Сяргей Балахонаў - Бог кахання Марс стр 5.

Шрифт
Фон

Ратавальная выправа, аднак, не задалася. Не, спачатку ўсё было добра. Экіпіраваліся як звычайна. Нічога лішняга з сабой браць не сталі. Перад выездам пацалаваліся вельмі палка. Настрой яшчэ на колькі пунктаў узняўся ў абаіх. Яны імчаліся па вуліцах Канстанцы. Марку вырашыў змяніць звыклы маршрут, каб падоўжыць паездку і неймавернае адчуванне, калі каханая, седзячы ззаду, туліцца да цябе, трымаецца за цябе, цалкам табе давярае. З вуліцы імператара Траяна ён выруліў каля мэрыі на даўжэзны Таміскі бульвар, па якім выехаў у прадмесці. Праваруч маячыла возера Сютгёл з маляўнічай выспай. І ў Марыны міжволі ўзніклі параўнанні з возерам Ліцвін, якое было разоў у дзесяць меншым. Машынальна матлянула галавой, каб адагнаць нязваны ўспамін і засяродзіцца на ўсё яшчэ нязвыклым для сябе тутэйшым краявідзе. Ацаніць усю красу мясцін яна змагла, калі муж, не даехаўшы да моста праз канал, збочыў на прылеглую дарогу і памчаў проста ўздоўж возера. Ад звабы вачэй пачасцілася дыханне. Яна шчыльна прыгарнулася да Марку. Той ззяў, як ззяюць шчаслівыя людзі, цешачыся прыемнасцю імгнення.

Марку думаў узбіцца на аўтастраду каля Мамаевай пярэспы, што адасабляе Сютгёл ад мора, каб потым рушыць на поўнач і ўрэшце дабрацца да іх любімага месцейка. Ён скінуў хуткасць. Наперадзе чакала дарожная развязка. Жонка адняла галаву ад яго спіны і зірнула на дарогу. Па сустрэчнай паласе павольна ехаў турыстычны аўтобус. Калі ён параўняўся з матацыклам, Марына міжволі кінула позірк на вокны. За секунду яе настрой перамяніўся. Яна войкнула і на нейкі час здранцвела. Сярод пасажыраў аўтобуса яна ўгледзела Руткоўскага. Ён заўважыў яе і нават прыветна памахаў рукой, не хаваючы фірмовай усмешкі. Пасля развязкі Марку паспрабаваў ізноў паскорыцца, але Марына запратэставала, просячы спыніцца.

– Тут нельга спыняцца, – апасліва патлумачыў ён.

– Спыніся, дзе можна, – нястрымана коўзаючыся, ужо не прасіла, а патрабавала яна.

– Ды што ж такое? – не разумеў муж прычыну перамены ў яе настроі.

– Спачатку спыніся, а тады ўжо скажу, – паставіла яна ўмову, баючыся яго рэакцыі на ўзрушальную навіну.

Праз колькі кіламетраў Марку спыніўся. Жонка паведаміла пра ўбачанае. Паверыць у рэальнасць пачутага было складана. Яны стаялі каля матацыкла на ўзбочыне аўтастрады. Міма праносіліся машыны. Праз прагалы між рэдкімі будынкамі Марына выхоплівала вачыма мора, нібыта раптоўнага мора слёз ёй было замала. Муж абдымаў яе. Намагаўся суцішыць. Акуратна спрабаваў высветліць, ці не здалося ёй, ці сапраўды аўтобусам ехаў Ягор.

– Я не ведаю. Я ўжо нічога не ведаю, – праз усхліпы казала Гваздовіч. – Гэта быццам нейкае насланнё…

– Можа, там проста быў нехта падобны да яго, – вельмі няўпэўнена дапусціў Марку.

– Ці, можа, аўтобус увогуле пустым ехаў, а мне ўсё толькі прытрызнілася, – множыла жанчына сваю роспач, баючыся сарвацца.

Каб залішне не мардаваць псіхіку выбудоўваннем здагадак, вырашылі неадкладна зазірнуць на старонку Руткоўскага. Марку дастаў смартфон і, падключыўшыся да сеціва, перадаў жонцы. Сувязь была няўстойлівай. Старонка, дадаючы лішняга нервашалу, грузілася павольна, быццам грузчыкамі нанялася арцель чарапах, у кожнай з якіх быў уласны від абсесіўна-кампульсіўнага разладу, што не дазваляў ім працаваць згуртавана.

На профільнай выяве (дзякуй чарапашкам за працу!) Ягор красаваўся ў атачэнні трох пекных дзяўчат – студэнтак ці аспірантак. «Ну, хто б сумняваўся! Каб Руткоўскі – і не ў кампаніі гладзенькіх баб!» – саркастычна заўважыла Марына і перавяла позірк на словы статуснага запісу.

– «Нікуды не дзенемся – мы яшчэ сустрэнемся», – прачытала яна ўголас па-беларуску, а потым пераклала на англійскую.

– Паскуда. Я заб’ю яго, – шыпеў Марку, сціскаючы кулакі. – Вось як яго ігнараваць? Як тут станеш абыякавай скалой, калі ён такія выбрыкі сабе дазваляе?

– Чакай. Гэта яшчэ нічога не значыць. Проста дражніць. Трэба зірнуць, што там далей.

Яна стала праглядаць стужку. Стужка пачыналася замацаваным запісам. У ім быў скан старонкі з часопіса 1930-х гадоў: усмешлівая дзяўчына ў хустцы і скураной куртцы сядзела за рулём матацыклета, а рэдакцыйны подпіс тлумачыў: «На гвоздильную фабрику теперь с ветерком». Пад сканам вісела аўдыё песні з савецкага фільма пра мушкецёраў. Песня называлася «Канстанцыя». Марына войкнула, і мора ў яе вачах паўтарылася. Не разумеючы вяртання жончыных слёз, Марку моўчкі прыхінуў яе і, забіраючы смартфон, незнарок пракруціў стужку да больш ранніх запісаў, зачапіўшы кнопку прайгравання аўдыё. Абсалютна неспадзявана з дынаміка на максімальнай гучнасці стрэліў надрыўны голас Руткоўскага: «У казках Авідыя…».

– Выключы гэта! Прашу! Выключы! Выключы хутчэй! Калі ласка, любы мой! – усхадзілася Марына, нібыта яе рэзалі.

– Зараз, зараз… – мармытаў Марку, не ведаючы, за што хапацца найперш.

Жонка не сунімалася. Песня не выключалася. У нейкі момант Марына заскуголіла, вырвала смартфон і ледзьве не шпурнула яго прэч. Муж учасна ўтрымаў яе руку. Ні ў чым не вінаваты апарацік здзейсніў даволі мяккую пасадку ім пад ногі ў жвір. Песня акурат скончылася. Марку шаптаў суцяшальныя словы. Марына працягвала румзаць, мала не задыхаючыся ад усхліпаў. Плач вычварна яднаўся з гудам мімаезных аўтамабіляў, прыглушаным плёскатам марскіх хваль і прарэзлівым крыкам чаек…

* * *

Выпраўляючыся на канферэнцыю ў Канстанцу, Ягор і думаць не думаў, што вось так проста ў першы ж дзень пабачыць каханую. Чыстае супадзенне, якое, тым не менш, толькі ўзмацняла яго перакананасць, што іх з Марынай сцежкі не разбегліся. Яшчэ ў Гомелі ён даў сабе слова, што па прыездзе ў Канстанцу нічагуські не зробіць дзеля яе пошукаў. І вось яна адшукалася сама. Намалявалася красуня. Гэта цешыла, і да ўдзелу ў адкрыцці канферэнцыі навуковец рыхтаваўся з прыўзнятым, калі не сказаць гуллівым, настроем.

«Кошка ў чаравічках лазіць па палічках», – раз-пораз паўтараў ён радок даўняй народнай песні, які чамусьці засеў у галаве. Паўтараў, прасуючы кашулю. Паўтараў, спускаючыся з нумара на вячэру ў кавярню. Паўтараў, гартуючы сваю веру ў новыя сустрэчы з Марынай. Як не на гэтым, дык на іншым канцы свету. Ён міжволі паўтарыў апошняе ўголас, быццам дзяліўся роздумам з начным морам. Усміхнуўся, зразумеўшы, што меў на ўвазе не свет, а сусвет – космас. Ягор падняў галаву, хоць і не дужа спадзяваўся ўгледзець у небе нават адну зорку. Аднак наўздзіў неба было густа ўсеянае зіхоткімі мігатлівымі кропкамі. Колькі хвілін ён глядзеў на іх не адрываючыся. Пашчасціла заўважыць тры знічкі. Праводзіў іх усмешкай без загадвання жаданняў. Быў упэўнены, што галоўнае яго жаданне спраўдзіцца і так: «Я праракую прыход перамогі – аб ёй, ненагляднай, песню ахвярную мне выпадзе гучна спяваць».

* * *

Марына супакоілася хутка. Працяглы кантрасны душ. Не менш працяглы бурлівы секс. Зялёная гарбата. Свежыя булачкі з вішнямі. Адчуванне, што нічога надзвычайнага не здарылася. Абыякавасць да таго, што недзе ў гэтым новым для яе горадзе знаходзіўся Ягор. Яна павесялела. Марку цешыўся з гэтага. І хоць жонка заявіла, што болей падобных зрываў не будзе, ён прапанаваў больш не заходзіць на старонку Руткоўскага, а на ўсе навіны пра яго папросту чхаць. Яна згадзілася, палічыўшы прапанову і разумнай, і своечасовай.

Як выдатнікаў Марку і Марыну запрасілі на адкрыццё міжнароднай канферэнцыі, што праводзілася ва ўніверсітэце імя Авідыя. Мерапрыемства чакалася вельмі маштабнае. Удзельнікі з дзясяткаў краін свету. Мноства секцый і тэматычных панэлей. Добры шанец завязаць цікавыя і карысныя знаёмствы – нават калі сам нідзе не выступаеш, а прысутнічаеш адно як слухач. Маштабнасць каштавала немалых грошай. Рэктарат асабліва не афішаваў крыніцу фінансавання. Але пракідкі Пыркэлаб дазнаўся без вялікіх намаганняў, што за ўсім гэтым стаіць міжнародная карпарацыя «Coböl Engineering». Яе кіраўніцтва пачало заахвочваць навукоўцаў усяго свету заняцца вывучэннем феномена адзіноты. Уласна адзіноце канферэнцыю і прысвяцілі. Адзіноту са сваіх вежаў разглядалі і прыродазнаўцы, і гуманітарыі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3