён ня робіць нічога благога. Але ён не задумваецца, дарагі Лёкса Шпуль, пра тое, што ён сам па сабе – і ёсьць благая вестка. Калі ён прыйшоў з дрэннымі навінамі, значыць, ён і сам – дрэнны салдат. Падумай пра гэта! Калі б ён быў добрым салдатам – хіба паслаў бы яго кароль вестуном на радзіму? Не, кароль бы кінуў яго ў бой! Калі б ён быў адважным салдатам – хіба ён вярнуўся б дамоў? Не, ён аддаў бы жыцьцё за свайго караля і свой край! Калі б ён быў каштоўным салдатам – хіба яго б адпусьцілі дамоў, у той час як іншыя аддаюць свае жыцьці ў няроўнай бітве? Кожны добры салдат на рахунку! Гэта ведаюць усе, хто хоць раз камандаваў войскамі. І калі дрэнны салдат нясе дрэнную вестку праз увесь край сваім валадарам – хіба ня ёсьць ён жывым сьведчаньнем паразы? Доказам таго, што войска ні на што ня здатнае! Прыкладам таго, якія слабакі і баязьліўцы служаць нашаму каралю! Уяві сабе. Вястун нясе благую вестку і расказвае яе ўсім, каго сустрэне. Людзі слухаюць… І край абрынаецца ў паняверку і жах, у сорам і скепсіс. Людзі пачынаюць думаць, што ўлада слабая. Што яна ня ўмее весьці вайну! Пачынаюць задумвацца пра тое, ці не было б іхнае жыцьцё лепшым, калі б яны мелі іншага караля? Яны плачуць, чуючы пра ахвяры! Яны думаюць пра будучы голад і гвалт. Яны баяцца, што чужынцы захопяць іхны край! І ўсё гэта – праз аднаго толькі баязьліўца, праз аднаго кепскага салдата, які толькі на тое і здатны, што кінуць сваіх таварышаў і зрабіцца тым, хто прынясе кепскую вестку цэламу народу! Найлепшыя салдаты ляжаць на полі бою і крычаць ад ран у чужынскім палоне! А гэты пан Благая Вестка прыходзіць дамоў жывы і здаровы, расказвае, як усё паскудна ў нашым гаспадарстве, якія беды нас чакаюць – і спакойна ідзе дамоў, да жоначкі… ці там, ня ведаю, да мамачкі… Не пакараны! Упэўнены ў сваім геройстве! Пазбавіўшы ўсіх веры і надзеі! І пры гэтым жывы, здаровы і сыты! Як ты назавеш такога вестуна? А, Лёкса?»