Сліва Міхась - На дняпроўскім лузе стр 6.

Шрифт
Фон

Вось яно што, выратаваўся. Не паспеў усвядоміць усё, што здарылася, як нехта тыцкае мне ў твар вострым святлом ліхтарыка:

– У чым справа? Каго рабуюць?

Ды не рабуюць, тлумачаць нашы, а, маўляў, так і так.

Святло папаўзло па вагоне, міліцыянер кажа:

– Ды гэта спісаны вагон. Тут тупік! Дзе ж вы бачылі састаў? А станцыя – там, – паказвае направа ўдалечыню, дзе цьмяныя агні. – Вас бы, шаноўныя, – аштрафаваць! Але амністыя вам ад мяне. Сёння ж, як вы сказалі, ноч двух мужчынскіх святаў.

У каго пасля гэтага не адсохне язык, калі ён будзе на нашу міліцыю плявузгаць усялякае глупства? Міліцыянер, пасля нас суправаджаючы, строга сачыў, каб з намі больш нічога не здарылася… Сяржант нават ад пачастунку адмовіўся: служба… А на развітанне працытаваў, калі мы не ведалі, як яму аддзячыць: «Мая міліцыя мяне беражэ». Мы думалі, што сам датумкаў, але ён сказаў, што Маякоўскі: маўляў, бізнесмены, як вы ў школе і інстытутах вучыліся?..

Рукаў ад шэфавага паліто, як экспанат-доказ бяспрыкладнай адвагі і мужнасці Івана Мікітавіча, мы выставілі ў музеі фірмы «Перапрадай». А што, хай кліенты-пастаўшчыкі рознага замежнага ім непатрэбнага рыззя ведаюць, хто кіруе фірмай, і зайздросцяць нам.

Незвычайная хвароба

Іван Іванавіч Сініцын, начальнік нашай арганізацыі, нечакана захварэў. Дактары толькі рукамі разводзілі, не маглі паставіць дыягназ: тэмпературы няма, а галава і ўсё цела гарыць, кардыяграма выдатная, а сэрца – ледзь не выскачыць з грудзей…

У гэты час наш інжынер Антон Мяцёлкін быў прызнаны лепшым рацыяналізатарам у сістэме міністэрства, атрымаў салідную прэмію, стаў удзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Падзея для ўсяго калектыва прыемная і хвалюючая, вось толькі Іван Іванавіч з-за свайго недамагання не змог павіншаваць віноўніка радаснай падзеі.

Праз некаторы час Івана Іванавіча зноў прыхапіла хвароба. Гэта супала якраз з тым, што Змітрака Пятровіча, інжынера-планавіка нашай канторы, нечакана для кіраўніцтва запрасілі на працу ў міністэрства… Зноў урачы думалі-гадалі, шукалі прычыну нечаканага абвастрэння хваробы нашага шаноўнага Івана Іванавіча.

І калі ў трэці раз ён зноў захварэў, мы ўсе і без дактароў вызначылі дыягназ. Бо ў гэты час намеснік начальніка набыў новенькі «Мерседэс-600».

Нядаўна адзін наш калега выйграў у «Суперлато» трохпакаёвую кватэру ў сталіцы. Іван Іванавіч аб гэтым яшчэ не ведае. Мы не паведамляем яму, таму што баімся за яго жыццё…

Віртуальнае каханне

Артур, як i многія яго сябры-равеснікі, ацаніў перавагі навукова-тзхнічнага прагрэсу: не трэба бегчы на спатканне да дзяўчыны, каб сказаць ёй пяшчотныя словы, варта толькі націснуць на адпаведныя кнопкі на сотавым тэлефоне – i твая каханка атрымае пасланне. Артур стаў часта адпраўляць SMS-пасланні адной сваёй знаёмай, прывабнай і загадкавай Юліі. Нумар яе тэлефона ён даведаўся ад сябра.

І вось кожны вечар ідзе перапіска-тэлефанаванне.

– Ты мне вельмі падабаешся, Юленька! – піша на мабільніку дзяўчыны Артур, утульна ўладкаваўшыся на канапе перад тэлевізарам.

– Ты мне – таксама, – адказвае Юлія, націскаючы на кнопкі свайго мабільніка і адначасова займаючыся хатнімі справамі.

Праз некалькі тыдняў пасланні ідуць яшчэ больш пяшчотныя, страсныя, гарачыя.

– Я не магу без цябе, я згараю ад жадання!

– А ў мяне кружыцца галава ад уяўлення, як мне хораша з табой…

– Ты – мая, – ідзе праз некаторы час новае SMS-пасланне.

– Я заміраю ад слодычы! – ідзе адказ. – Ты – мой! У нас будзе цудоўны блакітнавокі хлопчык, назавём яго Ігарком! Ах…

Тэлефанаванне працягвалася яшчэ дзевяць месяцаў. І вось у адзін цёплы сонечны дзень Артур атрымаў на сваім мабільніку паведамленне:

– Любы мой Артур! Прыязджай тэрмінова на адрас: вуліца Садовая, дом 18. Я буду сустракаць цябе з нашым сынам! Ён вельмі падобны на цябе! Я – шчаслівая!..

Па прынцыпе «аднаго акна»

Васіль Пятровіч даўно ўжо збіраўся звярнуцца па дапамогу ў гэтую арганізацыю, але ўсё не было часу. Аднак далей цярпець было ўжо немагчыма, дый жонка, як кажуць, плеш пераела, таму сёння з раніцы ён адпрасіўся ў шэфа і паехаў у фірму па санітарна-тэхнічнаму абсталяванню жылых памяшканняў «Жывіце багата!» Тут, згодна рэкламе, рабілі ўсе магчымыя і немагчымыя аперацыі па рамонту і замене сантэхнікі на ўзроўні еўрастандартаў, прычым без валакіты, у сціслыя тэрміны.

Васіль Пятровіч паставіў свайго «Жыгуля» на пляцоўку побач з шыкоўнымі іншамаркамі і бадзёра накіраваўся ў кантору, над уваходам у якую вісеў кідкі плакат: «Мы працуем па прынцыпе «аднаго акна». Заглянуў у прыёмную дырэктара. Сімпатычная дзяўчына ў такой мініспаднічцы, што ў Васіля Пятровіча ажно дыханне перахапіла, ветліва сказала, выслухаўшы наведвальніка:

– Звяртайцеся да нашага майстра Ягора Мікалаевіча. Ён знаходзіцца ў восьмым кабінеце, гэта далей па калідоры.

Васіль Пятровіч рушыў туды. У кабінеце за сталом сядзеў малады мужчына і разгадваў сканворд. Незадаволена адарваўся ад свайго цікавага занятку і стаў слухаць наведвальніка, які пачаў выкладваць сваю просьбу пераабсталяваць сантэхніку на кухні і ў ванным пакоі. Выслухаўшы да канца, ён прамовіў:

– Ведаеце, з задавальненнем дапамог бы вам, але ў нас, як кажуць, вузкая спецыялізацыя. З вашай праблемай лепш звярнуцца да Анатоля Сідаравіча, а ён будзе заўтра…

Васіль Пятровіч ветліва развітаўся. На другі дзень ён яшчэ з раніцы прыехаў у кантору, стаў шукаць Анатоля Сідаравіча. Той, аказваецца, і сёння, як сказала сакратарка, будзе адсутнічаць, бо ўчора павёз жонку з дзецьмі да цешчы ў вёску і яшчэ не вярнуўся.

«Вось табе і маеш! – з прыкрасцю падумаў Васіль Пятровіч, накіроўваючыся ў суседні кабінет, да дырэктара фірмы. – Тут у іх дзейнічае прынцып «трох дзвярэй», а не «аднаго акна»…

Дырэктар, як высветлілася, паехаў на нейкую тэрміновую нараду.

– Зайдзіце лепш заўтра, – пяшчотным голасам параіла сакратарка.

На наступны дзень дырэктар, невысокі, кругленькі мужчына з пышнымі вусамі, быў на месцы. Уважліва выслухаў Васіля Пятровіча і расплыўся ва ўсмешцы:

– Не хвалюйцеся, даражэнькі, мы вашаму гору мігам дапаможам! Толькі давядзецца крыху пачакаць, бо адзіны майстар, які займаецца менавіта гэтай аперацыяй, паехаў сёння ў камандзіроўку на тыдзень.

– А як жа яго завуць? – пацікавіўся Васіль Пятровіч.

– Ягор Мікалаевіч, яго рабочы кабінет нумар восем…

«Згарэла» пуцёўка

Адам Пятровіч Зазубрын штогод адпачываў у санаторыі. Быў ён яшчэ добры мацак, на спортпляцоўку заглядваў, асабліва калі там было начальства, на здароўе не скардзіўся, але расслабіцца ў час адпачынку любіў…

Паехаў у прэстыжны санаторый Адам Пятровіч і на гэты раз. Падначаленыя яго таксама сталі пачуваць сябе крыху вальней: праца тая ж, нават лепш справы пайшлі, не чуеш скрыпучага голасу шэфа, не бачыш яго вечна пахмурнага позірку, незадаволенага выгляду незалежна ад таго, добра ты працуеш, ці дрэнна. Тыдзень у канторы панаваў цудоўны настрой. А на наступным, у сераду, усе супрацоўнікі, прыйшоўшы на працу, ахнулі: Адам Пятровіч сядзеў у сваім крэсле і заўзята гартаў нейкія дакументы.

– Што здарылася, Адам Пятровіч? – першым кінуўся да яго намеснік, Сымон Вітальевіч, які якраз сёння паабяцаў цешчы даць дырэктарскую машыну, каб з’ездзіць да сястры ў іншы горад. Цяпер давядзецца прасіць дазволу ў Адама Пятровіча або даваць «адбой» цешчы, за што, зразумела, будзе страшэнны наганяй ад жонкі.

Адам Пятровіч адарваў вочы ад папер, незадаволена прабурчаў:

– Гэта ж прыдумалі, д’яблы, новаўвядзенне: хто тры разы запар пабудзе ў санаторыі, таму аўтаматычна прызначаецца трэцяя група інваліднасці і адпраўляюць на лёгкую працу. А я ж восьмы раз запар адпачываю ў санаторыях, ды яшчэ ў якіх!.. Дык кінуў сваё лячэнне-адпачынак ды прымчаў за пяцьсот кіламетраў. Карацей кажучы, «згарэла» мая пуцёўка сінім полымем…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора