Так прайшло некалькі тыдняў. Нават на працы я стаў думаць толькі пра яе, з нецярплівасцю чакаў канца змены, каб хутчэй бегчы дадому, а потым – у магазін.
Сёння на сэрцы горка i цяжка… Чacoпic, на вокладцы якога быў змешчаны фотаздымак прыгожай артысткі кіно, у кіёску нехта купіў.
Камерцыя
– Скачы! – яшчэ з парога крыкнула жонка. – Мне далі турысцкую пуцёўку ў Румынію! На дваіх. Хоць ты i не заслугоўваеш, але так i быць, вазьму… Паедзем на чатырнаццаць дзён. А то Соня Андрэйчыкава надта выхвалялася, што ездзіла са cваім, дык добра пагандлявалi.
Пакуль я афармляў дакументы, жонка лётала па крамах, выбірала тавар, які можна прадаць за мяжой, а на выручаныя грошы купіць такое, каб i самім фарсіць, i капейчыну якую агораць.
I вось, нарэшце, мы ў Румыніі!
Я заікнуўся быў наконт таго, каб наведаць музей, дык жонка такога ляманту нарабіла, што мясцовыя ахоўнікі парадку нават устрывожыліся. Давялося ўслед за жонкай цягнуцца на базар. А там тавараў – свет не бачыў! А людзей – яшчэ больш. Ну, не раўнуючы, як у тым Бабруйску! Жонка адразу ж схапіла ў нейкай маладзіцы джынсы. Для мяне.
– Пачакай, – запярэчыў я. – Яны ж надта пацёртыя…
– Нічога ты не разумееш! Кладзі ўсё ў мех – дома разгледзім!
Адным словам, два тыдні правялі мы на базары. Награблі столькі розных трантаў, што на тры добрыя сям’і хапіла б.
– Навошта нам столькі, ды яшчэ паношанае?! – не сцярпеў я, ледзь цягнучы cyмкi да цягніка.
– Купілі – не згубілі! – павучальна сказала жонка.
…Праз некалькі дзён я выйшаў на працу ў джынсах i кашулі, якія купіў у Румыніі. У канцы дня, загадкава ўсміхаючыся, да мяне падышоў наш вадзіцель Васіль Андрэйчыкаў:
– Слухай, Эдзік, ты дзе гэтыя абноўкі набыў?
– У Румыніі. На базары, – задаволена адказаў я.
– Няужо?.. – здзівіўся Васіль. – Гэта ж мае неданошаныя рэчы, жонка прадала на польскім базары.
Курыная хвароба
– Пашанцавала Івану на цешчу! – не раз захапляліся знаёмыя.
Як паедзе ў вёску – абавязкова прывязе курыцу. I сам «пад мухай»!
I вось аднойчы запрасіў мяне Іван дапамагчы пабудаваць лазню ў цешчы. Прыехалі ў вёску. Цешча яечню на стол i пляшку беленькай уласнай вытворчасці. Налілі, выпілі па адной, закусваем. Раптам Іван цішком ад цешчы налівае ў шклянку «першака» i выбягае на двор. Я – следам, быццам па патрэбе. Гляджу – Іван лье самагонку ў міску, адкуль куры ваду п’юць. Выліў, шклянку ў рукаў – і назад за стол. Падміргнуў мне i давай закусваць. Пайшлі мы будаваць лазню. Праз нейкі час чуем крык цешчы:
– Ванечка, зноў куры захварэлі. Аж тры. Паглядзі, як качаюцца. Рэж хутчэй, каб не акалелі!
Ваня за нож i наперад. Лоўкім, натрэніраваным рухам зрабіў «мокрую справу». Цешча панесла птушак апрацоўваць.
Назаўтра, калі мы вярталіся дадому, у нашых торбах ляжала па курыцы, а трэцяй мы закусілі перад дарогай…
Візіт да ўнука
– Глядзі ж, не лаві варон, – папярэдзіла мяне жонка, адпраўляючы ў госці. – Ты ж ведаеш, што цяпер жулік на жуліку едзе i жулікам паганяе. А ты, да таго ж, такі рассеяны.
Я яшчэ раз намацаў у кішэні тоўсты кашалёк, у які мы ўціснулі ўсе нашы мільёны. Ехаў я ў Брэст, да ўнука. Прайшло амаль паўгода, як ён з’явіўся на свет, а мне ўсё не выпадала з’ездзіць.
Калі крануўся цягнік, я абвёў позіркам пасажыраў, якія exaлi ca мной у адным купэ. Здаецца, нікога падазронага. Але, як той казаў, беражонага Бог беражэ. Неўпрыкмет дастаў свой кашалёк i сунуў пад прасціну ў сябе пад бокам. Дарога была далёкая, таму я рашыў, не трацячы дарэмна часу, хоць адпачыць ды выспацца ўволю.
Прачнуўся я тады, калі цягнік прыбыў да перона ў Брэсце. Усе пасажыры замітусіліся. Падхапіўся i я, бо правадніца стала бурчаць, што доўга корпаемся, а ёй, бачыце, яшчэ ўборку трэба рабіць у вагоне.
Схапіўшы клункі, я кінуўся да выхаду. На пероне ўбачыў сына з нявесткай i ўнукам у калясцы. Радасці маёй не было канца.
Накіраваліся на кватэру. I тут, разбіраючы свае торбы, я ўспомніў пра грошы! Божухна! Што ж я нарабіў!..
Разам з сынам мы паімчалi на вакзал. Цягнік, на якім я прыехаў, ужо загналі далёка ў тупік. Мы – туды. Знайшлі патрэбны вагон. Ускочылі – а там ужо няма бялізны! Хоць ты валасы на сабе pвi ад роспачы!
Кінуўся да правадніцы, тая як абухом па галаве: «А мы ўжо ўсю бялізну здалі ў пральню».
Я схапіўся за сэрца, а сын, малайчына, не дарэмна ж інжынер-камп’ютаршчык, гаворыць:
– Давай, бацька, у матрацах пашукаем.
Перабралі мы гару матрацаў, i ў адным з ix унутры ляжаў мой кашалёк! Значыць, я па няўважлівасці засунуў яго не пад прасціну, а ў матрац.
А ў гэты час мая жонка пазваніла на кватэру сына, каб даведацца, як я дабраўся. Нявестка ёй i кажа: «Пабеглі нечага на вакзал!»
А жонка перабівае: «Я так i ведала, што згубіць грошы, недарэка!»
Дзелавыя людзі
Калгасны механізатар Амяллян Муравушкін заўважыў, што пара ўжо касіць сеяныя травы. Падышоў да брыгадзіра Беразняцкага:
– Васіль Пятровіч! Сенажаць па пояс, здаецца мне, што трэба касіць.
– Добра, Амяллян, далажу аграному.
Малады аграном Пятрусь Захарчыкаў адразу ж паімчаў да старшыні калгаса.
– Mixaіл Максімавіч! Па-мойму, трэба пачынаць сенакос у першай брыгадзе.
– Пачакай, даражэнькі, параюся з РАПА, – крыху астудзіў яго старшыня i пазваніў у раён.
Старшыні РАПА на месцы не было, а яго намеснік паабяцаў даць адказ заўтра, бо Парфен Парфенавіч у камандзіроўцы.
Калі ж вярнуўся старшыня РАПА, яго намеснік тут жа ўнёс прапанову:
– Лічу, Парфен Парфенавіч, што пара пачынаць сенакос у першай брыгадзе калгаса «Перадавік»!
– Пачынайце! – згадзіўся Парфен Парфенавіч, а сам падумаў: «Глядзі ты, а казалі, мой намеснік нічога не шурупіць… А ён жа i прапанову дзелавую ўнёс і ведае нават дакладны адрас, дзе трэба пачынаць…»
– Малайчына, Mixaiл Максімавіч! – гаварыў неўзабаве намеснік старшыні РАПА старшыні калгаса. – Парфен Парфенавіч адобрыў вашу ініцыятыву.
«Малады, а башкавіты!» – думаў старшыня калгаса, аддаючы распараджэнне аграному Петрусю Захарчыку пачынаць касьбу.
– Можна касіць! – сказаў неўзабаве аграном брыгадзіру, у душы зайздросцячы, што той такі дзелавы, сапраўдны гаспадар.
Брыгадзір жа выклікаў да сябе Амялляна Муравушкіна:
– Так, паступіла ўказанне з раёна – пачынаць касьбу. Хуценька чапляй касілку i адпраўляйся на поле!
Скарачэнне штатаў
– Так, – бадзёра пачаў дырэктар, – сёння мы павінны разгледзець тэрміновае i вельмі важнае пытанне: падабраць кандыдатуры для плануемага скарачэння штатаў. У каго будуць прапановы?
– Я лічу, што падыходзіць Семчанка, – узяў слова Іван Іванавіч, намеснік дырэктара, які прыйшоў у інстытут нядаўна. – Які з яго вучоны! Больш дваццаці год працуе над кандыдацкай, а вынікаў – нуль…
– Наадварот! – перапыніў яго дырэктар. – Яму уласціва творчае гарэнне, апантанасць, нарэшце вернасць мэце!
– Семчанка – стрыечны брат дырэктара, – шапнуў Івану Іванавічу вучоны сакратар.
– У такім разе давайце пазбавімся ад Алены Паўлаўны – старшага рэферэнта па інфармацыі, – увайшоў у азарт Іван Іванавіч. – Усё роўна ад яе ніякай карысці, толькі плёткі разносіць…
– Э, не, даражэнькі! – падскочыў дырэктар. – Без навукова-тэхнічнай інфармацыі нам i кроку не зрабіць наперад!
– Гэта ж сястра жонкі дырэктара, – шапнуў Івану Іванавічу вучоны сакратар.
– А можа, мне ўзяць на свае плечы большы цяжар, – прапанаваў раптам дырэктар, намякаючы на скарачэнне свайго намесніка.
– Xiбa вы забыліся, як Іван Іванавіч трапіў да нас? – шапнуў дырэктару вучоны сакратар.
– А ўвогуле, таварышы, спяшацца не будзем, – спыніў нараду дырэктар, – магчыма, i на гэты раз неяк абыдзецца.
«Накрылі»
Да трэцяга паверха Альжбета дабегла больш-менш спакойна. A на чацвёртым дыханне перахапіла, затахкала сэрца, ногі сталі як ватныя. «Гэта ж трэба, – пранеслася думка, – так хвалююся!»
Вось i пакой нумар 469, у якім жыве яе Пятрок. Ужо два тыдні, як ён адпачывае ў санаторыі. I ўвесь гэты час на сэрцы ў Альжбеты неспакойна: ведае Петракову памаўзлівасць да кабет. I сны нейкія пачварныя aпошнім часам ёй сняцца. Таму i рашыла наскочыць знячэўку: во будзе, калі раптам якую кралю застукае ў пакoi з Петраком! Хай пакруціцца, як уюн на патэльні!