Але такая гаворка яўна надакучыла Марго, і яна выгукнуўшы: “Потым паразмаўляем!”, лянотна пацягвала праз саломінку кактэйль і без асаблівай цікавасці азірала залу ў рознакаляровых сполахах святла. Па ўсім, ёй было не вельмі весела, і Мацвей адчуваў сябе вінаватым. Пасля таго, як Марго двойчы адмовілася ісці танчыць, ён ёрзаў на сваім стуле, раўніва зіркаючы на дужых дзецюкоў, што раз-пораз праціскаліся да барнай стойкі акурат паўз высока аголеных кароткай спадніцай ног Марго, не прамінуўшы кінуць зацікаўлены позірк на іх і на гаспадыню. То калі Марго, дапіўшы напой, нахілілася да яго і пракрычала: “Хадзем!”, Мацвей адчуў палёгку.
– Ну, расказвай, што ты новага накапаў пра сваіх дзядоў? – запыталася Марго, апынуўшыся на вечаровай вуліцы.
– Прабач… Не паспеў як след, – прамармытаў Мацвей. Яго трошкі злавала упартасць Марго ў пытанні яго спадчыннікаў: чаму яны так важныя ёй? Раней ён баяўся выказаць услых гэтую думку, цяпер жа, трошкі разняволены порцыяй алкаголю мозг загадваў супраціўляцца поўнаўладдзю над ім дзяўчыны. І Мацвей выказаўся: – Я не разумею ўвогуле, навошта гэта ведаць? Мінулае – гэта пыл, гэта мярцвячына, ад яго трэба абтрасацца і рухацца наперад. Што мне дало веданне пра дзеда, які ўсё жыццё прарабіў у нарыхтоўчай канторы, спачатку рахункаводам, потым – загадчыкам? А бабуля – бухгалтарам у спажывецкім таварыстве?
– Бо ты – малы дурань, які яшчэ не раскрыў вочы на патрэбныя рэчы, – паблажліва заўважыла на гэта Марго. – Падобнае цягнецца да падобнага, Твая бабуля пайшла замуж не за нейкага дворніка – яна абрала для сваіх дзяцей бацьку з кагорты таго ўзроўню, на якім знаходзілася сама. Так урэшце нараджаецца і эліта.
– Вось як, эліта… – з жалем уздыхнуў Мацвей. – Выходзіць, я туды не цягну са сваім радаводам?
– Якраз цягнеш, – глянула на яго Марго, быццам толькі зараз ацэньваючы юнака. – У цябе ўжо ёсць зачаткі інтэлігентнасці, у будучым справа будзе паляпшацца, як не ажэнішся з якой калгасніцай.
– А што, інтэлігентным стаць нельга, ім неабходна нарадзіцца? – пад’юдзіў Мацвей, хоць гэта было рызыкоўна ў адносінах з Марго, але яна ажно прыпынілася ад той важнасці, якое пачула ў пытанні.
– Вось іменна! Нельга! Стаць – нельга! – казала Марго так пераканаўча і так упэўнена, усё роўна як сцвярджала, што Зямля круглая, а Месяц свеціцца адбітым святлом. – Інтэлігентнасць – справа пакаленняў, прытым, непарушных у сваёй сувязі! Выхаванне, навучанне плюс генетыка! Інтэлігент у нейкім дзясятым пакаленні, хоць змалку апынецца закінутым у любыя ўмовы, зможа ўсё адно захаваць у сабе гэтыя рысы высакародства. Ён бачны!
– Добра, згодзен. Але навошта? Сёння – навошта? Тут так усё змяшалася: учарашні крымінальны аўтарытэт робіцца бізнесменам-мецэнатам, шпана з раёна становіцца уладальнікам казіно і рэстарана. Яны сёння дыктуюць жыццём, хіба не?
– Аха-ха-ха, дурнічка! – шчыра рассмяялася Марго. – Гэта ўсё – вонкавасць, мішура. А розумам грамадства кіруюць іншыя. Інтэлігенты. Сапраўдная эліта грамадства, а не гэтая, якая на глянцавых вокладках часопісаў. То папса. Зразумела табе?
– Ды быццам так, – уздыхнуў са згодай Мацвей, але чорцік супярэчнасці ў ягонай галаве не збіраўся адпачываць: – Ды, шчыра кажу, Марго, не разумею я гэтых гульняў у эліту. Светам кіруе навука. Свет трымаецца на навуковым прагрэсе. І я не кажу пра тэхнічныя задачы, якія якраз навуцы сёння рашыць. Я кажу пра палітычныя тэхналогіі, якія распрацоўваюцца зыходзячы з аналізу, што можа даць толькі навука. І распрацоўваюцца яны па законах, адкрытых навукай…
– Вой, цябе вучыць і вучыць, – зірнула з сапраўднай скрухай у вочы хлопцу Марго. – Ты будзеш вучоным, будзеш! Але будзе той, хто пачне табе ставіць задачы для рашэння. Зразумеў, мілы магістрант?
Мацвей стаў ужо збірацца з думкамі, каб адказаць гожа – у яго было што адказаць, ён згадаў бы і фундаментальныя навукі, і выпадковыя адкрыцці. Яны ішлі сярэдзінай вуліцы, і хіба што асвятленне указвала на тое, што зараз не дзень, а позні вечар – уся прастора вакол поўнілася людзьмі, даносілася музыка як са шматлікіх бараў, так і наперадзе група музыкаў уладкавалася на тратуары і грала віскліва-бухаючае. Паветра было сумессю з пахаў дарагога парфуму, гарэлачнага перагару, кавы і смуроду з кальянных – несла ад сустрэчных людзей, з дзвярэй бараў.
Ён не паспеў адказаць – раптам перад імі ўзніклі двое. Мужчыны гадоў па сорак, апранутыя зусім не для тусовачных мясцін, нагадвалі чыноўнікаў сярэдняга звяна – з-за іх незалежнага трымання сябе на гэтай пярэстай вуліцы, што відавочна была для іх чужой.
– Адну хвіліну, прабачце… Мацвей Хрысцік?
Голас спакойны, нават ветлівы, але колькі ў ім ўлады пачулася! Ажно мурашкі пабеглі па Мацвеевай спіне гэтага тону, а можа, – ад прадчування.
– Так, я Мацвей…
– Вам трэба прайсці з намі…
І ўжо Марго апынулася ўбаку, адціснутая ветлівым, але жалезным плечуком, а Мацвей адчуў, як справа і злева ягоныя рукі ля локцяў захапілі моцныя абцугі пальцаў.
– Ды што такое? – хацеў абурыцца, але голас выдаў ягоны спалох – Мацвей адчуў пагрозу не быць збітым, а нечага больш значнага для сябе. Таму было ў яго голасе трошкі плаксівай просьбы.
Усё заняло нейкі адзін момант, ніхто з мінакоў і ўвагі не звярнуў, і Марго не паспела нічога зразумець. Яна і памкнулася была да Мацвея з ягонымі нечаканымі ахоўнікамі, але тут бы з пахаў вуліцы матэрыялізаваўся трэці, на гэтых двух падобны, спыніў яе і стаў ціха казаць. А ўжо прайшлі два ці тры крокі, Мацвей намогся быў спыніцца, азірнуцца назад і крыкнуць ёй, але з абодвух бакоў рукі яго цісканулі моцна, ажно да болю і злева ў вуха пачуўся кароткі, як стрэл, шэпт:
– КДБ. Ціха!
І гэты шэпт, надзіва, супакоіў Мацвея. Гэта не нейкія гопнікі, КДБ – сур’ёзная арганізацыя, можа, самая сур’ёзная з усіх, дык яму, Мацвею, няма чаго хвалявацца. Ён ім трэба – што ж, ён гатовы адказаць на іх пытанні, бо паважае гэтую службу. Ён ажно выдыхнуў, расслабіўся, пайшоў спакойна, імкнучыся патрапіць у крок сваім “ахоўнікам”.
Падышлі да машыны, селі на задняе сядзенне. Ніхто не сказаў ні слова, машына кранулася з месца.
– Мацвей Хрысцік, магістрант, пражываеце на Кульмана?.. – гучна спытаў той, што сядзеў спераду, правільней, не спытаў, а запатрабаваў пацвярджэння сваім словам.
– Так, Хрысцік, магістрант, – спакойна адказаў Мацвей. – Прабачце, а што здарылася?
– Даведаешся, – холадна тыкнуў у адказ гэты спераду і Мацвей адчуў кволы халадок у жываце.
Але ён быў спакойны да таго моманту, пакуль не дайшлі да ягонага пакоя ў інтэрнаце. Праўда, непрыемна было бачыць перапалоханы твар вахцёркі. І зусім прыкра было уяўляць сябе збоку: яго вялі, не сам ён ішоў, трымалі яго. Як… арыштанта.
Ля свайго пакоя мозг Мацвея ліхаманкава запрацаваў, спрабуючы падабраць магчымы варыянт развіцця падзей і пошукаў галоўнай прычыны: навошта гэта ўсё? Зайшлі ў пакой, сужывец-першакурснік нейкім невядомым чуццём адчуў, што перад ім – людзі без жартаў, падскочыў і стаяў на выцяжку, не варухнуўся за ўвесь час.
Зайшлі ўсё чацвёра – Мацвей і трое мужчын, у пакойчыку стала цесна і няўтульна.
– Дзе твой ложак? – спытаўся той, які сядзеў спераду. Мацвея цяпер ужо разанула ягонае “тыканне”. Ён паказаў кіўком галавы:
– Вось…
– Прапаную аддаць самому. Ну?
– Што… аддаць? – неўдавана здзівіўся Мацвей. Раптам яму уявілася – на імгненне адно – што ў ягоным вялікім блакноце сярод тых накідаў ідэй ёсць нейкая такая важная, такая грандыёзная, выключная для свету і міру, што з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай! Але… гэтыя людзі не могуць ведаць пра ягоны нататнік, у якім яшчэ ў канцы запісаны тры нязграбныя вершы, прысвечаныя Марго…
Яму не задавалі больш пытанняў – гэтыя занятыя людзі, мабыць жа, спяшаліся, у іх на сёння было яшчэ безліч важных і пільных спраў, а тут марнуй час з гэтым магістрантам… Таму адзін падышоў і рэзкім рухам адгарнуў коўдру, падушку адкінуў, сцягнуў прасціну, памацаў у адным, другім месцы, захапіў край матраца, перавярнуў яго…