Сяргей Балахонаў - Бог кахання Марс стр 3.

Шрифт
Фон

Марыну песня ўвагнала ў шал. Сваёй празрыстасцю. Адкрытасцю. Адсутнасцю гульні ў хованкі. Здавалася, што кожны, паслухаўшы яе, зразумее, каму і навошта яна адрасаваная.

Над байкамі байкераўДарогаю сталкераЗ рамонкавых выйшаў я нетраў –Падняўся на раз-два-тры метрыНад тым, што з каханнем сплыло…

«З нетраў рамонкавых ён выйшаў, гідаўнік», – пагардліва прабурчала адрасатка. Кліп глядзела як на іголках: адразу зразумела, што карцінка складаецца з мясцін горада, якія яшчэ нядаўна яна і Ягор лічылі сваімі. Не было хіба толькі праспекта Перамогі, дзе ён некалі спяваў ёй зусім іншыя песні. Паглядзеўшы, не прамінула патэлефанаваць новаспечанай зорцы. Маланкава стрэліла: «Калі ты думаў мяне расчуліць гэтым лайном, то памыліўся», – пасля чаго скінула выклік, не дазволіўшы Руткоўскаму і слова сказаць. Карыстаючыся момантам, ён паспрабаваў перазваніць, але дарэмна. Прасцей было б датэлефанавацца да Барбары Радзівіл.

Ці не ў той самы дзень праз сацыяльную сетку яму напісаў не абы-хто, а сам Марку Пыркэлаб з Канстанцы. Хлапец даверыўся хліпкай дапамозе пана Гугла Транслэйцкага, каб па-беларуску данесці да Ягора свой гнеў. Ягор на дасланую дэпешу толькі пацікавіўся ў адпраўніка, як па-румынску будзе «гопнік». Праз колькі гадзін парачка, якую Руткоўскі намагаўся не называць «салодкай», абмежавала яму доступ да сваіх старонак. Ён мог бачыць толькі іх профільныя здымкі, якія змянілі тады ж. І Марына, і Марку вывесілі фотаздымкі, дзе яны шчасліва цалаваліся і «любавалісь сабой, как маглі». Вывесілі і дзеля сведчання ўласнага шчасця, і каб укалоць Ягора. Укалолі. Новага запою не справакавалі, але бяссонную ноч падарылі.

Занураны ў роздумы, ён амаль не стуліў вачэй. Прымушаючы сябе заснуць, пералічваў і фараонаў усіх трыццаці егіпецкіх дынастый, і караблі з Гамеравай «Іліяды» (знакаміты «метад Мандэльштама»), і назвы археалагічных культур, датычных Беларусі. Нічога не дапамагала. Змучаны бессанню, нябога без надзеі пачынаў шаптаць: «Граница того села поповского посполу з бояры – от замку господарского Гомельского дорогою гонную у Струпицу речку, тою речкою уверх у Мхи-лес, с того леса у Кобылее болото…» – пасля чаго на нейкі драбочак часу ўсё ж правальваўся ў чуйны сон з неймаверным мігценнем вобразаў і гукаў, у сарцавіне якога непадзельна панаваў Юравіцкі ідал, якому паклон за паклонам адбівалі маляваныя чалавечкі з укладышаў жуйкі «Love is…». Раніцай, з цяжкай галавой збіраючыся на працу, Ягор ведаў адно: Марыну з відавоку ён не адпусціць. Было ўжо запозна вымаць з галавы гэтую стрэмку.

Дзякуючы агульным знаёмым Руткоўскі высветліў, што каханая (а ён працягваў называць яе каханай) мяркуе з’ехаць у Румынію.

– Вось так возьме, кіне навучанне і паедзе? – не паверыў ён.

– У яе ж выбітныя дасягненні. Ёсць публікацыі ў замежных навуковых часопісах, удзел у прэстыжных канферэнцыях маладых навукоўцаў, праца па абмене, зноў жа, – казаў абазнаны ў тэме чалавек і загінаў пальцы. – Яна разлічвае, што там яе без праблем возьмуць ва ўніверсітэт і…

– …добра пакатаюць на матацыкле, – з сумнай посмешкай перахапіў фразу Ягор.

Да новага года Гваздовіч сапраўды з’ехала ў Канстанцу. Руткоўскі паглыбіўся ў працу. Пачаў пісаць кнігу пра знойдзенага ў Юравічах ідала. Пра каханую не забываў. У думках часта звяртаўся да яе. Намагаўся ўявіць яе побыт, яе скарэктаваныя новым асяроддзем звычкі. Спрабаваў здагадацца, ці паспела яна ўжо выйсці замуж. Шпацыраваў са сваёй моташнасцю між цэрквамі святога Іншага і святога Ніколі. Піў толькі па пятніцах. Цалаваўся толькі на святы. Кахаў толькі Марыну.

– Дружа, кінь заганяцца, – казаў яму сябар з універсітэта транспарту. – Як бачыш, песнямі яе не проймеш. Будзь ты хоць сам Гамер – выгнаным будзеш, Гамер! Таму пераключайся на святло іншых маякоў. І будзе табе шчасце…

– Штука ў тым, што я не хачу пераключацца, – сумленна прызнаваўся Ягор.

– А чаго ты хочаш?

– Хачу, каб той румын разам з матацыклам грымнуўся ў мора.

– Кепскае жаданне.

– Звычайнае.

– Звычайнае, але кепскае. Лепш абстрагавацца ад таго, што ў іх там адбываецца. Яны сабе. Ты сабе. Інакш ты толькі шчодра частуеш сваіх дэманаў.

– Паразіта.

– Што?

– Забудзь. Скажы лепш, што б ты рабіў на маім месцы?

– Сядзеў бы на ганку.

– На ганку?

– Так. І калі-небудзь убачыў бы, як паўз мяне пранясуць труп майго ворага.

– Я так не магу. Я не такі Канфуцый, як ты… Жаданае не зваліцца з неба…

І ўсё ж на ганку Ягору сядзець давялося. Літаральна. Без аніякага папулярнага канфуцыянства. Марына пасля ад’езду за мяжу тройчы наведвала Гомель. Сядзець каля знаёмага дома – дома, дзе засталіся яе бацькі, якім яна строга наказала не размаўляць са сваім колішнім. Сядзець, каб хоць на колькі імгненняў пабачыць каханую, якая, праходзячы міма, напята рабіла выгляд, што яго няма. Прыкра. Балюча. Смешна. Тройчы яна прыязджала ў горад, пакінуты дзеля няўцямных выгод. І за ўсе гэтыя візіты Руткоўскі бачыў яе ўсяго хвілін пяць, калі старанна пераплюсаваць кожнае імгненне, кожную нанасекунду. Больш за ўсё пашчасціла падчас яе трэцяга прыезду. Тады, ачмурэлы ад пяшчотнага травеньскага цяпла, ён дазволіў сабе не змаўчаць, а кінуць ёй наўздагон адну просьбу. Дзіўную просьбу-пажаданне:

– Ты толькі не прывозь яго ў Гомель.

– А то што?! – абурана выгукнула Гваздовіч, пазіраючы на яго, як на гарадскога дурня.

– А то «го-го-го!» – і матацыклет на мель сядзе, – з усмешкай нараспеў прагаварыў мужчына, якога яна менш як два гады таму кахала.

– Ты пагражаеш?! – яшчэ больш раззлавалася дзяўчына і, не чакаючы адказу, стала крычаць: – Ты ненармальны! Досыць тут выкамарываць! Прысвялепіўся, як чорт да брагі! Адчапіся ад мяне і ад Марку! І бацькоў маіх вароты абмінай! Усё, што было паміж мной і табой, засталося ў мінулым! У капцах паснула, зеллем зарасло! Час табе ўжо гэта забыць, як забыла я!

– А ты забыла? – зусім спакойна, нібы ўсё гэтае грымотнае даўгаслоўе адрасавалася не яму, удакладніў Ягор, не зводзячы вачэй з крыкухі.

Злавіўшы яго позірк, Марына асеклася.

– Ды пайшоў ты! – пляснула яна і пашыбавала прэч.

Пасля гэтага шчаслівага пабачання пра сябе нагадаў Пыркэлаб. Позна ўночы ён патэлефанаваў Руткоўскаму і на ламанай рускай мове з гнеўным імпэтам агучыў тыя ж тэзісы, што і кагадзе Марына. «Травеньскія тэзісы», – хмыкнуў сам сабе Ягор, а ў слухаўку вельмі выразна працытаваў даўні беларускі праклён: «Каб цябе пярун калядны спаліў!» Ці зразумеў яго румынскі матацыкліст-прыродазнавец, для беларускага археолага-трубадура засталося невядомым. Прынамсі, гудкі ў тэлефоне пачуліся адразу пасля апошняга слова праклёну.

Гісторыя з начным званком развесяліла Руткоўскага і засведчыла, што яго нумар Гваздовіч не выдаліла са спіса сваіх кантактаў. Апошняе не стварала лішніх ілюзій, але, разам з тым, дзіўным чынам умацоўвала яго ў нічым не абгрунтаванай перакананасці, што любошчы Марыны і Марку – рэч прамінучая. Галоўным пытаннем заставалася пытанне часу – калі там у іх усё скончыцца? Ягор працягваў пісаць кнігу, паралельна сочачы даступнымі спосабамі за жыццём тых дваіх.

Кніга для сваёй жанравай нішы атрымлівалася дужа незвычайнай. Археолаг інтэрпрэтаваў юравіцкую знаходку як выяву боства кахання. Форма ідала, арнамент «хвойкаю», шматлікія паралелі з артэфактамі іншых старажытных культур, яскравае водгулле ў пазнейшай айчыннай традыцыі – усё, на яго думку, сведчыла на карысць прапанаванай інтэрпрэтацыі. Неспадзявана нават для самога сябе ён апрацаваў і падаў матэрыял настолькі па-мастацку прыгожа і захапляльна, што кнізе пасля выхаду ў свет не заставалася нічога іншага, як падацца ў прэтэндэнты на атрыманне прэміі Гедройца. З літаратурай падобнага кшталту такія танцы здараліся гады ў рады. Ці не ўпершыню і большасць крытыкаў, і журы, і нават чытачы былі адзінымі ў сваіх меркаваннях. Лонг-ліст. Шорт-ліст. Адначасова павылазілі злоснікі і гнеўнікі ад навукі, якія з ласкі самага злоснага і гняўлівага навукоўца называлі кнігу Руткоўскага «таннай любоўнай чытанінай над магілай беларускай археалогіі». Гэта мала абыходзіла яго. Ён з ахвотай паехаў у Мінск на фінальную цырымонію, дзе журы мелася абвясціць пераможцу.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3