Тады, не азiраючыся на мяне, ён адказаў, ледзь стрымлiваючы гнеў: "Калi ўжо ён здохне!" I пайшоў, цягнучы за сабой сабаку, якi скавытаў i ўпiраўся ўсiмi чатырма лапамi.
Якраз у гэту хвiлiну зайшоў другi мой сусед па лесвiчнай пляцоўцы. У квартале кажуць, што ён жыве за кошт жанчын. Аднак, калi ў яго пытаюцца пра прафесiю, ён называе сябе кладаўшчыком. Увогуле, яго не надта шануюць. Але са мной ён гутарыць даволi часта i нават калi-нiкалi заходзiць пасядзець на хвiлiнку - бо я заўсёды гатовы яго паслухаць. Па-мойму, тое, што ён кажа, цiкава. Дый зрэшты, у мяне няма нiякiх прычын не размаўляць з iм. Яго завуць Раймон Сэнтэс. Ростам ён не высокi, але плячысты i мае баксёрскi нос. Апранаецца заўсёды прыстойна. Гаворачы пра Саламано, ён таксама сказаў мне: "Ну цi ж не няшчасны тып!" I запытаўся, цi не прыкра мне глядзець на ўсё гэта, але я адказаў, што не. Мы паднялiся па лесвiцы, i я ўжо хацеў развiтацца, калi ён сказаў:
- У мяне ёсць крывянка i трошкi вiна. Можа, раздзелiце вячэру са мной?..
Я падумаў, што тады мне не трэба будзе нiчога гатаваць, i згадзiўся. Кватэра ў яго таксама маленькая - адзiн пакой, як у Саламано, ды кухня без акна. Над ложкам - бела-ружовы гiпсавы анёл, фатаграфii нейкiх чэмпiёнаў i дзве цi тры голыя жанчыны. У пакоi было брудна, ложак не прыбраны. Раймон адразу запалiў газнiцу, потым выцягнуў з кiшэнi даволi падазронай чысцiнi бiнт i пачаў перавязваць правую руку. Я запытаўся, што гэта ў яго. Ён адказаў, што нядаўна пабiўся з адным тыпам, якi не дае яму праходу.
- Вы ж разумееце, пане Мёрсо, - сказаў ён, - я чалавек не зласлiвы, але часам магу пагарачыцца. А гэты кажа: "Выходзь, маўляў, з трамвая, калi ты мужчына". Я кажу: "Супакойся". А ён кажа: "Ты, маўляў, не мужчына". Ну, выйшаў я i кажу: "Адчапiся лепш, бо зараз дам". А ён пытаецца: "Што гэта ты мне дасi?" Ну, тады ўжо я не стрымаўся ды даў разок. Ён павалiўся. Я хацеў яго падняць. А ён ляжыць ды нагамi мяне брыкае. Ну, тады я каленам яму - раз! ды пару разоў кулаком сунуў. Тут у яго юшка i паплыла. "Ну што, - кажу, задаволены цяпер?" - "Ага", - кажа.
Расказваючы ўсё гэта, Сэнтэс перавязваў руку. Я сядзеў на ложку. Потым ён сказаў:
- Вы ж бачыце, я да яго не чапляўся. Ён першы да мяне палез.
Я згадзiўся i сказаў, што так яно ўсё i было. Тады ён заявiў, што хоча параiцца са мной наконт адной справы, - я, маўляў, сапраўдны мужчына, ведаю жыццё i мог бы яму дапамагчы, а ён затое пасля будзе мне сябрам. Я нiчога не адказаў, i ён запытаўся, цi хачу я, каб ён быў маiм сябрам. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна, i яго, вiдаць, такi адказ задаволiў. Ён дастаў кiлбасу, падсмажыў яе на патэльнi, потым расставiў шклянкi, талеркi, прынёс нажы з вiдэльцамi i дзве бутэлькi вiна. Усё гэта ён рабiў моўчкi. Потым мы селi за стол, i ён пачаў расказваць мне сваю гiсторыю. Спачатку, праўда,трошкi муляўся.
- Была ў мяне адна знаёмая... ну, каханка, так сказаць...
Чалавек, з якiм ён пабiўся, быў брат той жанчыны. Сэнтэс сказаў, што яна жыла за яго грошы. Я змоўчаў. I тады ён прызнаўся, што ведае, якiя чуткi пра яго ходзяць у квартале, але сумленне ў яго чыстае - ён сапраўды працуе кладаўшчыком.
- Дык вось, пра гэту каханку, - сказаў ён. - Заўважыў я аднойчы, што нешта яна махлюе.
Ён даваў ёй акурат столькi грошай, каб iх ставала на жыццё. Сам плацiў за пакой, дзе яна жыла, i яшчэ кожны дзень выдаткаваў дваццаць франкаў на ежу.
- Трыста франкаў за пакой, шэсцьсот - за ежу ды часам яшчэ пару панчох ёй куплю - карацей, на месяц выходзiла тысяча франкаў. Паненка нават не працавала. А мне яшчэ скардзiлася - ёй гэтага, бач, у абрэз, за такiя грошы яна, маўляў, па-людску жыць не можа. Ну, я ёй кажу: "А чаму б табе хоць палову дня не працаваць? Пазбавiла б мяне ад усiх гэтых дробных выдаткаў. Я вунь табе i гарнiтур не так даўно купiў, i дваццаць франкаў штодня даю, за пакой табе плачу, а ты? Ты ж адно каву са сваiмi сяброўкамi можаш пiць.