Мацвей быў упэўнены ў тым, што ён кіруе сваім жыццём, што тое, ад чаго ён надзейна адгарадзіўся, ніколі не кранецца яго і тым больш не зашкодзіць. І ён не мог уцяміць: якім чынам тое, што не было пераменнай велічынёй хоць якой значнасці ў формуле ягонага жыцця, а ўсяго дробнай канстантай, нават адноснай хібнасцю, раптам пераўтварылася ў самую уплывовую і складаную функцыю?
Яго не выклікалі ўвесь дзень. Стоячы свае гадзіны сярод ночы ў камеры (спалі па чарзе, бо ўсім не хапала месца), Мацвей занепакоена падумаў пра тое, што следчы мог і не прыдумаць: рэктар універу быў вядомы сваімі поглядамі на апазіцыю. Але ж ён – вучоны, хіба ён не зразумее, што тут была падстава, што Мацвей – перспектыўны навуковы супрацоўнік, а не нейкі адвязаны нацыяналіст?
Яго гукнулі да следчага назаўтра па абедзе.
Невядомасць і доўгае чаканне зрабілі сваю справу – Мацвей хваляваўся. Але следчы, зноў гэтакі ж стомлена-паніклы, нібы толькі закончыў цяжкую фізічную працу, адкінуўся па-свойску на спінку крэсла, разняволена, зусім па хатняму.
– Прысядзь, магістрант…
Хвіліны тры было маўчанне, потым следчы кракнуў, пацягнуўся да папер.
– Ты уяўляеш, якую колькасць друкаванай прадукцыі на сённяшні дзень заарыштавалі і канфіскавалі ў адным Мінску? – узняў ён позірк на Мацвея, трымаючы ў руках выбраны аркуш.
– Не, – разгублена пакруціў галавой Мацвей.
– Недзе на пяцьдзясят тысяч долараў. У дзясятках месцаў. І гэта толькі папера і друк. Самая вяршыня айсбергу. А арганізацыя, транспарт, распаўсюд – выдаткі ў разы большыя. Мы ведаем на сёння дакладна аб сумах у тры мільёны долараў. Толькі на гэтыя выбары. Дзіцячую бальніцу можна пабудаваць. Але такія грошы скіраваны супраць нашай дзяржаўнасці. Вось чаму яны нас не пакінуць у спакоі, як ты думаеш? Ну, каму замінае Беларусь? У вас – адны парадкі, у нас – іншыя. Як людзі сямейныя, чаму не жыць? Хіба нармальны мужык пойдзе ў чужую сям’ю вучыць таго мужыка, як яму дзяцей рабіць? Ну?
– Не… не думаю.
– Правільна, нармальны не пойдзе… – прагаварыў задумліва следчы. – У мяне ніяк часу не было шчыльна заняцца тваёй справай, выбачай. Столькі ўсяго палезла з усіх шчылін… Ты падумаў добра? Ёсць хто на прыкмеце? Згадаў усіх, хто любіць распачынаць размовы на палітычныя тэмы?
– Ды не. Ніяк не думаецца, чэсна кажу.
– Магчыма, веру. Чалавеку у стрэсе аналізаваць цяжка. Дык мы дамовіліся, так? Ты назіраеш, аналізуеш і дзелішся з намі сваімі вывадамі. Мы дзелімся з табой сваімі вакол адных і тых жа асоб…
– Я… паспрабую.
– Добра. – Следчы адклаў аркуш, які дагэтуль трымаў у руцэ, узяў другі. – Зробім так. Ты будзеш мець зарэгістраваны акаунт на гугл-дыску. Поштай не карыстайся. Віртуальны дыск. На яго ты штотыдзень станеш скідваць кароткія, па справе, але змястоўныя справаздачы назіранняў за тыдзень: хто, дзе, якія размовы, якія дзеянні. Што будзе нам незразумела – ты атрымаеш ліст з дадатковымі пытаннямі. Гэта не дзіцячая гульня, ты будучы навуковы супрацоўнік, разумець, як справы робяцца. Таму – вось дамова. Пачытай і падпісвай. Нічога страшнага там няма. А з другога боку – гэта твой абярог.
Ліст апынуўся перад тварам Мацвея. Ён амаль не разлічаў радкі, бо быў без акуляраў, але і таго, што разабраў, хапіла для разумення: гэта была дамова аб яго добраахвотным супрацоўніцтве з органамі дзяржаўнай бяспекі. Што ён абавязваецца… сачыць і паведамляць.
Мацвея апаліла гарачынёй, якая ішла з ягонага нутра. Ажно пот выступіў на твары.
– А… навошта падпісваць?
– Таму што мы не ў пясочку гуляемся, – скрывіўся следчы, а голас ягоны стаў халодным і рэзкім. – Падпісвай – і праз трыццаць хвілін ты зноў апынешся ў тым сваім жыцці, якое існавала да моманту твайго затрымання.
– А… калі – не?
Следчы усміхнуўся – на гэты раз адкрыта хіжа, узяў са стала той самы аркуш, які трымаў напачатку.
– Гэта – загад аб тваім адлічэнні. Без права на ўзнаўленне. Але я тут вышэй за рэктара. Ты падпісваеш – гэты дакумент проста кладзецца ў шуфляду стала і на яго ўсе забываюцца. Ты не падпісваеш – загад дзейнічае. Ты падпісваеш – і атрымліваеш нябачную дапамогу ва ўсім тваім кар’ерным росце, нябачнае, але эфектыўнае спрыянне табе ва ўсіх справах. Не падпісваеш – вылятаеш на ўзбочыну жыцця аднойчы і назаўсёды. Ну?
– Мне трэба падумаць, – раптоўна ахрыплым голасам адказаў Мацвей, прыкрыў вочы, чым здзівіў следчага, і той насмешліва хмыкнуў.
Мацвей сапраўды думаў. Ён бачыў сваё жыццё, як працэс з дакладным алгарытмам, прычым, законы алгарытму былі прапісаны ім самім, асобныя вузлавыя моманты, дзе ўзважваліся пасылкі і выбіраўся далейшы шлях, распрацоўваліся гэтаксама ім самім. “Калі А не роўнае Б, то С”, “Калі С – імкнецца да нуля, а Д – расце, тады Е” – шляхам многіх гадоў вызначаліся правілы. Зараз ён падпісвае паперу, і ў ягоным жыцці з’яўляецца магутная функцыя, пра якую ён ведае адно: калі ён, як велічыня, будзе дадатным з пункту гледжання самой функцыі, тады і вынік будзе станоўчым для яго. Функцыя працуе ў фонавым рэжыме – ніхто не ведаць пра яе. Быць часткай дзеючай функцыі і хаваць тое – значыць, ілгаць. Ён – ужо па духу свайму вучоны, а яму прапануюць быць шпегам. Частка ягонага мозгу павінна выконваць функцыю аналізатара, фіксатара і інфарматара.
Гэтыя думкі пранесліся ў мозгу Мацвея за кароткія імгненні. Ён адкрыў вочы, сустрэў сталёвы позірк следчага і ціха сказаў:
– Я – будучы вучоны. Я не магу падпісваць, бо я не здольны рабіць дзве справы. Я не магу ілгаць.
– Я, я, я! Раз’якаўся тут! Галоўка ты… ад снарада, – грэбліва паморшчыўся следчы. – Прэч у камеру чакаць суда. На каленях, сучонак, папоўзаеш – згадаеш мае словы. Тут не кожнаму прапануюць сваю дружбу, помняць сяброў, але не забываюць тых, хто ад сяброўства адмовіўся. Нам будзе вядомы твой кожны крок. Цябе праз два месяцы чакае войска – і мы пастараемся, каб яно цябе навучыла добра. Як намерышся там лезці ў пятлю, згадаеш нашу размову, я табе абяцаю. Апошні раз пытаюся: падпісваеш? – следчы рэзка падаўся наперад, Мацвей уздрыгнуў і інстынктыўна падаўся назад ад злога, пранікальнага позірку.
– Н-не магу.
Мацвей вяртаўся ў камеру надзіва спакойным. Ён не паверыў у застрашванні следчага. Бо той трымаў у руках, але не паказаў загад рэктара аб адлічэнні яго з універу. Два месяцы таму у навуковым часопісе быў надрукаваны вялікі артыкул за двума подпісамі – яго і рэктара. Так, пісаў, вядома ж, Мацвей, рэктар унёс сякія-такія праўкі, зразумелая практыка ў навуковым асяродку. Мацвей не крыўдаваў за тое, разумеў. Рэктар знаў яго асабіста, здароўкаўся з ім за руку. Ён – вучоны ў першую чаргу і не дасць у крыўду сваіх паплечнікаў. Тым больш, наперадзе такі вялікі і шматабяцаючы праект, у якім рэктар выказаў асабістую зацікаўленасць.
Мацвей і на гэты раз лёгка дыстанцыянаваўся ад усяго таго жыцця, якое не укладвалася ў ягоны ранейшы алгарытм навукоўца. Сваё знаходжанне тут ён цяпер разглядаў як прыкрую недарэчнасць, якая неўзабаве забудзецца.
Частка 4
Як і казаў Зміцер, нікога з тых, хто трапіў у камеры па палітычных матывах, не вызвалялі. Іх было ўжо тут дзевяць чалавек – усе схопленыя “за экстрэмісцкую дзейнасць напярэдадні выбараў”. Сукамернікі прагна чакалі навін з волі, абмяркоўвалі кожную нязначную дзею, часам горача спрачаліся.
Мацвей не лічыў сябе інтравертам, мог падтрымаць размову ў якой кампаніі з цікавай яму тэмай. Тады і ён сам мог быць цікавым. Ягоная вузкасць інтарэсаў і была тым бар’ерам, за якім адасобіўся Мацвей, хоць ніхто яго за батана не ўважаў – Мацвей, што называецца, глыбока капаў ва ўсіх тэмах, якія тычыліся яго па ягоным разуменні. Палітыка – не тычылася. Ён унікаў размоў на гэтыя тэмы, бо па-праўдзе, ніколі не імкнуўся нават злёгку заглыбіцца ў пературбацыі каляпалітычнага жыцця.