Вишневский Януш Леон - Канец адзіноты

Шрифт
Фон

Януш Леон Вишневский

Канец адзіноты

Copyright by © Janusz Leon Wiśniewski, 2019

© Маціеўская К. С., Янкута Г. В., пераклад на беларускую мову, 2020

© Афармленне, выданне на беларускай мове. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2020

* * *

18 ліпеня, ноч

Дзверы гучна адчыніліся, і ў спальню ўваліўся Ёахім. Спачатку яна пачула цяжкае сапенне, а праз секунду на яе тхнула алкаголем з дамешкам поту і часнаку. Яна моцна зажмурылася і застыла, адчуўшы на азадку руку, што спрабавала задраць начнушку. Яна рэзка адпіхнула руку і хуценька перасунулася на край ложка. Ёахім нешта злосна прамармытаў сабе пад нос. Праз імгненне ложак затросся, задрыжаў, і павісла цішыня. Палёгка агарнула жанчыну толькі тады, калі тую цішыню разарваў аглушальны храп.

Яна дачакалася поўначы. На вежы касцёла непадалёк зазваніў звон. А дваццаць трэцяй ён біў адзінаццаць разоў, але праз гадзіну раздаваўся толькі сцішаны, вялы, глухі і кароткі гул, нібы стомлены службамі і сытай вячэрай пробашч разумеў, што не варта будзіць не толькі сябе, але і парафіян.

Бясшумна ўстаўшы з ложка, жанчына выкапала з-пад барахла ў шуфлядзе кухоннага буфета схаваны там пачак цыгарэт, насыпала ў высокую крышталёвую шклянку лёду і наліла віскі. І яшчэ ў адну. Потым села на бетонную падлогу балкона, паставіўшы абедзве шклянкі на стос пабітай, калісьці даўно – вельмі даўно – светла-карычневай, а цяпер растрэсканай пліткі. У пачатку мінулага лета Ёахім загадаў нейкаму ўмельцу яе садраць, каб замасціць балкон дошкамі. Лета скончылася, пачалося наступнае, а плітка па-ранейшаму займала палову балкона, прыкрываючы пачарнелы бетон.

Жанчына абаперлася спінай аб шурпатую тынкаваную сцяну, глыбока зацягнулася цыгарэтай і адчула запамароку. Насамрэч курыла яна толькі раз на год. І віскі піла таксама раз на год. Васямнаццатага ліпеня. І саграшыла толькі аднойчы. У той год. Васямнаццатага ліпеня. Грэх быў, можа, і не смяротны, але дакладна самы галоўны, бо астатнія грахі, банальныя, смешныя і няважныя, былі не вартыя нават думкі, не тое што споведзі. Яна пацягнулася па шклянку і піла так доўга, што адчула на вуснах холад ледзяных кубікаў.

Дваццаць адзін год таму. У Парыжы…

Аэрапорт. У тэрмінале натоўп, але пры гэтым ціха, нібы ўнутры бетонна-шклянога сабора. Нібы тут адны глуханямыя. Яна добра чуе гук сваіх крокаў, што шматразова памножаным рэхам адбіваецца ад мармуровай падлогі. Яна мінае мітуслівыя групкі людзей з фотаапаратамі і мікрафонамі ў руках. Хутка падыходзіць да масіўнай крэмава-белай стойкі. Раптам пажылы сівавалосы мужчына ў сінім мундзіры з залацістым значком авіякампаніі абмінае стойку і становіцца побач. І пытае па-англійску, ці чакае яна кагосьці з гэтага рэйса. Калі яна каротка сцвярджальна ківае, мужчына моцна хапае яе за рукі і ціха, з цяжкасцю вымаўляе, гледзячы ёй у вочы:

– Васьмісоты не прыляціць…

Яна бачыць сябе. Вельмі выразна бачыць. Спачатку яна проста спакойна стаіць. Нейкую хвіліну дзівіцца, чаму гэты незнаёмы мужчына трымае яе за рукі. І раптам чуе яго словы – расцягнутыя ў часе, нібыта запісаныя на запаволеную магнітафонную стужку: «Усе загінулі». Яна хутка паварочвае галаву, палічыўшы, што гэтую дзіўную фразу сказалі не ёй, а камусьці за яе спінай. Але ззаду нікога няма. І тады да яе вушэй далятае:

– Гэта быў нехта блізкі? Нам бязмежна шкада.

Яна пацягнулася па другую шклянку. Попел з цыгарэты, якую сціскалі дрыготкія пальцы, упаў у бурштынавую вадкасць, што зіхацела ў месяцовым святле. Колькі імгненняў жанчына глядзела, як ён тоне і шэра-чорныя круглыя парушынкі незваротна знікаюць, ператвараючыся ў нішто. Тады яе агарнула яшчэ большая туга. Яна праглынула слёзы і запаліла чарговую цыгарэту. Падумалася: мабыць, я ўжо трохі п’яная. У такіх выпадках яна альбо замаўкала, альбо наадварот – адчувала неадольнае жаданне размаўляць. Але толькі сама з сабой. Каб ніхто ні пра што не пытаў, нічога не каментаваў, нічому не здзіўляўся, не прыкідваўся, што ўсё разумее ці нават спачувае, бо яна ж цудоўна ведала, што ні пра разуменне, ні пра спачуванне нават гаварыць не даводзіцца. Вось і цяпер так. Яна хоча пра гэта гаварыць. Сама з сабой. На мяжы ап’янення толькі думаць ёй ужо недастаткова. Трэба выказаць думкі ўголас, выпусціць іх з галавы на свабоду. І проста неабходна іх пачуць. Часцяком гэта зусім не маналог. Насамрэч яна размаўляе з сабою, задае сабе пытанні, а калі атрымліваецца – то і сама на іх адказвае, спрачаецца, часам нават сварыцца з сабой жа. Нібыта насупраць сядзіць ці стаіць нейкая іншая яна. Гэта ўсё вельмі дзіўна, а на думку яе сяброўкі Уршулі, схільнай да іпахондрыі, – трывожна і небяспечна, бо «такія сімптомы сведчаць пра няўмольнае набліжэнне вар’яцтва, і на тваім месцы я ўсё запісала б на тэлефон, а потым пабегла з ім да псіхіятра, у цябе ж шыза ў генах сядзіць». Тут Уршуля мела рацыю: гэта ў Агнешкі бацькава спадчына. На шчасце, адзінае, што ў яе ад яго – ну, і яшчэ вочы. Вяртаючыся дадому п’яным, ён проста так, моўчкі, ішоў і біў маму. А калі тая падала, прыціскаў яе чаравікам да падлогі.

– Я дакладна памятаю, – ціха пачынае яна, сціскаючы пальцамі шклянку, нібыта хоча раструшчыць, – як кінулася адцягваць яго нагу ў вялікім брудным боце з іржавай набойкай на абцасе. Памятаю, як ён мяне ўдарыў. І смак крыві ў роце, і сіняк на сцягне, і яго сліну памятаю. І ніколі, каб мяне, да смерці гэтага не забуду. А потым ён па-каралеўску развальваўся за сталом на кухні, раскачваўся на крэсле і доўга трындзеў сам з сабою. А пад канец амаль увесь час толькі з сабою і размаўляў, бо заўсёды быў п’яны…

Ды што я, халера, нясу? Ну што?! Я ж хачу пра яго! І пра васямнаццатага ліпеня дваццаць адзін год таму. Пра грэх, з якім хочацца зліцца і саграшыць яшчэ раз. Тады, у аэрапорце, я таксама плакала. Упершыню ў жыцці – бязгучна. Выла, скаланаючыся, толькі ўнутры. Я і цяпер не ведаю, чаму вось так. Людзі, мабыць, падумалі, што я голас страціла ці звар’яцела. Той мужык з авіякампаніі паклікаў фельчара, барадатага араба з глыбокім шрамам на шчацэ. І той фельчар схапіў маю руку і, ні слова не сказаўшы, пачаў нешта калоць у вену. Нават не спытаў, ці згодная я. Раптам прыбег малады парцье з гатэля. Ён наляцеў на фельчара, іголка тарганулася ў вене, нацягваючы скуру на перадплеччы. Але не праткнула. А я не адчувала ніякага болю. Ніякага. Нібыта гэта была чужая рука і чужая вена.

Фельчар нешта злосна гыркнуў. Парцье не звярнуў на яго ўвагі, праціснуўся наперад і, махаючы перад маімі вачыма пакамечанай паперкай, штосьці пракрычаў па-польску. Спачатку мне здалося, што гэты крык я сню, што той фельчар з жахлівым шрамам даў мне нейкі наркоз, я адразу заснула, і першым у мой сон прыйшоў гэты парцье. Калісьці – мне было каля дванаццаці – я ўпала з арэляў і вывіхнула палец. Упраўлялі мне яго пад наркозам, і першым, што я пачула пасля таго, як ён пачаў дзейнічаць, быў крык. Добра знаёмы. Жудаснае п’янае гырканне бацькі. Нейкі зменены, хрыплы, траскучы, нібыта з калонак, гэта ўсё ж дакладна быў ягоны голас. Мой бацька ў тым сне, які я так і не здолела забыць, крычаў на мяне з якогасьці цёмнага вузкага калідора, які выступаў з яшчэ цямнейшай прорвы. Цемра ў цемры і ягоны крык… А там, у аэрапорце, – там жа было вельмі светла і вельмі ціха. Таму гэта не мог быць наркоз.

Не памятаю, якія словы парцье я пачула раней. Ці то «ён жывы», ці то «ён ляціць да цябе». Затое памятаю, што рынулася па тую паперку, вырвала яе з ягоных рук і пачала чытаць. І калі дачытала да канца трэці раз, маё сэрца перавярнулася, дыханне заняло. Я адпіхнула фельчара, адпіхнула парцье, а потым і маўклівага сівавалосага мужчыну ў сінім мундзіры. А можа, яны самі расступіліся? Не. Мабыць, не… Карацей, я пачала праціскацца праз натоўп – ён быў вялікі і ўжо дакладна не нямы. Усюды былі насілкі. Ля сцен, ля стоек, ля мармуровых гаршкоў з кветкамі. На іх ляжалі, сядзелі, курчыліся людзі. Яны закрывалі твары рукамі, маліліся, але часцей за ўсё плакалі. А над імі схіляліся іншыя людзі. У белых фартухах, святлоадбівальных камізэльках, чорных сутанах, манахі ў белым ці срэбна-шэрым убранні. З калонак даносіўся спакойны голас дыктаркі, якая нібыта заведзеная паўтарала па-французску, па-англійску і па-нямецку, што самалёт амерыканскіх авіяліній, нумар рэйса 800, Нью-Ёрк – Парыж, з тэхнічных прычын сёння пасадкі не ажыццявіць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора