Мы доўга сядзелi моўчкi. Дырэктар падняўся i зiрнуў у акно. Потым ён некага там заўважыў i сказаў:
- Ну вось, з Марэнга ўжо прыйшоў свяшчэннiк. Нешта ён рана.
Дырэктар папярэдзiў, што пешкi давядзецца iсцi хвiлiн сорак пяць тутэйшая царква аж у самай вёсцы. Мы выйшлi на двор. Каля трупярнi стаяў свяшчэннiк i два хлопчыкi з хораў. Адзiн з iх трымаў у руцэ кадзiла, а свяшчэннiк, схiлiўшыся над iм, раўняў даўжыню срэбных ланцужкоў. Калi мы падышлi, свяшчэннiк выпрастаўся. Ён назваў мяне "сын мой" i сказаў яшчэ некалькi слоў. Потым ён зайшоў у трупярню, я рушыў за iм.
Я адразу заўважыў, што шрубы на труне ўжо закручаныя i ў пакоi стаяць чатыры мужчыны ў чорным. Дырэктар сказаў, што катафалк чакае на дарозе. Свяшчэннiк пачаў чытаць малiтвы. З гэтай хвiлiны ўсё пайшло вельмi хутка. Людзi падышлi да труны, захiнулi яе покрывам. Свяшчэннiк, служкi i я з дырэктарам - выйшлi. Каля дзвярэй стаяла нейкая незнаёмая жанчына. Дырэктар мяне назваў: "Пан Мёрсо". Iмя жанчыны я не пачуў i толькi зразумеў, што гэта i ёсць санiтарка. Без нiякай усмешкi яна прыхiлiла доўгi кашчавы твар. Потым мы расступiлiся, каб даць вынесцi цела, i рушылi следам за труной. За брамай стаяў катафалк. Ён быў доўгi, лакiраваны i блiскучы i нагадваў вучнёўскi пенал. Побач з катафалкам стаяў распараднiк працэсii - карантыш у дзiвотным адзеннi - i нейкi дзядок ненатуральнага выгляду. Я зразумеў, што гэта Перэс. На iм быў фетравы капялюш з круглым верхам i шырокiм брылём (ён зняў яго, калi труну вынеслi з брамы), гарнiтур з закручанымi вакол ног калашынамi нагавiцаў, якiя маршчынiлiся над чаравiкамi, i чорны, завязаны вузлом гальштук, якi глядзеўся занадта маленькiм пад шырокiм каўнерам яго белай кашулi. Вусны старога дрыжалi пад навiслым, з чорнымi кропкамi носам. З-пад сiвых, вельмi тонкiх валасоў тырчалi дзiўныя - вялыя i бясформенныя вушы, мяне ўразiў iх крывава-чырвоны колер, якi нiяк не клаўся да змярцвела-бледнага твару. Распараднiк паказаў, дзе хто павiнен iсцi. Спачатку свяшчэннiк, потым катафалк. Абапал, па рагах, чатыры мужчыны. Ззаду - мы з дырэктарам, i ў канцы працэсii - санiтарка i Перэс.
Неба было ўжо ўсё залiтае сонцам. Пачынала прыпякаць, i спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьцi чакалi. У цёмным гарнiтуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, вiдаць, перадумаў i зняў. Я трошкi павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама i Перэс часта гулялi тут увечары i часам даходзiлi аж да самай вёскi. З iмi хадзiла сядзелка. Я азiрнуўся вакол. За шэрагамi гонкiх, высокiх кiпарысаў, якiя ўзбягалi па ўзгорках пад самае неба, вiднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымi парасткамi зямля, сям-там стаялi рэдкiя, акуратныя хаткi. Я разумеў маму. Увечары гэты краявiд, напэўна, выклiкае цiхiя, сумныя думкi. А цяпер, калi паветра дрыжыць пад спякотнымi промнямi сонца, ён выглядае занадта жорстка i нават прыгнятае.
Мы рушылi. Толькi цяпер я заўважыў, што Перэс трошкi накульгвае. Катафалк патроху паехаў шпарчэй, i стары пачаў адставаць. Адзiн з мужчын, што iшлi абапал катафалка, адстаў таксама. Цяпер ён iшоў побач са мной. Мяне здзiвiла, што сонца падымаецца так хутка. I раптам я пачуў, як у палях сакочуць i гудуць насякомыя, шапацiць трава. Па шчоках у мяне цёк пот. Капелюша не было, i абмахвацца прыйшлося насоўкаю. Адзiн мужчына з пахавальнага бюро нешта сказаў мне, але я не пачуў. Трымаючы ў левай руцэ насоўку, ён выцiраў голы чэрап, а правай крыху ўздымаў картуз. Я папытаўся:
- Што вы кажаце?
Ён паўтарыў, паказваючы на неба:
- Пячэ.
- Але, - сказаў я.
Трошкi пазней ён запытаўся:
- Хто ў вас памёр? Мацi?
- Мацi, - зноў сказаў я.
- Старая была?
Я адказаў:
- Не вельмi. - Я добра не ведаў, колькi маме год.
Тады ён змоўк. Я павярнуўся i ўбачыў, што стары Перэс iдзе далёка ззаду, метраў за пяцьдзесят ад нас.