Сліва Міхась - На дняпроўскім лузе стр 7.

Шрифт
Фон

– Як гэта? – здзівіўся Сымон Вітальевіч. Ён добра ведаў, што да пенсіі шэфу яшчэ «грукаць» шэсць гадоў і калі перавядуць на іншую працу, то цяжка яму давядзецца, бо, як кажуць у народзе, языком мянташыць – не мяхі цягаць… – Адам Пятровіч! Што вы кажаце? Някіх жа дакументаў на гэты конт апошнім часам не прымалася, я строга сачу…

– Што? – зніякавеў дырэктар. – Няўжо мяне ашукалі?

– А хто вам сказаў пра гэтае новаўвядзенне?

– Ды знаёмы з суседняга санаторыя, калі 1 красавіка «бралі чарку» з жанчынамі перад танцамі. Кампанія, скажу табе, сабралася – пальчыкі абліжаш, не да газет ды радыё было… А ён, нягоднік той, пажартаваў, значыць. Каб яму!.. Згарэла мая пуцёўка! – ажно пабялеў твар у Адама Пятровіча. Ён расшпіліў каўнер у сарочцы і ў роспачы выскачыў з кабінета…

Ажаніцца – не журыцца…

(З дзённіка маладога мужчыны)

Раніцай устаў, пагаліўся, памыўся, заварыў сабе чаю, зрабіў бутэрброды.

На працы дзень прайшоў хутка і весела, паабедалі з калегамі ў сваёй фірменнай сталоўцы. Вяртаючыся дадому, зайшоў у гастраном, купіў сёе-тое на вячэру.

Занёс у пральню бялізну. Глядзеў крыху тэлевізар, а потым засеў за камп’ютар.

Пазваніла маці. Вельмі непакоіцца: як цяжка мне жыць аднаму, нежанатаму. Усё даводзіцца рабіць самому. І можа ў соты раз параіла хутчэй ажаніцца.

* * *

Уступіў настойлівым просьбам і патрабаванням маці – ажаніўся. Для родных і блізкіх радасць: ёсць цяпер у мяне надзейны «тыл», не буду, як раней, адзін гараваць…

* * *

Раніцай, пакуль галіўся і мыўся, закіпела вада ў чайніку. Прыгатаваў каву і бутэрброды на дваіх з жонкай. Па дарозе на працу занёс у кантэйнер пакет смецця, якое ўчора па просьбе жонкі сабраў у кватэры.

На працы дзень цягнуўся доўга: мучылі-вярэдзілі думкі-перажыванні, дзе ўзяць грошай на паліто і новыя боцікі для жонкі, бо не за гарамі зіма.

Вяртаючыся дадому, прастаяў у чэргах у краме больш як гадзіну, выконваючы жончын заказ на прадукты. Сама яна па вытворчай неабходнасці затрымліваецца на працы…

Вечарам вучыўся рабіць катлеты, затым мыў нашу бялізну і сваю кашулю. Лёг спаць позна, бо трэба было пісаць курсавую работу: жонка вучыцца завочна ў ВНУ.

Торт

Сёння з раніцы Яўгену трэба было зайсці ў дзве канторы, каб вырашыць свае гаспадарчыя праблемы. А тут яшчэ жонка напомніла:

– Глядзі ж, не забудзь пра торцік, ды нідзе не затрымлівайся!

«Так, – уздыхнуў Яўген, – давядзецца ж яшчэ ехаць з жонкай у другі канец горада, цешчу віншаваць з днём нараджэння…»

Каб не забыць і не трапіць у няміласць да жонкі, ён вырашыў адразу купіць торт, а потым заняцца сваімі пытаннямі. Тым больш што крама была па дарозе.

І вось з вялікім тортам (не паскупіўся для дарагой цешчы!) Яўген паімчаў па інстанцыях. Зайшоў у адзін з кабінетаў, а там дзве дзяўчыны працуюць. Убачыўшы ў руках у Яўгена торт, пераглянуліся, усміхнуліся і ў імгненне вока выдалі яму патрэбную даведку. Радасны Яўген горача падзякаваў, паклаў паперку ў кішэню, схапіў торт і пабег далей.

У наступнай арганізацыі яго сустрэла мілавідная жанчына сярэдняга веку. Яна здзіўлена паглядзела на торт, хацела нешта сказаць, а потым, відаць, перадумала. Бо адвяла ўбок вочы і махнула рукой. Яўген выклаў ёй сваю просьбу. Жанчына хуценька зрабіла неабходныя запісы і патлумачыла, што трэба яшчэ зайсці ў суседні кабінет, там усё ўзгадніць і паставіць пячатку.

У другім пакоі, куды зайшоў Яўген, за сталамі сядзелі некалькі чалавек. Свабоднага крэсла не было, таму торт ён паставіў на край аднаго са сталоў, аддаў паперы, каб заверылі пячаткай, і стаў расказваць пра свае клопаты. Справа, па якой ён звярнуўся, была складаная, тым не менш вырашылі яе тут хутка і ветліва. Шчаслівы Яўген схапіў паперы і паімчаў дадому.

…Толькі калі мінуў два аўтобусныя прыпынкі, спахапіўся: забыў торт на стале!

Кінуўся назад. Адчыніў дзверы – і разгубіўся: работнікі канторы, весела перамаўляючыся, дружна рэзалі і елі яго торт!

Яўген ціхенька зачыніў дзверы і ўсміхнуўся: дык вось чаму сёння яму так шанцавала!

Як упаляваць зайца…

Стары Цімох – знакаміты на ўсю ваколіцу паляўнічы. Бывала, ні адзін паляўнічы з іх вёскі і бліжэйшых не мог столькі ўпаляваць дзічыны, як ён. Узімку ні разу не вяртаўся з лесу без беляка.

Апошнім жа часам чамусьці Цімоху не шанцуе.

– Страціў ты, відаць, нюх, – жартуе яго жонка Марфа. – А можа, ты так дзе швэндаешся, стрэльбу толькі для прыліку носіш?

– Гэта ўсё экалогія вінавата, – апраўдваецца стары паляўнічы. – Дый браканьераў развялося больш, чым зайцоў!

Як бы там ні было, але зайчаціны даўно не елі за сталом у Цімоха.

І тут раптам пранеслася чутка: Верка, дачка Аксінні, што жыве на другім канцы іх вялікай вёскі, якая ўжо носіць назву аграгарадка, злавіла ў горадзе зайца.

«Вось табе і маеш, – зніякавеў Цімох. – Звычайная баба злавіла зайца. А я нават са стрэльбай рады не дам!» І так узяло Цімоха за жывое, што не вытрымаў: дачакаўся чарговай пенсіі і, ні слова не сказаўшы жонцы, паехаў у горад. Распытаў у суседзяў, дзе можна сустрэць Верку.

Завітаў да яе на працу – у аўтапарк. Спытаў у дыспетчара, назваўшы прозвішча – Назарава.

Неўзабаве да яго накіроўвалася высокая маладая дзяўчына з чырвонай павязкай на рукаве і з нейкімі паперамі ў руках.

– Слухаю вас, дзядуля!

– Дзень добры, зямлячка! Гэта ж я спецыяльна прыехаў, каб даведацца, дзе ты таго зайца злавіла. А то мне, бываламу паляўнічаму, сорамна, што ніяк не ўпалюю…

– Ой, дзядуля! – Нечакана рассмяялася дзяўчына. – Ды я гэтых «зайцоў» кожны дзень лаўлю, нават па некалькі ў кожным аўтобусе. Я ж кантралёрам працую…

Неспрыяльны дзень

У сваёй газеце мы завялі рубрыку, пад якой сталі змяшчаць інфармацыю аб тым, якія дні неспрыяльныя для здароўя. Гэта спадабалася шматлікім чытачам. І мы радаваліся, што прыносім карысць людзям.

Сёння ж з раніцы пазваніла незнаёмая жанчына:

– Вы прымушаеце мяне хвалявацца! Я буду скардзіцца!

– А што здарылася?

– Я не атрымала газету і не ведаю, які сёння дзень: спрыяльны ці неспрыяльны. Сяджу і пакутую, думаю, прымаць лякарства ці не…

– Прабачце, але ў тым, што вы не атрымалі газету, рэдакцыя невінаватая, – гаворым мы жанчыне. – Спытайце на пошце. А якое ў вас самаадчуванне?

– Добрае…

– Ну, дык радуйцеся жыццю, займайцеся справамі…

Праз некаторы час пазваніў нейкі дзядок. Як завуць, не сказаў. У яго – свая скарга:

– Вы, шаноўныя журналісты, няпраўду пішаце!

– Чаму ж? – захваляваліся мы.

– Вось напісалі ў газеце, што сёння – неспрыяльны дзень, а ў мяне цудоўнае самаадчуванне!

– Скажыце: «Слава Богу!» ды адпачывайце на здароўе!

– Дык як жа так: вы пішаце адно, а атрымліваецца другое! І наогул, адкуль вы ведаеце пра тое, што пішаце?

– Наконт прагнозаў усе звесткі ёсць у Інтэрнэце…

– Што мне ваш Інтэрнэт! Вы праўду пішыце! Калі дзень неспрыяльны, то чаму я гэтага не адчуваю?

– Таму што гэта ўплывае толькі на метэазалежных людзей…

– Але я таксама чытаю вашу газету! Буду скардзіцца!

– Ну вось і пацвердзіўся наш прагноз, – з горкай усмешкай сказаў галоўны рэдактар. – Дзень сапраўды неспрыяльны, ва ўсялякім разе, для нас.

Творчыя пакуты

(З дзённіка аднаго пісьменніка)

21 студзеня

Учора быў на сустрэчы з чытачамі гарадской бібліятэкі. У асноўным гэта былі рабочыя мясцовага завода. Я выступаў разам з паэтам Яўгенам Сінякрылавым. Ён быў у настроі, парадаваў усіх новымі вершамі. Я таксама не падвёў – расказаў пра свае творчыя планы. Не ўтрымаўся, каб не пахваліцца, што працую над апавяданнямі, адначасова думаю пра аповесць аб жыцці сучаснага рабочага класа.

8 лютага

На гэты раз сустрэча адбылася ў гімназіі. Малайцы, гімназісты! Задавалі шмат пытанняў аб маім жыцці і творчасці, цікавіліся, над чым я працую зараз.

Распавёў ім, што планую напісаць аповесць аб жыцці сучаснай моладзі.

16 лютага

Выдатна прайшла творчая сустрэча ў жаночым інтэрнаце. Дзяўчаты і маладыя жанчыны расказалі пра сваё жыццё-быццё, дапытваліся, ці жанаты я. Выказалі просьбу, каб я напісаў раман пра сямейныя адносіны ў наш няпросты час. Я не змог адмовіць у такой шчырай просьбе, паабяцаў напісаць, парадаваць чытачоў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора