На вочы ёй спадалi валасы, яна смяялася. Я ўскараскаўся на бакен i лёг побач. Было вельмi хораша. Нiбы жартам, я адкiнуў галаву назад i палажыў яе Мары на жывот. Яна нiчога не сказала, i я застаўся ляжаць. Перад вачыма ў мяне было ўсё неба, яно было блакiтнае i залачонае сонцам. Патылiцай я адчуваў, як жывот у Мары мякка пульсуе. Мы яшчэ доўга ляжалi на бакене, у салодкай дрымоце. Калi сонца пачало занадта пячы, Мары скочыла ў ваду, i я за ёй. Я дагнаў яе, абняў рукою за талiю, i мы паплылi разам. Яна ўвесь час смяялася. На пляжы, пакуль мы сохлi, яна сказала:
- Я загарэла болей за вас.
Я запытаўся, цi хоча яна ўвечары схадзiць у кiно. Яна зноў засмяялася i сказала, што было б няблага паглядзець якi-небудзь фiльм з Фернандэлем. Мы апранулiся. Яна вельмi здзiвiлася, калi ўбачыла на мне чорны гальштук, i спытала, цi ж то я не ў жалобе? Я сказаў, што ў мяне памерла мама. Яна пацiкавiлася - калi, i я адказаў:
- Учора пахавалi.
Яна крыху адхiснулася, але нiчога не сказала. Мне захацелася сказаць ёй, што я не вiнаваты, але я змаўчаў, бо ўспомнiў, што ўжо казаў гэта аднойчы патрону. Увогуле, гэта не мела нiякага сэнсу. Чалавек заўсёды ў нечым трошкi вiнаваты.
Увечары Мары пра ўсё забыла. Фiльм быў часам забаўны, часам зусiм нейкi бязглузды. Мары падсунула сваю нагу да маёй. Я лашчыў яе грудзi i пад канец сеанса пацалаваў, але атрымалася неяк няўдала. Пасля кiно яна пайшла да мяне.
Калi я прачнуўся, Мары ўжо не было. Яна казала, што павiнна iсцi да цёткi. Я падумаў, што сёння нядзеля, i мне зрабiлася сумна: нядзелю я не люблю. Тады я перавярнуўся на ложку i, уторкнуўшыся ў падушку носам, адчуў пах марской солi, пакiнуты валасамi Мары. Я зноў заснуў i праспаў да дзесяцi гадзiн. Потым да паўдня валяўся ў ложку i палiў цыгарэты. Iсцi снедаць да Селеста, як гэта я рабiў звычайна, не хацелася. Яны там, вядома, пачнуць прыставаць да мяне з роспытамi, а я гэтага не люблю. Падсмажыў сабе яечню i з'еў проста з патэльнi, без хлеба, бо хлеб скончыўся, а iсцi ў лаўку не хацелася.
Пасля снедання - проста бадзяўся па кватэры. Было трошкi нудна. Калi мы жылi з мамай, у нас было ўтульна. А пасля мне адному кватэра зрабiлася занадта вялiкая, i я мусiў перацягнуць абедзенны стол у спальню. Так цяпер i жыву ў адным гэтым пакоi. У мяне тут стаiць некалькi праседжаных плеценых крэслаў, шафа з пажоўклым люстрам, туалетны столiк i ложак з мядзянымi булавешкамi. Рэшта ўся занядбаная.
Каб нечым заняцца, узяў старую газету, пачытаў, пагартаў. Дзеля забавы выразаў рэкламу слабiцельнай солi "Крушэн". Наклеiў яе ў старым сшытку - я ў iм збiраю розныя пацешныя рэчы з газет. Потым вымыў рукi i выйшаў на балкон.
Вокны ў маёй спальнi выходзяць на галоўную вулiцу нашага прадмесця. Дзень быў пагодны. Але брук здаваўся чамусьцi сырым. Мiнакоў было мала, i ўсе яны некуды спяшалiся. Спачатку iшлi сем'i - на шпацыр. Наперадзе - два хлопчыкi ў марацкiх гарнiтурчыках з кароткiмi штонiкамi крыху нiжэй каленяў (iм, вiдаць, было вельмi нязручна ў занадта накрухмаленай вопратцы) i дзяўчо з вялiзным ружовым бантам i ў чорных лакiраваных пантофлiках. Ззаду - дзябёлая, неабсяжная мацi ў каштанавай ядвабнай сукенцы i маленькi недалужны мужычок iх бацька, якога я, дарэчы, ведаў у твар. На iм быў пляскаты саламяны капялюш, на шыi - гальштук матыльком, у руцэ - кiёк. Калi я ўбачыў яго побач з жонкай, я адразу зразумеў, чаму ён, як кажуць у нашым квартале, такi далiкатны i выхаваны.
Крыху пазней пайшла наша тутэйшая моладзь - валасы спырснутыя лакам, чырвоны гальштук, шчыгульны, па талii пiнжак, у кiшэньцы - вышываная насоўка i модныя тупаносыя чаравiкi на нагах. Я падумаў, што яны, пэўна, сабралiся ў кiно, куды-небудзь у цэнтр. Таму i выбралiся гэтак рана i цяпер бягуць з рогатам на трамвай.
Пасля iх вулiца патроху апусцела. Сеансы i вiдовiшчы, значыць, ужо пачалiся.