Мацвей ледзь здолеў адарваць позірк ад вулічнага жыцця. Ён упершыню адчуў няздольнасць так проста выйсці і апынуцца там! Ніколі раней не было такога, каб ягоная воля і магчымасць былі абмежаваныя воляй і ўладай іншых людзей. Ён ажно замёр – каб зафіксаваць у сабе, адкласці ў памяці гэтае пачуццё адчаю.
– Ты ўсё зразумеў? – і цень спачування, і халадок пагрозы ў пытанні следчага.
– Не разумею: чаму мне не вераць? Я кажу праўду. Заўжды – толькі праўду. Бо я – матэматык. Я не магу ілгаць! – апошнія словы Мацвей мала што не выкрыкнуў.
– Добра, давай я табе на момант паверу, – уздыхнуў следчы. – Няхай нехта невядомы захацеў так з табой пажартаваць: падкінуў табе гэтыя лістоўкі…
– А як вы даведаліся, што яны – у мяне? – вырвалася ў Мацвея, ён узрушыўся ад думкі: – Калі мне падкінулі лістоўкі, то паведаміць пра іх мог той, хто гэта зрабіў!
– Ты хочаш даведацца, хто гэта зрабіў? – ніколькі не пакрыўдзіўшыся на тое, што яго перапынілі, спытаў следчы.
– Дык канешне!
– І мы хочам. У цябе свае інтарэсы, у нас – свае. Давай тады сумесна, згодзен?
– Як гэта?
– Не надта складана, – ужо зусім па-сяброўску загаварыў следчы. – У цябе, бачу, аналітычны склад розуму. Ты можаш назіраць, супастаўляць факты, рабіць вывады. Прааналізуй: хто мог недзе набыць такую колькасць лістовак? Відавочна ж, яны прызначаліся для распаўсюджу…
– Ды не… Не магу.
– Зразумела, не зможаш. Гэта можам мы, як будзем ведаць пра шматлікія сувязі. А ты можаш іншае – пабачыць тыя сувязі, бо ты знаходзішся сярод іх. Але ж трэба успамінаць… Слухаць, назіраць. Хто на якія тэмы размаўляе, якія анекдоты “травіць”, якія настроі, якімі навінамі з якіх сайтаў дзеліцца. Разумееш?
– Ды не…
– Вядома, гэта не такая простая матэматыка. Ужо алгебра вышуковай логікі, – усміхнуўся як сябру следчы. – Адзін з асноўных законаў гэтай навукі – нельга для дакладнага выніку карыстацца інфармацыяй і фактамі з адной крыніцы. Факты і думкі ад цябе мы пачнём супастаўляць з тымі, якія маем ад іншых – тады складваецца карцінка. Разумееш?
– Разумею, гэта як матэматычны аналіз…
– Вось і цудоўна… Ты згодзен падумаць, паслухаць, пабачыць прааналізаваць і паставіць нам інфармацыю для пошукаў твайго жартаўніка?
Мацвей замарудзіў з адказам. Ён яшчэ не разумеў схаванай ад яго розуму пагрозы для яго, а яна тут была – ён гэта адчуваў інтуітыўна. І хай не наўпрост пагроза, але нешта такое, што ў любым выпадку стварала пагрозу ранейшаму раскладу жыцця і сістэме ягоных каштоўнасцей.
– Мне… мне трэба падумаць.
– Няма праблем, ідзі падумаў спакойна. Час у цябе ёсць…
– А… дзе думаць?
– У камеры.
– Дык мяне не адпускаюць? – наіўна спытаўся Мацвей, бо у нейкі момант ён паверыў, што за гэтай прапановай шукаць разам таго “жартаўніка” павінны быць сяброўскі поціск рук і ягоны шлях туды – у жыццё па-за гэтымі сценамі.
– Не, сябра… Думаць – толькі у камеры. Адсюль выходзяць з дакладна акрэсленымі планамі на будучыню, – цвёрда, з усмешкай, якая зараз падалася хіжай, адказаў следчы. – Але строга папярэджваю: наша размова павінна застацца між намі. Помні пра правілы: усяго адзін крок. Выбірай: альбо наперад пад колы, альбо назад – у бяспечнасць. Зразумеў?
Голас прагучаў як жорсткае папярэджанне.
Мацвей кіўнуў.
Яго вялі назад тым самым калідорам, са скрыгатам адкрыліся дзверы камеры, Мацвей увайшоў і раптоўна тут, у цеснаце і шэрасці адчуў палёгку – быццам пасля задушанага памяшкання апынуўся сярод лесу, дзе стала хапаць паветра.
– Ну як? – ціха, каб не было чуваць іншым, пацікавіўся Зміцер, прысеўшы побач.
– Не разумею, – шчыра прызнаўся Мацвей – ён насамрэч не мог пакуль уцяміць: куды і да чаго прывяла размова са следчым.
– Давай угадаю, – з усмешкай загаварыў Зміцер. – Слядак – вельмі ж добры чалавек, ну, недзе, канечне і строгі, але хоча, каб было ўсё па-справядлівасці. Таму прапанаваў табе дапамагчы пашукаць адказ на пытанне: адкуль у цябе ўзяліся лістоўкі? Хто іх мог падкінуць? Ну?
Мацвей, уражаны, узняў позірк на Зміцера, сустрэў лёгкую скруху.
– Адкуль ты ведаеш?
– Таму што так бывае ўсякі раз, – уздыхнуў Зміцер. – Ім трэба вочы і вушы паўсюль. Шпегі і даносчыкі. Глядзі… Гэтыя людзі не прымаюць пустых абяцанняў. Падсунуць падпісаць паперку.
– Якую? Навошта?
– Слухай сюды… – яшчэ цішэй загаварыў Мацвей. – Уяві: ты ідзеш па вуліцы, ля вугла дома плача наўзрыд хлопчык. Твае дзеянні?
– Гэта ты да чаго? – здзівіўся Мацвей.
– Твае дзеянні? – настойліва перапытаў Зміцер.
– Прайду… прайду міма, – здаўся Мацвей, стаў тлумачыць: – Бо ў хлопчыка, вядома ж, ёсць…
– Стоп! – спыніў яго Мацвей. – Трох хвілін размовы з табой дастаткова, каб зразумець: ты пазбаўлены эмпатыі.
– І што, гэта дрэнна? Кожны абавязаны аддаваць сябе цалкам адной справе – для кожнай справы патрэбны прафесіянал. Тады ўсталюецца парадак. Я лічу, што мне, як матэматыку, упусканне ў сябе чужых эмоцый… – заспяшаўся Мацвей з апраўданнямі.
– Ды ціха ты, – безэмацыйна спыніў яго Зміцер. – Я табе не пра добра-дрэнна. Кажу, што адсутнасць эмпатыі вядзе да вывучэння навакольнага свету і здабыванне жыццёвага вопыту адно толькі праз свае праблемы. Таму я не моцна спачуваю табе: такім, як ты, нельга іначай давесці аніводную ісціну. Яны не павераць у наяўнасць гаўна ў сваёй краіне да той пары, аж пакуль не прымусіць іх прыняць сеанс інгаляцыі над вядром з гаўном. Так што – дыхай, атрымлівай па поўнай. Я што-кольвечы змагу патлумачыць, пытайся, матэматык стэрыльны…
– Дык… а што мне рабіць? Што са мной будзе? – нечага спалохаўся Мацвей, бо хоць і не мог дарэшты згадзіцца са словамі Зміцера, адчуваў у іх тую праўду, якой неабходна авалодаць неадкладна, каб пачувацца хоць трохі ўпэўнена.
– Ад цябе залежыць, – млява, згубіўшы цікавасць да Мацвея, адказаў Зміцер – у гэты час дзверы камеры адчыніліся і зайшло трое маладзёнаў, адзін з якіх, напэўна, знаёмы цяперашніх сядзельнікаў, ускінуў руку і нягучна, але бадзёра гукнуў:
– Жыве Беларусь!
Мацвей уздрыгнуў, калі нечакана для яго ў адказ колькі глотак адначасова выдыхнулі:
– Жыве!
Ён сядзеў на ўскрайку тапчана. У камеры стала цесна. Не спыняліся размовы: тыя, хто толькі прыйшоў, расказвалі. Астатнія слухалі, задавалі пытанні, абмяркоўвалі. Мацвей не пытаўся нічога, не перапытваў, хоць далёка не ўсё было яму зразумелым. Больш за тое: многае падавалася яму прыдуманым, а не прыдуманым, дык дакладна не з гэтага свету, а з нейкага сюррэалістычнага: затрыманні, збіццё, жорсткасць, немагчымасць давесці праўду, выказаць сваё стаўленне…
Мацвея частавалі ў абед і ўвечары дамашнімі прысмакамі, якія перадавалі ў камеру. Зміцер атрымаў перадачу і даў яму зубную шчотку, кавалак мыла, пакет папяровых сурвэтак. Мацвей злавіў сябе на думцы, што чалавека лёгка пераўтварыць у звера, калі пазбавіць яго элементарных рэчаў гігіены. Не гэта было жахлівым, а тое, што такое пераўтварэнне адбывалася у сталіцы сучаснай краіны, у нейкіх дзесяці крокаў ад іншага, цывілізаванага жыцця.
Але па-сапраўднаму не давала спакою, расло, запаўняла сабой усё ягонае нутро іншае адчуванне: алагічнасці таго, што адбылося і адбывалася. Свет, у якім жыў дагэтуль Мацвей, гвалтоўна парушыўся – і ён не бачыў прычын разбурэння, ён быў заспеты раптоўным руйнаваннем абсалютна непадрыхтаваным. Ды што там падрыхтаваным…
Ад таго самага моманту асэнсавання і памяці сябе Мацвей жыў у дакладна-вывераным свеце, дзе быў лад, парадак, яснасць ва ўсім. Школа і школьныя гурткі, музыкальная школа і піяніна дома, конкурсы, алімпіяды, канферэнцыі… Усё гэта дарэшты запаўняла ягонае дзяцінства і юнацтва. Ён ведаў пра існаванне іншага жыцця, у хвалях якога боўталіся ягоныя аднакласнікі, дзе віравалі крыўды і страсці, вечаровыя тусоўкі і школьныя дыскатэкі, курэнне і піва крадком, цісканне дзяўчынак і відэа са сцэнамі сэксу. Усё гэта існавала – але існавала па-за ім. І ён дакладна ўсведамляў, што сам выбірае, у якой плыні быць яму, сам чысціў сваю плынь ад занесеных зрэдчас трэсак закаханасці ці пацярухі абмеркавання нейкіх грамадскіх падзей (то на старэйшых курсах універу). Ён ад пачатку адгароджваў сябе найбольш ад каляпалітычных размоў і спрэчак, пакрысе у яго атрымалася прывучыць сваіх знаёмых да таго, што ён насамрэч цікавіцца адно навукай. Ну, і па самым мінімуме тым, чаго патрабуе фізіялогія. Мацвею удалося большае: ён навучыўся карэляваць і кантраляваць свае інтымныя жаданні са сваім вольным часам – тут на дапамогу прыйшло сеціва з безліччу сайтаў патрэбнай тэматыкі, за праглядам якіх уціхамірыць свае гармоны вялікай цяжкасці не было.