Змоўк Фёдар, нейкі час маўчалі ўсе.
– Варта паспаць крыху, – пачуўся голас, і яго як чакалі – палеглі ўсе. Мацвей ляжаў з краю на драўляным насціле, але не адчуваў жорсткасці. Стомлены і перагружаны інфармацыяй мозг адмаўляўся аналізаваць, мроілася рознае, фантазійнае: ён заўтра выйдзе, усё стане на сваё месца, выявіцца, у каго ягоны нататнік, хто так па-дурному пажартаваў, яны сустрэнуцца з Марго… А яшчэ Мацвей думаў пра той свет, які адкрыўся яму, які палохаў сваім начыннем з несправядлівасці, бесчалавечнасці, але адначасова быў той часткай жыцця, без якой ён адчуваў сябе непаўнацэнным.
Раніцай прынеслі цёплы чай, ячную кашу з хлебам. Хлопцы распакоўвалі свае торбы, даставалі прысмакі. Мацвей не крануўся кашы, сёрбаў вадкасць.
– Ніхто, акрамя той дзяўчыны, не ведае, што цябе забралі? – падышоў да яго Зміцер, працягнуў бутэрброд з сырам. – Гэта дрэнна. Нам сядзець да панядзелка мінімум. Я скажу, каб перадалі на цябе дробязі кшталту шчоткі зубной. Ты галіцца збіраешся? Зарасцеш…
– Як – да панядзелка? Чаму? – не паверыў Мацвей.
– Дзівак! Мы ж – палітычныя, а хто такіх перад выбарамі адпускае? А выбары ў нядзелю. То рыхтуйся адпачыць…
Мацвей падзякаваў за бутэрброд. Ён не паверыў Зміцеру. Магчыма, гэтыя хлопцы сапраўды нейкая страшная апазіцыя, а ён хіба нешта здзейсніў варожае для ўлады?
Ягонае прозвішча назвалі ад дзвярэй бліжэй да абеду. І цяпер, ідучы цёмным калідорам з рукамі, складзенымі за спінной, падпарадкоўваючыся рэзкім камандам ахоўніка, Мацвей адчуў сапраўднае прыніжэнне, сваю нікчэмнасць у гэтым будынку і поўную залежнасць ад абставін. Унутры жыла адна надзея: зараз ён усё патлумачыць, раскажа пра сваю навуковую дзейнасць, пра новую, такую патрэбную ў сістэме кіравання складанымі працэсамі на вытворчасці, распрацоўку. І яго адпусцяць. Зразумела, адразу ж адпусцяць…
Частка 3
Увайсці ў кабінет следчага было як ступіць у новы свет. Гэта думка мільганула ў галаве, і Мацвей на імгненне застыў – такую ён выпрацаваў у сабе практыку фіксацыі ў памяці нечага вартага. І адначасова здзівіўся: чаму следчага? Хто казаў яму, што яго вядуць менавіта да следчага? Ці не ўчарашнія доўгія размовы пра арышты-допыты-расстрэлы ўрэшце трансфармаваліся ў раней неіснуючыя ў ягонай галаве веды? Але тут сапраўды быў іншасвет: цёмны вузкі калідор, шэры, у жоўтых паўкружжах ліхтароў на сценах упіраўся ў дзверы, якія расчыняліся – і наперадзе зыркім святлом, насычаным сонцам і блакітам адкрывалася акно. Так, што балела вачам, і толькі праз колькі імгненняў за сталом паўстала постаць, яна яснела і вось ён – мужчына гадоў сарака, трохі стомлены, твар мысліўцы і чыноўніка.
– Мацвей Генрыхавіч Хрысцік, правільна? Сядайце, – ён спытаў-удакладніў добразычліва, сесці прапанаваў дзяжурна-ветліва. – Я следчы, мне даручана весці вашу справу… Вось пратакол затрымання і вынятку ў вас лістовак – усяго ў колькасці 217 штук. Тэкст на лістоўках мае выразны экстрэмісцкі складнік: тут прамы заклік не прызнаваць вынікі выбараў, выходзіць на вуліцы, выказваючы пратэсты… Што скажаце?
Ён узняў галаву і паглядзеў у вочы Мацвею – позіркам халодным і цэпкім. Не міргаючы глядзеў, усё роўна як закочваў у Мацвея трывогу і страх, бяссілле, і Мацвей, яшчэ хвіліну назад амаль спакойны, прамямліў, ледзьве здолеўшы перамагчы сваё нечаканае заіканне:
– Я… н-не ведаю. Не м-магу сказаць, адкуль яны там узяліся. Там быў мой нататнік, вельмі важны для мяне, я туды запісваў розныя ідэі для сваёй будучай навуковай работы, я – магістрант…
– Ты – ніхто! – раптам зароў следчы. – Нам вырашаць, кім ты будзеш! Ты можаш выйсці адсюль чалавекам, а можаш – дэбілам заікастым! За паўгода ў камеры з цябе зробяць разумовага інваліда! Адказвай! Хто даў лістоўкі? Імёны і прозвішчы, нумары тэлефонаў, колькі плацілі! Хутка і не мямлі!
Гэта была памылка следчага. Ён не ведаў матэматычна-лагічнай натуры Мацвея. Ад самага маленства ён вызначыўся упартасцю, якую нельга была зламаць прымусам ці загадам, крыкам ці лаянкай. “Мый рукі да яды!” – загадвала яму маці, і ён застываў над кранам з вадой, пакуль не чуў пра неабходнасць такой дзеі: брудныя рукі – забаліць жывот. “Вучы ўрокі!” было пустым загадам, пакуль не патлумачылі дакладны ланцужок сувязяў выдатнай адзнакі з магчымасцю самастойнага жыцця і пэўнай волі. Матэматыка, якой ён літаральна захварэў з моманту адкрыцця для сябе вытворчай, інтэграла і дыферэнцыяла, аперыравала дакладнымі лічбамі. Мацвей быў матэматыкам, таму сусвет вакол яго мог існаваць толькі ў дакладных фактах, правераных лічбах, ясных пасылак і дакладных наступстваў. Мацвей ніколі не мог сказаць няпраўду. Гэта было для яго гэтак жа немагчыма, як і няправільна рашыць прасцейшае квадратнае ўраўненне і паверыць у тое, што рэзультат – слушны. Мацвей проста ігнараваў, не упускаў у сваё жыццё хлусню, як матэматыка не можа аперыраваць няпэўнымі дадзенымі. Ён мог без боязі адказаць – і ўсцяж адказваў на любое пытанне, якіх бы таямніц ягонага жыцця яно не тычылася, але ніколі не мог схлусіць. І таму не мог прыняць ціску над сабой, калі той ціск не мог існаваць з яго пункту гледзішча па прычыне лагічных прадпасылак. Ён адказвае шчыра і кажа праўду – чаму могуць быць пагрозы, бо ў іх няма ніякай неабходнасці, рэзультат запыту ўжо выкладзены!
Ён напачатку ўздрыгнуў ад непрадбачанага крыку, але ўмомант сцяўся ўвесь, наструніўся, кулакі і сківіцы сціснуліся, ён засоп.
– Я сказаў праўду! – вымавіў ён па слову, не адводзячы сваіх вачэй ад зрэнак следчага.
І следчы зразумеў усё. Але працягнуў усё яшчэ з пагрозай:
– Твае словы правяраюцца на раз-два. Зробім выгляд, што я табе паверыў. Ты думаў, што цябе чакае?
– А… што мяне можа чакаць? Я закон які парушыў?
– Хай я табе веру, але: ты думаеш, суд паверыць, што тыя матэрыялы, накіраваныя супраць канстытуцыйнай улады, з’явіліся ў тваім матрацы самі па сабе? – зноў мякка, быццам размаўляе з дзіцём, загаварыў следчы.
– Мяне будуць судзіць? За што?
– За захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання.
– Але ж я не збіраўся нічога распаўсюджваць! Я не знаю, адкуль у мяне тыя лістоўкі! – смялей запярэчыў Мацвей следчаму, адчуўшы спагаду да сябе. – Чаму мне не павераць? Я ж кажу праўду… – з лёгкай разгубленасцю паўтарыў, як мантру, Мацвей, бо ён і па-праўдзе не уяўляў: як можна не верыць таму, хто гаворыць праўду?
– Суд верыць фактам. Факты супраць цябе. А таксама суд ведае, што дзевяць з дзесяці падсудных імкнуцца ўнікнуць адказнасці, і ў большасці выпадкаў з лістоўкамі ўсе тлумачэнні слова ў слова паўтараюць тваё: “Я нічога пра іх не ведаю”, – дзяліўся досведам, бы з сябрам, следчы, дадаў са шкадаваннем: – Цябе чакае прысуд у выглядзе штрафу, да пяцідзесяці базавых. Ды страшна іншае: у магістратуры судзімага з артыкулам за процідзяржаўную дзейнасць трымаць не будуць – дзяржава не дурная вучыць сваіх ворагаў. Ты вылятаеш без права на узнаўленне. З унясеннем у чорныя спісы – шлях у навуку для цябе закрыты. Па вясне цябе чакае служба ў войску – даведаешся, што там не мёд. Вось такая твая будучыня…
– Але ж… Я не вінаваты, гэта… гэта не лагічна! Няма ніякіх доказаў…
– Вось доказ! – Рэзка выгукнуў следчы і ляпнуў па аркушу. – Тут – пра знойдзенае пры табе у тваім матрацы. Якія яшчэ пытанні?
Мацвей маўчаў.
Следчы ўстаў з-за стала, падышоў да акна, павярнуўся спінай да Мацвея. Нейкі час ён маўчаў задуменна, не пазіраў на Мацвея. Потым гукнуў:
– Падыдзі сюды.
Мацвей разгублена узняўся са стула, зрабіў крок.
– Падыходзь да акна, паглядзі…
За акном была вуліца. Самая звычайная, ужо вясенняя, сонечная. Святлафоры бязгучна рэгулявалі сваімі пукатымі вачамі плыні людзей і аўтамабіляў.
– О, там пабач, на тым баку! – нечакана ўзрушана сказаў следчы, нават паказаў рукой. – Бачыш – жанчына пайшла на чырвонае святло… Бач, апомнілася, спынілася, павярнула назад. Так у жыцці заўсёды – ёсць правілы. Можаш парушыць – і трапіць пад колы. Вядома, кожны некалі робіць памылковы крок. Але кожнаму даецца шанс вярнуцца назад… Сядзь на месца.